Калі ўсё пачыналася, мы не зусім разумелі, што нас чакае, што будзем вывучаць. Для нас гэта быў маленькі эксперымент, як і для нашага педагога Святланы Валер’еўны Кучмаровай. Аднак на кожным занятку мы пазнавалі многа новага і цікавага пра нашу краіну, пра развіццё яе аграпрамысловага комплексу.
Заняткі праходзяць заўсёды незвычайна і цікава: мы знаёмімся з разнастайнасцю сельскагаспадарчых раслін, вывучаем склад, харчовую і энергетычную каштоўнасць малочнай прадукцыі, вызначаем фізіка-хімічныя паказчыкі тлушчаў…
Але самым незвычайным выдаўся адкрыты ўрок па тэме «Тэхналогіі перапрацоўкі малака і атрымання малочнай прадукцыі», які прайшоў 8 лютага. Незвычайнасці яму дадала прысутнасць шаноўных гасцей: памочніка Прэзідэнта – інспектара па Віцебскай вобласці Анатоля Канстанцінавіча Ліневіча, старшыні Шумілінскага райвыканкама Віктара Сяргеевіча Гутарава, начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціны Васільеўны Мяньковай.
Трэба сказаць, што напярэдадні мы пабывалі на малочнатаварным комплексе «АграБаравінка» ў Башнях, дзе нам паказалі, як абсталяваны комплекс, дзе дояць кароў, дзе яны знаходзяцца ў астатні час. Нам нават дазволілі зайсці ў цялятнік і пагладзіць цялятак.
Урок праходзіў за «круглым сталом», разам з намі тэму абмяркоўвалі памочнік Прэзідэнта і дырэктар нашай гімназіі Ларыса Уладзіміраўна Маладзечкіна. Гэта было вельмі цікава. Анатоль Канстанцінавіч дзяліўся з намі ўспамінамі са школьнага жыцця, сваімі падарожжамі, расказваў пра развіццё аграрнай галіны нашай краіны. Ён сам з’ўляецца кваліфікаваным спецыялістам, вопытным аграрыем, у свой час узначальваў шэраг буйных сельгаспрадпрыемстваў. На працягу заняткаў ён не даваў нам расслабіцца, задаваў пытанні па розных галінах ведаў.