shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Геаграфія Ледавікоўе

Ледавікоўе

Першы, нараўскі ледавік (600 — 560 гадоў назад) ахапіў практычна ўсю Віцебскую вобласць. Хутчэй за ўсё, ляднік пераўтварыў, аднак не знішчыў асноўныя рысы даледніковага рэльефу. З раставаннем ледніка тут утварыліся на тэрыторыі вобласці азёры і даліны, куды сцякаліся асадкі, тут вырасталі хваёвыя і змешаныя лясы, балотна-лугавая расліннасць. Надышло першае белавежскае міжледнікоўе.

Другі, бярэзінскі ледавік (480 — 460 тыс. гадоў назад), захапіў усю тэрыторыю нашай вобласці. Ён выворваў зямлю, прыкметным вынікам гэтага і з’явіліся разнастайныя лагчыны. Пры адступленні ледніка ў александрыйскае леднікоўе на тэрыторыі Віцебскай вобласці ўзнікла шмат азёр, рэк і балот з характэрнымі адкладаннямі. З’явіліся спачатку хваёвыя і бярозавыя лясы, а затым піхта-дубова-грабавыя лясныя масівы, у якіх жылі шаблязубыя тыгры, ваўкі, і папярэднікі маманта — дынатэрыі.

Новае пахаладанне прывяло да паступовага знікнення лясоў і большасці жывёлы. З поўначы насоўваўся трэці ледавік, дняпроўскі (350 — 280 тыс. гадоў назад). Абломкавымі матэрыяламі, якія пакінуў ляднік, і талымі водамі была пакрыта ўся сучасная тэрыторыя вобласці. З надыходам шклоўскага леднікоўя, якое надышло неўзабаве, распасціраліся вялікія канечна-марэнавыя грады са шматлікімі азёрамі, рэкамі і балотамі. Пераважаў шыракалістны лес, сярод буйных звяроў таго часу былі першыя маманты, шарсцістыя насарогі, нашчадкі зуброў, пячорныя мядзведзі.

Сожскі ледавік (220 — 130 тыс. гадоў назад ) таксама захапіў усю вобласць. Абледзяненне не было суцэльным. Пра гэта сведчаць марэны, падзеленыя міжстадыяльнымі пяскамі, супесямі, суглінкамі, і іншымі адкладаннямі. Усё гэта прывяло, хутчэй за ўсё, да з’яўлення новай расліннасці.

Пасля сожскага абледзянення прыйшла міжледніковая эпоха — муравінская. Сённяшняя тэрыторыя Шумілінскага раёна была з тыповым ледніковым рэльефам. У азёрах, рачных далінах, накопліваліся разнастайныя парогі з гліны і пяску, сярод якіх істотнае месца належала так званым алювіяльным адкладанням.

Пахаладанне, якое надышло зноў, прывяло да з’яўлення на нашых землях паазерскага ледавіка (95 — 10 тыс. гадоў назад). За яго межамі разлеглася тундра, з невялікімі хваёвымі і бярозавымі гаямі. З вымерлых сёння звяроў у той час жылі маманты і шарсцістыя насарогі. Па меры адступлення ледавіка клімат паступова змяняўся, станавіўся падобным на цяперашні.