shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Культура Шумілінскі краязнаўчы музей

Шумілінскі краязнаўчы музей

Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей — музей, створаны ў г. п. Шуміліна паводле загаду Міністэрства культуры БССР ад 28 мая 1984. Адкрыты для наведвання 22 лістапада 1986 года.
Асноўны фонд музея (2008) налічвае 10 128 адз. захоўвання, навукова-дапаможны — 4319 адз. Пл. экспазіцыі 163 м². Фонды музея складаюць калекцыі археалагічных знаходак, нумізматыкі, фотаматэрыялаў пра жыццё і побыт гараджан, жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ткацтва і адзення, друкаваных і рукапісных дакументаў, партызанскай зброі перыяду Вялікай Айчыннай вайны і інш. Сярод экспанатаў маляўнічыя палотны мясцовых мастакоў, у т.л. заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі У. Белавусава.

Асноўная экспазіцыя размешчана ў 3 залах. У археалагічным раздзеле экспазіцыі прадстаўлены знаходкі з раскопак на тэрыторыі раёна: крэмянёвыя нуклеусы, адшчэпы, адбойнікі, каменныя шліфаваныя сякеры каменнага і бронзавага вякоў, касцявыя рэшткі маманта, у т.л. ніжняя сківіца з зубамі.

Асобныя рэчы бытавога і гаспадарчага прызначэння, адзенне і абутак, ручнікі, посцілкі адлюстроўваюць асаблівасці сельскага побыту ў 19 — пачатку 20 ст. Аб падзеях грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918–20, аб станаўленні Савецкай улады на Шуміліншчыне расказвае экспазіцыя, у якой дэманструюцца асабістыя рэчы ўдзельнікаў гэтых падзей, фотаздымкі і дакументы, зброя.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны, партызанскага руху і вызвалення Шумілінскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прадстаўлена праз дакументы, фотаздымкі, рэчы Герояў Савецкага Саюза — землякоў П.А. Акуцыёнка, М.А. Ласкунова, Дз.М. Мінчугова, М.К. Спірыдзенка, а таксама фотаздымкі 106 Герояў Савецкага Саюза, якія вызначыліся пры вызваленні раёна.

Асобная экспазіцыя знаёміць з матэрыяламі аб узнаўленні і развіцці прадпрыемстваў г. п. Шуміліна, сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці раёна ў пасляваенны час. Дзейнічае пастаянная выстаўка, на якой прадстаўлены творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, графікі, маляўнічыя палотны сучасных майстроў.

3 1 красавіка 2002 працуе філіял Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея — музей Обальскага камсамольскага падполля ў г. п. Обаль.

Адрас: Віцебская вобл., г.п. Шуміліна, вул. Караткіна, 12
Тэлефон: +375 2130 4 11 91
Афіцыйны сайт: shumilino.museum.by
Электронны адрас: shumuz@mail.ru