shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Гісторыя Савецкі перыяд

Савецкі перыяд

Індустрыалізацыя на Шуміліншчыне, як і па ўсёй БССР, была патрэбна для таго, каб шпаркімі тэмпамі развіваць машынную вытворчасць. У нашым раёне можна было выкарыстоўваць багатыя прыродныя рэсурсы — радовішчы торфу, запасы лесу, гліны, пяску. Самым буйным прадпрыемствам у раёне быў торфазавод імя Даўмана ў Обалі, дзе да прамысловай распрацоўкі торфу прыступілі яшчэ ў 1922 годзе. Тарфяная арцель «Дружба» ў 1939 годзе налічвала 89 прадпрыемстваў торфаздабываючай прамысловасці, 2 прадпрыемствы па вырабу цэглы і чарапіцы, 3 льнозаводы, райпрамкамбінат, вяліся распрацоўкі лесу, працавалі 14 дрэваапрацоўчых, некалькі швейных, 6 абутковых прадпрыемстваў, у раёне была свая друкарня, дзе працавала 8 чалавек. Летам 1937 года важнай падзеяй для раёна стаў пуск электрастанцыі ў вёсцы Мішкавічы. На 1939 год у раёне працавала ўжо 3 электрастанцыі, 306 прамысловых прадпрыемстваў, на якіх працавала 1154 чалавекі.

У 1929 годзе пачаў работу Сіроцінскі льнозавод, выпуск першай прадукцыі прыпадае на 1932 год. Завод працаваў на льнотрысце.

Удзельная вага прамысловасці раёна ў маштабах вобласці складала па колькасці прадпрыемстваў 4,4%, па сярэднегадавой колькасці рабочых — 1,5%, па кошту валавай прадукцыі — 0,6%.

У 20 гады ў вёсцы праходзіла кааперацыя сялянскіх гаспадарак. Яна мела розныя формы, у тым ліку спажывецкую і збытавую. У нашым раёне развівалася спажывецкая форма кааперацыі. За першае паўгоддзе 1926 года тавараабарот спажыўкааперацыі складаў 212188 рублёў. У раёне дзейнічалі сельгасарцелі «Уперад», «Трактар», «Пралетарый», камуна «Прагрэс», а таксама саўгас «Лескавічы», дзе быў свой сад на 60 га, тут вырошчвалася агародніна, ягады. Праводзілася меліярацыя забалочаных зямель. У 1926 годзе налічвалася 40% беднякоў, 56% сераднякоў, 3% заможных, 0,5 «кулакоў».

У лютым 1928 года ў вёсцы Боськава Дабейскага сельсавета быў створаны першы на Шуміліншчыне калгас «Іскра». Спачатку ў яго ўступіла 6 двароў. Гаспадарка мела 100 га зямлі, глінабітную пуню для захоўвання сена, 6 кароў і столькі ж коней. Першы ураджай склаў 10 цэнтнераў збожжа і 200 цэнтнераў бульбы з гектара. У сакавіку 1928 года ў Сіроцінскім сельсавеце стварыўся калгас «Новая справа», а затым калгас «Чырвоная Лоўша» у Лаўжанскім сельсавеце. У 1930 годзе ў наваколлі сённяшняга Сіроціна ствараецца некалькі калгасаў. Адзін з іх, калгас імя Урыцкага, мае адметную гісторыю. У кнізе Сапунова «Спіс населеных месцаў Віцебскай губерні ад 1906 года» сказана, што ў вёсцы Сіроціна на той час жыло 2150 чалавек, тут было 4 каменныя і 848 драўляных пабудоў, 3 брукаванкі, царква, сінагога.

Калектывызацыю не прымалі заможныя сяляне. Яны вялі агітацыю супраць калгасаў, схілялі вяскоўцаў на масавы забой жывёлы, нападалі на арганізатараў калгасаў. У лістападзе 1929 года газета «Віцебскі пралетарый» пісала аб барацьбе заможных сялян з актывістамі-калгаснікамі ў Сіроцінскім раёне, аб спробе нападаў на камуністаў Сіроцінскай ячэйкі.

Прыкладна ў 1930 годзе пачалося стварэнне машына-трактарных станцый (МТС). Сіроцінская МТС размяшчалася ў Шуміліне. Да вайны мела добрую тыпавую майстэрню, кантору, клуб, гаражы і жылыя дамы. У сувязі з тым, што раён спецыялізаваўся па вырошчванні лёну, на сядзібе МТС працавала льнонасенная станцыя.

Вясной 1930 года ў Сіроціна з Ленінграда прыбылі 5 трактараў маркі «Фордзон-Пуцілавец». Трактарны парк Сіроцінскай МТС да 1933 года складаў 30 трактараў, якія абслугоўвалі 40 гаспадарак.

У другой палове 30-х гадоў калектывізацыя ў раёне ў асноўным была завершана. На пачатак 1940 года налічвалася 130 калгасаў, працавалі 3 МТС — Сіроцінская, Старыновіцкая і Чэрніцкая.

Ствараліся бібліятэкі. Яны працавалі ў Шуміліне, Обалі, іншых вёсках. У 1932 годзе пачала выходзіць раённая газета «Ленінскі шлях» (цяпер «Герой Працы»). У 1933 годзе ў раёне налічвалася 65 пачатковых школ, у якіх працавалі 149 настаўнікаў, вучылася 5655 дзяцей, было 16 сямігодак (працавалі 112 настаўнікаў, навучалася 3776 вучняў. Адной з лепшых школ раёна на той час была Обальская, якую ўзначальваў Дзмітрый Стахіевіч Ляшчынскі. Вясной 1933 года ў наш раён паслалі агітпоезд ЦК КП (б) Б.Начальнікам поезда быў прызначаны І. Каждан. У творчую групу ўваходзілі пісьменнікі Міхась Чарот, Васіль Коваль, кампазітар Яўген Цікоцкі, артысты, вучоныя, журналісты, мастакі. Агітатары праводзілі сустрэчы, ладзілі гутаркі.У 1924 годзе была адкрыта школа сялянскай моладзі (ШКМ).

Не абмінуў наш раён і сталінскі терор. Пад карную машыну траплялі ні ў чым не вінаватыя савецкія грамадзяне. Іх аб’яўлялі «ворагамі народа» абвінавачвалі ў антысавецкай дзейнасці. Вяршыняй беззаконня сталі спецыяльна створаныя несудовыя органы, так званыя тройкі, а таксама практыка цэлымі спісамі няволіць людзей, аб’яўляць ім прыгавор. Падобная з’ява прывяла да трагічных вынікаў для нашых землякоў, якіх нямала загінула ад карных органаў бальшавікоў.

У раёне была створана камісія, якая займалася зборам фактаў і дакументаў аб рэпрэсіраваных. На прыкладзе адной сям’і можна даведацца, як адбывалася фізічнае знішчэнне нашых землякоў. Павел Іванавіч Сяліцкі (1876 — 1938) — ураджэнец в. Мішкавічы. У свой час 5 гадоў адслужыў у царскай арміі. Удзельнік руска-японскай вайны. Да арышту працаваў тэхнікам на электрастанцыі калгаса «Ленінскі прызыў». Зарплату атрымліваў у Менску. Забралі ноччу 6 ліпеня 1938 года з хутара. У сям’і засталося 8 дзяцей. Арыштавалі і пасадзілі ў турму на 10 гадоў без права перапіскі. П. І. Сяліцкага расстралялі без суда і следства.