shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Гісторыя Усталяванне савецкай улады

Усталяванне савецкай улады

У лютым 1917 года ў Расеі перамагла буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя. На абшарах былой царскай імперыі пачаліся беспарадкі. Актывізавалася дзейнасць бальшавікоў. Па іх закліках сяляне самавольна захоплівалі землі памешчыкаў. Часовы Урад, які працягваў імперыялістычную вайну, накіраваў на Віцебшчыну дадатковыя вайсковыя адзелы для загашэння хваляванняў народных мас. Аднак гэта не перашкодзіла мясцовым бальшавікам з Віцебска пачаць агітацыйна-прапагандысцкую работу і на Шуміліншчыне. Летам 1917 года агітацыю ў Мішневіцкай воласці вёў рабочы з Петраграда П. У. Іваноў, сябра партыі бальшавікоў, ураджэнец вёскі Кабак (цяпер Заобаль).Захаваўся ліст ад 17 (30) кастрычніка 1917 года салдацкага камітэта роты, размешчанай на станцыі Сіроціна, Віцебскаму камітэту РСДРП (б) з просьбай даслаць агітатара і партыйную літаратуру.

Жаўнеры, што стаялі ў мястэчку Ула, падтрымалі мясцовых сялян. Малазямельныя сяляне, рабочыя і батракі выступілі супраць уладальнікаў памесця Тэкленвіля (каля вёскі Мікалаёва), а сяляне вёскі Лескавічы адправілі пасланцаў да гаспадара памесця пана Хлюдзінскага. Патрабаванні былі ўсюды аднолькавыя і папулісцкага характару: зямлі, міру, павышэння заробкаў.

25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 года ў Петраградзе адбыўся ўзброены пераварот. Уладу гвалтоўна захапілі бальшавікі. Савецкая ўлада ў Віцебску ўсталявалася 27 кастрычніка (9 лістапада) 1917 года. У валасцях і вёсках Шуміліншчыны пачалі стварацца мясцовыя сялянскія Рады. 10 (23) студзеня 1918 года была створана Мішневіцкая валасная сялянская Рада і скасавана валасная земская ўправа. 22 лютага Мішневіцкая валасная сялянская Рада прыняла рашэнне аб арганізацыі ў вёсках воласці сялянскіх рад і аб скасаванні пасад сельскіх стараст. Усталяванне Савецкай улады на Шуміліншчыне адбывалася па сутнасці ва ўмовах Грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі.
Канфіскаваная ў памешчыкаў зямля размяркоўвалася паміж сялянамі спецыяльна абранымі камісіямі. Такая камісія была створана 18 красавіка ў Мішневіцкай воласці. Зямля размяркоўвалася па колькасці едакоў. У розных валасцях, вёсках нормы надзелу былі розныя. Напрыклад, у Лескавіцкай воласці сяляне атрымалі ¼ дзесяціны, у Андрэеўскай — 1/5, у Жарабыцкай — ½ дзесяціны на едака.

Але галоўнай задачай Савецкай ўлады было стварэнне органаў дзяржаўнага кіравання на месцах. Сярод іх рашэннем Надзвычайнага губернскага сходу Саветаў Віцебскай губерні быў створаны ваенны аддзел Віцебскай губерні Савета рабочых, сялянскай і чырвонаармейскіх дэпутатаў. На падставе дэкрэта СНК ад 8 красавіка 1918 года і згодна з загадам Народнага камісарыята ваенны аддзел быў рэарганізаваны ў губернскі ваенны камісарыят. Пасля гэтага пачалі фарміравацца ваенныя камісарыяты на месцах. Ствараліся ў кожнай воласці і міліцэйскія атрады (мелася па 1–2 атрады ў Лавожскай, Міхайлаўшчынскай і іншых валасцях).

На Шуміліншчыне былі створаны і «камітэты беднаты». Яны бралі на ўлік запасы хлеба, праводзілі рэквізіцыі ў больш заможных сялян, захоплівалі прадукты харчавання, канфіскоўвалі сельскагаспадарчы інвентар. Усталяванне Савецкай улады справакавала супраціў з боку заможных сялян. 4 лістапада 1918 года быў забіты адзін са стваральнікаў «камбедаў» у Сіроціне Цімафей Звераў. Камбеды істотна не вырашылі праблемы вясковага люду, а толькі садзейнічалі ўціску бальшавікоў як на заможнае, так і на сярэдняе сялянства. Камітэтчыкі, якія ў асноўным паходзілі з сельскіх люмпенаў, дэталёва не разбіраліся, хто «кулак», а хто серадняк ¬— рабавалі ўсіх падрад, асуджаючы шумілінскіх сялян на галодную смерць. Як успамінае жыхарка з вёскі Рылькава ( каля Крупчына ) Н. В. Лазоўская, камбедаўскі атрад падчыстую выграб усё дабро са двара. Не пакінуў не тое што на ежу, нават на насенне. Не ўлічылі, што сям’я была мнагадзетная і адносілася да серадняцкай. Ледзь выжылі: елі лебяду, крапіву, а хлеб пяклі з шалупіння ад бульбы напалову з асеўкамі («касцярой»).

Камбеды сталі асновай для стварэння пярвічных ячэек партыі бальшавікоў. У лістападзе адна партыйная ячэйка была створана ў Казьянскай воласці, існавалі Лескавіцкая, Сіроцінская і Лавожская партыйныя ячэйкі.

У 1919 годзе ў вёсцы Лескавічы была ўтворана камсамольская ячэйка на чале з Сямёнам Лапуновым. Яна стала апірышчам для валаснога рэўкома, які ўзначальваў П. З. Калінін (пазней — кіраўнік штаба савецкіх партызан на Беларусі падчас Другой сусветнай вайны). Першы піянерскі атрад быў створаны на Шуміліншчыне ў ліпені 1923 года пры народным доме. У атрадзе было 23 піянеры, аднак многія бацькі не хацелі, каб іх дзеці ўступалі ў арганізацыі пад кіраўніцтвам бальшавікоў.

На франты грамадзянскай вайны былі прымусова мабілізаваны сотні шумілінцаў. Толькі ў Андрэеўскай воласці ў пачатку 1921 года было 204 сям’і чырвонаармейцаў.

У 20-я гады савецкія ўлады пачалі ўкараняць сацыялізм на вёсцы. Саветам патрэбна была бязмежная ўлада над пакуль яшчэ вольным сялянствам, каб лягчэй прысвойваць вынікі іх працы і маёмасць на карысць дзяржаўнага апарату. З гэтай мэтай была створана і першая камуна ў Мішневічах. Старшынёй камуны быў Прохар Ушакоў. Некалькі вяскоўцаў і яго родзічаў абагульнілі сваю жывёлу. Пры размеркаванні прадукцыі існавала ўраўнілаўка: кожнаму работніку выдавалі па 1 літру малака, на астатніх членаў сям’і — па 0,5 літра. Па спецыяльных картках атрымлівалі іншыя прадукты харчавання. Кожны дарослы меў 16 кг мукі, на дзіця давалі 0,5 пуда. Неўзабаве пачаліся спрэчкі за жывёлу, і камунары зноў разышліся па сваіх сядзібах. Першая спроба сацыялістычнага эсперыменту на вёсцы правалілася.