shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Гісторыя У складзе Расейскай імперыі

У складзе Расейскай імперыі

У 1772 годзе згодна з першым падзелам Рэчы Паспалітай усходнія раёны Беларусі былі далучаны да Расіі. Тэрыторыя Шуміліншчыны ўвайшла ў Жарабыцкую і Лескавіцкую воласці Віцебскага павета, Казьянскую і Мішневіцкую Гарадоцкага павета, Андрэеўскую, Лавожскую, Петрапаўлаўскую, часткова Міхайлаўшчынскую воласці Полацкага павета Віцебскай губерніі.

Але змена ўлады пагоршыла эканамічнае становішча насельніцтва. У цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве ў Менску захоўваюцца інвентары памешчыцкіх маёнткаў, складзеныя ў 1840 гады. У гэтых дакументах утрымліваюцца звесткі аб вёсках, размешчаных на памешчыцкіх землях, аб сялянах і іх павіннасцях аб колькасці жывёлы і птушкі і. г. д. Яны сведчаць, што сяляне аказвалі супраціўленне феадальна-прыгоннаму ўціску: падавалі скаргі, уцякалі ад памешчыкаў, адмаўляліся выконваць павіннасць.

У траўні 1848 года адбыліся хваляванні ў памесці Мікалаёва Мішкавіцкай воласці. Сяляне не выйшлі на працу, сабраліся на сход, на якім казалі аб вызваленні ад прыгону. Хваляванні працягваліся і пасля сялянскай рэформы 1861 года. У чэрвені 1863 года адмовіліся плаціць аброк і адбываць паншчыну сяляне ў Жарабыцкай воласці.

Падчас рэвалюцыі 1905-1907 гадоў выступленні прайшлі ў мястэчку Сіроціна, у Казьянскай, Мішкавіцкай, Петрапаўлаўскай валасцях. Сяляне патрабавалі перадаць ім памешчыцкую зямлю, даць грамадзянскія свабоды. Барацьба не спынялася і ў перыяд сталыпінскай рэакцыі і Першай сусветнай вайны. Вялася яна, нягледзячы на тое, што царскі ўрад узаконіў ваеннае становішча, а паліцыя атрымала загад «знішчыць беспарадкі і забастоўкі з такой рашучасцю і бязлітаснасцю, якія выключылі б усякую магчымасць для іх працягу». У гады вайны сотні шумілінцаў аказаліся ў акопах, а жанчыны, старыя і дзеці, што засталіся ў вёсках, былі пастаянна задзейнічаны на ўзвядзенні абарончых збудаванняў. Падатковы паборы, якія ўвесь час узрасталі, і пастаянныя рэквізіцыя жывёлы, хлеба, адзення даводзілі бядняцкія сялянскія гаспадаркі да канчатковага спусташэння.

У 1866 годзе ў вёсцы Шуміліна Полацкага павета было 5 гаспадарчых двароў, 13 пабудоў і 38 жыхароў. У кнізе вучонага-краязнаўца XIX-XX ст.ст. А. П. Сапунова «спіс населеных месцаў Віцебскай губерні ад 1906 года» ўказана, што на чыгуначнай станцыі Сіроціна пражывала 38 чалавек ( абслугоўваючы персанал з сем’ямі), у вёсцы Шуміліна, якая прымыкала да вакзала, — 50 чалавек, у вёсцы Бакачы (цяпер вуліца Валадарскага) — 44 жыхары, у вёсцы Астапава (вуліца Віцебская) — 57 жыхароў, у вёсцы Рабушкова ( раён цяперашняй вуліцы Сіпко) пражывала 163 чалавекі, у раёне цяперашніх вуліц Зялёная, Мясаедава і ў вёсцы Саломенка ( яна ў 1906 годзе ўваходзіла ў гарадскую мяжу ) пражывала 147 чалавек. На тым месцы, дзе зараз мікрараён былога торфапрадпрыемства «Дабееўскі Мох», быў усяго адзін хутар Баёўка, дзе пражывала 11 хутаран. Такі ж хутар, які меў назву Баболіна, размяшчаўся ў раёне цяперашняй вуліцы Дзяржынскага.

