shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

09.02.2020 18:57

426 праглядаў

0 каментароў

Якія паслугі найбольш запатрабаваныя ў вяскоўцаў па маршруце паштовага аўтамабіля ў Шумілінскім раёне?

Карэспандэнт vitbichi.by праехала па маршруце паштовага аўтамабіля ў Шумілінскім раёне і даведалася, у якіх умовах працуюць паштальёны і якія паслугі найбольш запатрабаваныя ў вяскоўцаў.

Калі насельніцтва і без таго невялікіх вёсачках стала скарачацца, рэнтабельнасць некаторых паштовых аддзяленняў сувязі пайшла на спад. І 1 снежня 2009 года ў першы свой рэйс адправілася аддзяленне сувязі «на колах». У 2013 годзе з’явілася яшчэ адна абсталяваная для мабільнай работы машына. За 10 год гэта форма работы, дарэчы, не новая для сусветнага вопыту, даказала вартасць свайго існавання. Ва ўсялякім разе, тое, што вяскоўцы з нецярпеннем чакаюць сіні фургончык, журналіст убачыла на ўласныя вочы.

– Таццянка, мне, калі ласка, бутэлечку алею і 20 рублёў на тэлефон, – працягвае грошы ў акенца жыхарка вёскі Сіроціна – першага прыпынку на маршруце.

– А я перавод чакаю, мо прыйшоў ужо? – уступае ў дыялог наступны па чарзе.

Аплаціць крэдыт, разлічыцца па рахунках жыллёва-камунальнай гаспадаркі, выпісаць газеты, атрымаць карэспандэнцыю ці пасылку, зняць наяўныя грошы – выканаць гэтыя і многія іншыя сацыяльна значымыя аперацыі сёння прапануе мабільная пошта. Таксама тут можна няблага закупіцца прадуктамі – чай, кава, крупы, пернікі, добра ідзе сланечнікавы алей.

– Мне бутэлечак пяць, калі ласка, – робіць заказ Мікола Матусаў – работнік мясцовага сельгаспрадпрыемства. – Таксама падатак на зямлю вазьміце.

– Ой, і я ж за зямлю яшчэ не заплаціў, – спахапіўся нехта ў чарзе, – добра, што ўспомніў.

Вяскоўцы дзеляцца апошнімі навінамі, вядуць размовы «за жыццё». Згодна з раскладам, пошта стаіць тут цэлую гадзіну – атрымаць абслугоўванне за гэты час можа кожны жадаючы. У дні выплаты пенсій людзей звычайна больш. Але працуе мабільная пошта, як кажуць, да апошняга кліента.

Пакуль аператар сувязі Таццяна Літвін прымае плацяжы і прадае тавары, Вера Сіўцова – мясцовы паштальён – сартыруе перыёдыку.

– Тут добра бяруць латарэі, часцяком людзі выйграюць, – расказвае Таццяна Літвін. – Наогул, стараемся задаволіць патрэбы нашых кліентаў. Прывозім усё, што заказваюць. Аднаму – камбікорм, іншаму – коўдру.

Таццяна прызналася, што сваёй работай задаволена. Яе працоўнае месца абсталявана ўсёй неабходнай тэхнікай. Ацяпляецца, таму і зіма не страшная. Да гэтага жанчына некаторы час рупілася на пошце ў Дабеі. Калі прапанавалі працаваць у аддзяленні «на колах», згадзілася – і не шкадуе. Дзень, напоўнены паездкамі, узаемаадносінамі, знаёмствамі, звычайна прабягае хутка. У роднай Дабеі Таццяна Літвін – і старэйшына, і дэпутат сельскага Савета, і наогул, шаноўны чалавек.

З Сіроціна машына накіравалася ў бок Добрына. Па дарозе былі дастаўлены заказы кліентам у Зямцах і Юраве.

Наогул, у маршруце пазначана 15 вёсак, чатыры пастаянныя стаянкі. А яшчэ раз на месяц прыпынак на гадзіну робіцца ў Зямцах, і штотыднёва – у Лявонаве. Людзі ведаюць расклад, які строга вытрымліваецца.

Машына працуе штодня, акрамя нядзелі і панядзелка. За баранкай ужо гадоў пяць – вопытны вадзіцель, надзейны памочнік Міхаіл Окунеў.

– Людзі ў вёсках шчырыя і прыветныя, заўжды нам рады, – кажа Міхаіл.

Дарэчы, стаянкі – адна ў Сіроцне і дзве ў Добрыне – добраўпарадкаваныя. У адказе за чысціню і парадак на іх – работнікі перасоўнага аддзялення.

– Мы паклапаціліся пра тое, каб нашым кліентам было камфортна. Можна схавацца ад дажджу ці прысесці ў чаканні сваёй чаргі, – расказвае начальнік ўчастка паштовай сувязі Шуміліна Алеся Новікава. – Есць і скрыня для пісьмаў, і расклад работы.

Паштальёнам у Добрыне ўжо шмат год рупіцца Алена Асташонак. Разносіць газеты, пенсіі, арганізоўвае падпіску на перыёдыку. Прадпрыемства забяспечыла формай, абуткам, выдзеліла веласіпед. На першай стаянцы ў Добрыне, як гарачыя піражкі, ішлі цёплыя жаночыя калготкі. Нават мужчыны для сваіх гаспадынь бралі. Мыла, шампунь, ванільныя баранкі, рыбныя кансервы – гандаль ішоў бойка. Тут нельга не адзначыць спрыт Таццяны Літвін: ведае, каму што прапанаваць, памятае густы сваіх кліентаў. Таму і план заўжды выконвае.

Людзі, што як раз атрымалі пенсіі ды зарплаты, стараліся хутчэй разлічыцца з крэдытамі ды квартплатай. Усе ў адзін голас хвалілі Таццяну ды Міхаіла. Маўляў, без іх, і наогул, сувязь з сусветам страцілі б. І яны ўсіх сваіх кліентаў у твар ведаюць. У аднаго здароўем пацікавяцца, іншага з нараджэннем дачкі павіншуюць. Пасля Добрына машына накіравалася ў Пабеду.

Наогул, у раёне працуюць два аддзяленні «на колах», 14 стацыянарных аддзяленняў сувязі, тры паштовых пункта. Гэта дазваляе ахопліваць паштовым абслугоўваннем усё насельніцтва раёна.

«Витьбичи»

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара.

http://www.vitbichi.by/news/obshchestvo/socium/post38767.html

Апошнія навіны