shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Гісторыя Ад старажытнасці да падзелаў Рэчы Паспалітай

Ад старажытнасці да падзелаў Рэчы Паспалітай

Старажытная гісторыя Шуміліншчыны непарыўна звязана з Полацкам, адным з найстаражытных гарадоў усходніх славян, упершыню згадваемым у «Аповесці мінулых гадоў» пад 862 г. Горад, заснаваны крывічамі, быў цэнтрам Полацкага княства, якое ўваходзіла ў старажытнарускую дзяржаву — Кіеўскую Русь. У пачатку 12 ст. з Полацкага княства вылучылася Віцебскае княства з цэнтрам у Віцебску, заснаваным у 974 г. У пачатку 14 ст. Полацкае і Віцебскае княствы ўвайшлі ў Вялікае княства Літоўскае. У пачатку 16 ст. створаны Полацкае і Віцебскае ваяводствы, у склад якіх уваходзіла Шуміліншчына.

Шматлікія населеныя пункты на тэрыторыі раёна згадваюцца ў пісьмовых крыніцах з 16 ст. У апісанні Полацкай зямлі, складзеным у 1552 г., ёсць звесткі аб «Дабейскай зямлі», дзе Багдан Міхайлавіч «мает пушчу, лес будоўны», а ў «Дабеях два чоловекі, якія яму з раллі своей ўсякага збожжа четьвертый сноп дають і па дні ў тыдні служаць». У гэтым жа апісанні згадваюцца Ловаж і Ловажскі павет, Обаль, сёлы Казьяны, Чэрніца і Мосар.

У Лівонскую вайну 1558-83 гг. рускія войскі з 1563 г. па 1579 г. валодалі Полацкам. Па загадзе Іаана Грознага была пабудавана крэпасць Казьян. У 1579 г. войскі Вялікага княства Літоўскага разбурылі крэпасць. На карце Полацкага княства, выгравіраванай у 16 ст. у Рыме, намаляваныя Ловаж, Чэрніца, Казьяны. На падставе пісцовых кніг Полацка і Полацкага павета, складзеных у гэты ж час, у 1880 г. апублікавана карта Полацкага павета. На ёй нанесены сёлы Казьяны, Мосар, Жаробычы, Лескавічы, Будавесь, Амбросьевічы, Ужляціна, Роўнае, Старыновічы, Мішневічы, Спаскае, Ловаж, Дабея, Ігуменшчына.

У 1772 г. усходнія раёны Беларусі ўз’ядналіся з Расіяй. Тэрыторыя Шуміліншчыны ўвайшла ў Жарабычскую і Лескавіцкую воласці Віцебскага павета, Казьянскую і Мішнявіцкую воласці Гарадоцкага павета, Андрэеўскую, Ловажскую, Петрапаўлаўскую, часткова Міхайлаўшчынскую воласці Полацкага павета Віцебскай губерні.