У мястэчку Сіроціна, дзе пражывала 2150 чалавек, стаялі 4 каменныя і 844 драўляныя дамы, двухкласная царкоўнапрыходская школа. У в. Шуміліна ў тым жа 1906 годзе мелася сем двароў. У Лескавіцкай воласці было дзве царквы, касцёл, а ў в . Лазукі -лячэбніца, дзве казённыя вінныя лаўкі, вадзяныя млыны (у памесці Полцева), цагельны завод (у памесці Лескавічы), дзве пачатковыя школы; у Мішневіцкай воласці — дзве царквы і капліца, казённая вінная лаўка, паравая (у памесці Андрэева) і тры вадзяныя млыны, лесапільны ( у фальварку Мікалаёва) і цагельны (у в. Гусінцы) заводы, дзве школы; у Петрапаўлаўскай воласці — тры царквы і капліца, дзве казённыя лаўкі, паравая (у памесці Обаль) і тры вадзяныя млыны, 2 цагельныя заводы, дзягцярнае і броварнае прадпрыемствы, чатыры школы. Нягледзячы на значную колькасць школ, якія расчынілі дзверы ў канцы XIX -пачатку XX ст.ст., у іх па дадзеных 1908 г., навучалася ўсяго чвэрць дзяцей ва ўзросце 8-13 гадоў.

Паселішчы Шуміліншчыны заўсёды ляжалі на скрыжаванні розных дарог і гасцінцаў. Адной з самых вядомых і стражытных можна назваць Кацярынінскі тракт — дарогу, якая была пракладзена на пачатку XVII ст. Яна была самая кароткая паміж гарадамі Полацк і Віцебск. Часткай дарогі ў змененым выглядзе карыстаюцца і зараз, яна праходзіць побач з в. Амбросавічы, праз в. Рускія і далей на в. Полцева. Участак дарогі, які не скарыстоўваўся, зарос лесам і хмызняком.

У нашай мясцовасці тракт пралягае праз Старое Сяло, Цербяшова, Полцева, праз дзяржаўны лес, в. Рускія, і выходзіць у вёскі Любічы, Федзькава, Убоіна. Паабапал дарогі былі выкапаны каналы. Кацярынінскі тракт быў абсаджаны дрэвамі, у асноўным бярозамі. Там, дзе было балоцістае нізкае месца, пад слоем зямлі паклалі шыны з драбналесся і хмызняку. Паны, землі якіх падступалі да тракта, былі ў адказе за свой замацаваны ўчастак дарогі, з дапамогай прыгонных сялян рабілі падсыпку, рамонт. Па тракце коні вазілі пошту, а бліжэйшыя паштовыя станцыі знаходзіліся ў вёсках Старае Сяло і Курылаўшчына.

Надзвычай важная падзея XIX ст. у гісторыі Беларусі — будаўніцтва Рыга-Арлоўскай чыгункі (участак Дынабург — Віцебск). У кнізе «Віцебскае аддзялене Беларускай чыгункі. Этапы развіцця» адзначаецца, што будаўніцтва вялося паэтапна. Кіраваў работамі міністр шляхоў зносін генерал-лейтэнант П. П. Мельнікаў.

Участак дарогі Дынабург — Віцебск быў адкрыты для руху цягнікоў 26 траўня 1866 года, а 17 кастрычніка 1866 года пасля малебнаў ва ўсіх цэрквах, што пралягалі да чыгункі, неўзабаве, пыхкаючы парай, паравоз з трымя вагонамі перасёк Шуміліна і прыбыў у Віцебск. Уся працягласць чыгункі ад Дынабурга да Віцебска складае 242 вярсты.

У вакзальны комплекс Шуміліна, які да 1961 года называўся Сіроцінам, уваходзілі будынак вакзала, дэпо, таварныя рампы, воданапорная вежа, складскія памяшканні і царква. Дэпо размяшчалася за сто метраў ад вакзала на захад, а драўляная царква — за 150 метраў на паўднёвы захад. Вада для паравозаў бралася з возера ля в. Крупчына.

Для гэтага за паўтара кіламетра на ўсход ад вакзала была ўзведзена воданапорная станцыя з паравым рухавіком. Сто гадоў станцыя працавала па-старому, і толькі ў 60-х гадах XX ст. паравы рухавік быў зменены на дызельны.

Абслугоўвалі вакзальны комплекс замежныя спецыялісты, пераважна немцы. У далейшым, па меры падрыхтоўкі сваіх стрэлачнікаў, кандуктараў, машыністаў і рамонтных майстроў, немцаў выціснулі з сем’ямі ў Віцебск, дзе ў канцы XIX ст. яны ўтварылі сваё зямляцтва і пасёлак, які знаходзіцца ў раёне цяперашняй чыгуначнай бальніцы ў абласным цэнтры.