shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Гісторыя Засяленне Шуміліншчыны

Засяленне Шуміліншчыны

На тэрыторыі, якая цяпер уваходзіць у Шумілінскі раён, чалавек жыў яшчэ ў глыбокай старажытнасці. Аб гэтым сведчаць сляды паселішча(5 тыс. да нашай эры, выяўленага ў 1973 годзе ў вёсцы Красамай на беразе ракі Обаль. На жаль, грунтоўныя археалагічныя даследванні тут не праводзіліся. У эпоху неаліту і бронзавага веку геаграфія рассялення людзей на тэрыторыі Шуміліншчыны значна пашыраецца. Каменныя сякеры гэтага перыяду паўсюдна сустракаюцца на тэрыторыі раёна , асабліва шмат іх было знойдзена каля вёсак Навікі, Амбросавічы, Казьяны. Мясцовае насельніцтва найбольш ахвотна сялілася на невысокіх пясчаных узбярэжжах азёр на вытоках невялікіх рэк, а таксама ў месцах упадзення рэчак у Заходнюю Дзвіну. Відавочна, людзей прыцягвала сюды не толькі магчымасць мець пітную ваду, а і займацца рыбнай лоўляй. На рэштках стаянак гэтага часу ( каля вёсак Гародна, Крывое Сяло, і інш) пры даследваннях вучоныя знайшлі шмат касцяных кручкоў і гарпуноў з рагоў дзікай жывёлы. Велічыня гэтых прылад дазваляе зрабіць вывад аб памерах тагачасных шчупакоў і самоў. Але асноўным заняткам насельніцтва было паляванне. Пра гэта сведчаць знойдзеныя на стаянках косці зуброў, ласёў, тураў, дзікоў. Дапаможным заняткам было збіранне грыбоў, ягад, арэхаў, насення дзікарастучых злакаў.

На мяжы бронзавага і ранняга жалезнага веку (1 тыс. да нашай эры) рэзка змяняецца характар паселішча нашых продкаў: замест аслабленых селішчаў з’яўляюцца добра ўмацаваныя гарадзішчы. Яны, як правіла, месціліся на ўзгорках каля рэк і азёр, мелі насыпны вал і з двух-трох бакоў былі акружаны вадой. Рэшткі такіх гарадзішчаў былі даследаваны вучонымі ў 70-80 гады XX стагоддзя каля вёсак Красамай, Гародна, Андрэева, Сінякова. Побач знойдзены невялікія курганныя могілкі балцкага тыпу. Гэта было звязана з тым, што амаль усю тэрыторыю Беларусі на той час засялялі балцкія плямёны. Шкада, але і гэтыя могілкі не даследаваны.

У 6 — 8 стагоддзі н.э. нашы землі, як і ўся Ўсходняя Еўропа, апынуліся ў зоне славянскай каланізацыі. Моцныя хвалі апошняга этапу «вялікага перасялення народаў» накрылі нашу тэрыторыю Прыдзвіння і пакінулі на ёй племя крывічоў-палачан. Дзякуючы больш высокаму ўзроўню развіцця яны за кароткі час асімілявалі мясцовае балцкае насельніцтва і сталі гаспадарамі вялікіх і багатых абшараў.

Крывічы займаліся падсечна-агнявым земляробствам. Вялізныя лясныя масівы высякаліся і і спальваліся, попел ішоў на ўгнаенні. Два-тры гады запар гэтыя землі давалі добрыя ўраджаі, потым пакідаліся, і пачыналася распрацоўка новага ўчастка. Аднымі з самых распаўсюджаных археалагічных помнікаў гэтага перыяду і перыяду Кіеўскай Русі з’яўляюцца курганы — земляныя насыпы над магіламі. Вядомыя курганы ў г.п. Шуміліна і г. п. Обаль, у вёсках Валатоўкі, Войлавічы, і інш. Асабліва цікавы курганны могільнік ля вёскі Красамай. Ён знаходзіцца ў лесе ўзбоч палявой дарогі, мае больш за 40 насыпаў вышынёй 1,5 — 4 м, дыяметрам 10-15 м, вакол падножжа — раўкі. Насыпы пясчаныя, параслі лесам, размешчаны блізка адзін ад аднаго. Даследаваўся толькі адзін насып, калі былі выяўлены рэшткі пахаванняў VIII -XI cт.ст.: керамічны посуд, прылады працы, упрыгажэнні.

Такім чынам можна зрабіць вывад: у старажытнасці шумілінская зямля з’яўлялася арганічнай часткай тых культурных і этнічных працэсаў, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі.