shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

09.01.2020 18:59

705 праглядаў

0 каментароў

Шумілінскі райвыканкам рассылае разнарадкі па латарэйках. Ці законна гэта?

Шумілінскі райвыканкам Віцебскай вобласці прапаноўвае супрацоўнікам мясцовых арганізацый купляць латарэйныя білеты «Прыдзвінне». Кіраўнікам прадпрыемстваў і ўстаноў рассылаецца адпаведны загад за подпісам намесніцы старшыні Шумілінскага райвыканкама Ірыны Шалахавай, паведамляе тэлеграм-канал Nexta.


Фота: newtribuna.ru

Як паведамляе тэлеграм-канал Nexta.

“Прашу вас аказаць практычную дапамогу ў распаўсюджванні сярод работнікаў арганізацыі білетаў латарэі “Прыдзвінне”, тыраж № 26, розыгрыш прызавога фонду якога адбудзецца 14 лістапада 2019 года. Білеты неабходна атрымаць у аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Грашовыя сродкі здаць не пазней за 22 лістапада”, — паведамляецца ў лісце чыноўніцы Шумілінскага райвыканкама.

Еўрарадыё разбіраецца, чаму распаўсюджваннем латарэек займаецца раённая ўлада, каму належаць гэтыя білеты і ці законна гэта ўвогуле.

“Прыдзвінне” — частка дзяржаўнага прадпрыемства “Беларускія латарэі”, якое належыць Кіраўніцтву спраў прэзідэнта. Кошт аднаго білета — 2 рублі. У Шумілінскім райвыканкаме лічаць, што ў прапанове купіць білет няма нічога дрэннага, і адразу палічылі, хто і колькі білетаў мусіць набыць. Напрыклад, супрацоўнікам раённых бібліятэк трэба купіць 30 латарэек, ЖКГ — 50, ПМК — 50, Дома рамёстваў — 5, музея — 4.

Загад кіраўнікам прадпрыемстваў / Фота: тэлеграм-канал Nexta

Намесніца старшыні Шумілінскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Ірына Шалахава расказала Еўрарадыё, што сама гуляе ў латарэю “Прыдзвінне”, а разнарадкі купляць білеты дасылаюцца, каб людзям было зручней.

"Мы напісалі, каб тыя, у каго ёсць магчымасць, набылі білеты. Ніякай прымусоўкі няма" , — адмаўляецца размаўляць Ірына Шалахава.

Чаму менавіта райвыканкам займаецца распаўсюджваннем білетаў? Чыноўніца прапаноўвае паглядзець, хто заснавальнік гэтых латарэй (гэта Віцебскі аблвыканкам). “А райвыканкам прапаноўвае. Даводзіць інфармацыю, як і любую іншую. Вось і ўсё”, — кажа яна.

Усе аргументы, што райвыканкам прымушае людзей купляць латарэйныя білеты, чыноўніца адмаўляе.

“Ніякага прымусу. Хто хоча, той і купіць. Дзе напісана, што некага звольнілі, знялі, расстралялі? Скажыце, дзе такое напісана? Хто вам такое можа сказаць? Гэта прапанова, а не прымусоўка. Адмовіцца можна заўсёды, але не бачу сэнсу. Можа, чалавеку зробім добра, ён выйграе латарэйны білет! Я сама гуляю, выйгравала… але не аўтамабіль”.

Спіс прадпрыемстваў, якія павінны набыць білеты / Фота: тэлеграм-канал Nexta

Чыноўніца запэўнівае, што ніхто ў раёне яшчэ не скардзіўся на прапанову купіць латарэйны білет. Гэта не першы выпадак добраахвотна-прымусовай прапановы ад уладаў у Беларусі. Некалькі гадоў таму ў Пінску настаўнікам таксама “прапаноўвалі” набыць білет. Што праўда, тады пра прымус настаўнікі расказалі журналістам і гуляць у латарэю адмовіліся.

Юрыст: гэта незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць

Але ці мае права райвыканкам рэкламаваць і распаўсюджваць латарэйныя білеты? Па словах юрыста Алега Граблеўскага, чыноўнікі Шумілінскага райвыканкама парушаюць закон па ўсіх франтах.

“Заснавальнікам латарэі “Прыдзвінне” з’яўляецца Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, — расказаў Еўрарадыё Алег Граблеўскі. — Арганізатар — унітарнае прадпрыемства “Беларускія латарэі”. Ёсць указ прэзідэнта № 209 “Аб латарэйнай дзейнасці”, які вызначае парадак рэалізацыі. Згодна з гэтым дакументам за распаўсюд латарэй адказвае арганізатар — “Беларускія латарэі”. Што мы бачым на практыцы? Распаўсюдам фактычна займаецца прадстаўнік заснавальніка, а не арганізатар. Гэта першае парушэнне”.

Юрыст дадае, што распаўсюджваннем можна займацца выключна пры наяўнасці дамовы паміж арганізатарам і прадпрыемствам ці асобай, якая ажыццяўляе распаўсюджванне.

“Райвыканкам, не з'яўляючыся ні арганізатарам, ні заснавальнікам латарэі, фактычна займаецца распаўсюдам і атрыманнем грашовых сродкаў. Удзел выканкама, арганізацый і прадпрыемстваў у такой рэалізацыі, на мой погляд, з'яўляецца тым, што ў Адміністрацыйным кодэксе называецца “незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць” як мінімум”, — сказаў Алег Граблеўскі.

https://euroradio.fm/shumilinski-rayvykankam-rassylae-raznaradki-pa-latareykah-ci-zakonna-geta

Апошнія навіны