shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Асобы Салтук Алег

Салтук Алег Уладзіміравіч

Салтук Алег Уладзіміравіч нарадзіўся 25 жніўня 1946 года ў вёсцы Рыжэнькі Шумілінскага раёна ў сям’і патомных хлебаробаў, якая ў 1962 годзе пераехала на радзіму бацькі ў вёску Якаўкі Ушацкага раёна. Да школы бацька навучыў сына чытаць, а маці ў раннім дзяцінстве прывіла любоў да песні. Светлыя і добрыя ўспаміны засталіся ў паэта пра першага настаўніка Далуеўскай пачатковай школы Лявона Сцяпанавіча Скобава. У 1963 годзе А. Салтук скончыў Мішкавіцкую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне рускай мовы і літаратуры Магілёўскага педагагічнага інстытута імя Аркадзя Куляшова. Пасля заканчэння інстытута (1967) служыў у Савецкай Арміі. У 1969–73 гадах — адказны сакратар раённай газеты «Патрыёт» (г. п. Ушачы). 3 1974 года — уласны карэспандэнт абласной газеты «Віцебскі рабочы». 3 1980 года па 1999 год — сакратар Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Узнагароджаны медалямі.

Яшчэ ў школьныя гады А. Салтук дасылаў допісы ў раённую газету «Герой працы» (г. п. Шуміліна) і ў «Піянер Беларусі». Першы верш надрукаваў у 1965 годзе ў газеце «Магілёўская праўда» з адабрэння А.В. Пысіна, які быў яго першым літаратурным настаўнікам. Асноўныя матывы паэзіі А. Салтука — любоў да Радзімы, роднай зямлі, гераічная памяць беларускага народа, клопаты і трывогі нашых дзён, пачуцці сяброўства і кахання, няпростыя чалавечыя адносіны.

Аўтар зборнікаў паэзіі «Пачатак дня» (1974), «Працяг» (1977), «Святло зямлі» (1982), «На далонях жыцця» (1988), «Святло зямлі» — выбранае (1992), «Трывога лёсу» (1996), «Не разлюбі» (2003), «На вейцы веку» (2006).

У перакладзе на рускую мову друкаваўся ў калектыўных зборніках «Молодые поэты Белоруссии», «Истоки», «Слово по кругу», «Беларусь моя»; у часопісах «Наш современник», «Звезда Востока», «Дружба народов», «Польша», «Огонек», «Сузор’е», «Литературной газете».

Творы паэта перакладаліся таксама на ўкраінскую, польскую, балгарскую, нямецкую, асецінскую мовы. А. Салтук перакладае на беларускую мову вершы рускіх і ўкраінскіх паэтаў.

Лаўрэат літаратурных прэмій Ленінскага камсамола Віцебшчыны, імя Уладзіміра Караткевіча, часопіса «Маладосць», «Сузор’е муз».

Жыве ў Віцебску.