shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

19.02.2020 14:29

268 праглядаў

0 каментароў

«Заразіць яе маглі толькі ў шпіталі ў Пінску», — маці 11-месячнай дзяўчынкі, у якой знайшлі ВІЧ

Дзяўчынка ўжо ўсьміхаецца, гуляе, сама стаіць на ножках. Пакуль яна яшчэ з бацькам у дзіцячым інфэкцыйным шпіталі, але іх абяцаюць хутка выпісаць. Бацькоў і сваякоў больш за ўсё абурае, што калі немаўляці паставілі дыягназ ВІЧ, у пракуратуры Пінску адмовіліся прыняць заяву і накіравалі шматдзетную сям’ю да адвакатаў.

Тэст на ВІЧ. Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта Свабодзе сказала Кацярына, цёця маленькай Міраславы і сястра маці — Сьвятланы.

У пракуратуры не прынялі заяву аб заражэньні немаўляці ВІЧ, паслалі да адвакатаў

Кацярына кажа, што ўся іх вялікая сям’я ня можа ачуняць ад шоку.

«Як толькі даведаліся пра дыягназ, і ў бабулі-дзядулі, і ў маці з бацькам, і ва ўсіх чатырох сыноў узялі аналізы. Ва ўсіх — адмоўная рэакцыя на ВІЧ. Адкуль ён мог узяцца ў Міраславы? Толькі ў дзіцячым шпіталі ў Пінску маглі заразіць», — перакананая цёця дзяўчынкі.

«Гэтая дзяўчынка ў сям’і была вельмі жаданая. Уяўляеце, да яе нарадзілася чатыры хлопцы! Я пыталася: „Сястрычка, колькі можна ўжо нараджаць?“ Сьвятлана адказвае: „Пакуль не народзім дзяўчынку, мы не супакоімся. Хоць дзесяць!“ А бацька Міраславу любіць да страты прытомнасьці! Цяпер ён проста разгублены — адкуль узялася гэтая зараза?»

Дзяўчынка часта хварэла, аналізы былі дрэнныя, пінскія мэдыкі не маглі паставіць дыягназ. Аналізы Міраславы зь Пінску накіравалі і ў Менск, і ў Берасьце. Абедзьве клінікі пацьвердзілі ВІЧ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Замкнёнае кола». Падарожнікі зь Беларусі ня могуць выехаць з Кітаю з прычыны каранавірусу

Больш за ўсё Кацярына абураецца тым, што калі 3 тыдні таму, даведаўшыся пра дыягназ, бацька Міраславы прыйшоў у пракуратуру, там заяву не прынялі, а накіравалі да адвакатаў.

«„Зьвяртайцеся да адваката“, — параілі Івану ў пракуратуры. Адзін зварот да адваката каштуе 225 рублёў, гэта для шматдзетнай сям’і вельмі шмат. Бацькі былі такія разгубленыя. Ва ўсіх быў шок. Тады я сказала, што трэба рабіць розгалас, біць трывогу, выходзіць на публіку. Запыталася ў сястры: „Ты гатовая да таго, што пра ВІЧ даведаюцца ўсе?“ Сьвятлана адказала, што гатовая. Я пачала тэлефанаваць на БТ у праграму „Времечко“, на АНТ. Спачатку была цішыня», — кажа Кацярына.

А потым маці маленькай Міраславы празь сяброўку знайшла блогера, зьнялі відэа. Параілі зьвярнуцца ў Сьледчы камітэт. Завялі крымінальную справу па частцы 2 артыкула 162 Крымінальнага кодэксу.

«Дзякуй богу, Міраслава стала на ножкі пасьля сутаргаў»

Маці Сьвятлана ў другой палове дня размаўляла з мужам Іванам, які цяпер разам зь дачкой у Менскім гарадзкім дзіцячым інфэкцыйным шпіталі.

«У аўторак у Міраславы будуць браць чарговыя аналізы, каб даведацца, як праходзіць тэрапія. Спадзяёмся на добрыя вынікі, хочам, каб хутчэй яе выпісалі, дадому вельмі хочацца яе забраць.

Дачка адчувае сябе добра, нармальна есьць, набірае вагу, гуляе, кажа бацька. Дзякуй богу, Міраслава стала на ножкі пасьля сутаргаў. Мы вельмі перажывалі, што яна на ножкі ня стане», — кажа Сьвятлана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як бацькі немаўлятак са СМА зьбіраюць грошы на самыя дарагія лекі ў сьвеце

Міраслава нарадзілася 28 лютага 2019 году з даволі вялікай вагой — 4 кіляграмы 400 грамаў. Роды былі цяжкія, дзяўчынцы пры родах зламалі ключыцу, праз 6 дзён паклалі ў пінскі дзіцячы шпіталь.

Потым дзяўчынка зноў ня раз трапляла ў клініку. А з кастрычніка пачала хварэць і хварэць. Накіравалі да гематоляга ў Берасьце. У студзені ў дзяўчынкі пачаліся сутаргі. Спачатку яе паклалі ў пінскі шпіталь, адтуль накіравалі ў Менск.

«Заразіць яе маглі толькі ў шпіталі ў Пінску. Нідзе больш. Зразумейце, у мяне дома яшчэ чацьвёра дзетак, усе здаровенькія. Сумуюць усе дзеці па Міраславе, адзін з сыноў сёньня расплакаўся...» — Сьвятлана сама ня можа стрымаць сьлёз.

«Маці малайчына, што вырашыла зрабіць гэты выпадак публічным»

Лекар-інфэкцыяніст, які папрасіў не называць яго імя, кажа, што маці паступіла цалкам правільна, не пабаяўшыся розгаласу пра ВІЧ у дзіцяці.

«Баяцца ніколі ня трэба. Калі такія выпадкі здараюцца, іх трэба дасьледаваць. Маці малайчына, што вырашыла зрабіць гэты выпадак публічным. Яна разумная жанчына, аб’ектыўна і праўдзіва ўсё расказала. І гэта добра. Дрэнна, калі разьдзьмуць і пачнуць шукаць вінаватых», — перакананы лекар-інфэкцыяніст.

У Пінску цяпер працуе абласная камісія, санэпідэмстанцыя. Дзякуючы розгаласу ў Пінск 17 лютага накіравалася адмысловая камісія зь Міністэрства аховы здароўя. Пад асабісты кантроль справу ўзяў міністар Уладзімер Каранік.

«Калі гэта мэдычная ўстанова, то будзе праведзена аб’ектыўнае расьсьледаваньне, пакараныя вінаватыя, і з бацькамі абмяркуюць пытаньні далейшых дзеяньняў і выйсьця з сытуацыі», — заявіў міністар Каранік парталу Tut.by.
https://www.svaboda.org/a/30440005.html

Апошнія навіны