shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

21.02.2020 20:06

317 праглядаў

0 каментароў

Шумілінцы служаць годна ў дэсантных войсках

Тут адмысловая служба, свой лад, які не кожнаму па сілах. У маладога чалавека павінна быць ідэальнае здароўе, гатоўнасць здзяйсняць скачкі з парашутам, уменне нестандартна думаць, аператыўна прымаць рашэнні. Асаблівы гонар служыць у славутай 103-й паветрана-дэсантнай брыгадзе.


Арцём Бандарэнка, Анатоль Буевіч і Аляксандр Коўшык каля БРДМ «Кайман».

Старшы афіцэр аддзела ідэалагічнай работы брыгады гвардыі маёр Аляксандр Пастарнак:
– Хлопцы з Шумілінскага раёна пастаянна праходзяць тэрміновую вайсковую службу ў нас. На сённяшні дзень на тэрміновай службе у брыгадзе 16 шумілінцаў. Аддзел ідэалагічнай работы часта дасылае падзячныя лісты бацькам і ў ваенкамат – шумілінскія хлопцы служаць годна. Да таго, служаць у брыгадзе кантрактнікі, прапаршчыкі і афіцэры з вашага раёна.

Шчыра прызнаюся: выбраць лепшых было складана, – адзначыў гвардыі маёр. – мы вырашылі, што нашы лепшыя салдаты і афіцэры – гвардыі старшы лейтэнант Арцём Бандарэнка, гвардыі малодшы сяржант Аляксандр Коўшык і гвардыі радавы Анатоль Буевіч.

Камандзір батарэі гвардыі старшы лейтэнант Арцём Бандарэнка родам з Обалі. Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта працаваў выкладчыкам у адным з каледжаў вобласці.

«Ва ўніверсітэце ў нас была ваенная кафедра, – расказвае Арцём. – Менавіта падчас вучобы атрымаў лейтэнанцкія пагоны. Можна сказаць, што ўжо тады пачаў задумвацца, каб звязаць жыццё з арміяй». А ў 2016 годзе лейтэнанта Бандарэнку прызвалі на вайсковую службу.

Як прызнаецца афіцэр, ключавымі сталі першыя шэсць месяцаў службы. Маладому камандзіру ўзвода вельмі дапамаглі кадравыя афіцэры. Сваю справу зрабіў і першы скачок з парашутам (на сённяшні дзень у яго 13 скачкоў). «Так атрымалася, што неяк адразу адчуў сябе афіцэрам-дэсантнікам, – разважае Арцём. – Перакананы, што ў арміі можна зрабіць годную кар’еру, тут усё залежыць толькі ад цябе, тваіх уменняў і жадання. Прыйшоў сюды лейтэнантам на пасаду камандзіра ўзвода, зараз – старшы лейтэнант, камандзір батарэі». Можна быць упэўненым, што гэта ў Арцёма Бандарэнкі толькі пачатак афіцэрскай кар’еры.

Анатоль Буевіч і Аляксандр Коўшык служаць 15 месяцаў. Аляксандр праходзіць службу ў зенітнай ракетна-артылерыйскай батарэі, Анатоль – у паветрана-дэсантным батальёне. У кожнага з іх ужо зараз шмат яркіх запамінальных момантаў вайсковай службы. І першым такім момантам стала прыняцце прысягі. «Стаіш са зброяй у руках на плошчы Перамогі ў Віцебску перад сваякамі, таварышамі і зачытваеш словы прысягі, – успамінаюць хлопцы. – Нярвуешся, дрыжыкі бягуць па ўсім целе. І самыя галоўныя словы “клянуся мужна і самааддана абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь!” вымаўляюцца па-асабліваму. На нашу думку, гэтыя словы павінен сказаць кожны мужчына».

Свой першы скачок з парашутам хлопцы рабілі каля Шуміліна. «Для нас гэта было вельмі сімвалічна, – дзеляцца салдаты ўражаннямі. – Пачуцці проста перапаўнялі. У першыя імгненні палёту не зусім разумееш, дзе ты. А затым перад вачыма з’яўляюцца шумілінскае возера, родныя вулачкі і дамы. Асабліва ўражвае цэнтр нашага гарадка, які з вышыні птушынага палёту вельмі ўнушальны».

Аляксандру ж больш запомніліся стрэльбы на палігоне Даманава ў Брэсцкай вобласці. «Мы забяспечвалі баявое прыкрыццё нашых дэсантнікаў, – успамінае салдат. – Зенітна-ракетная падрыхтоўка. Ракеты, якія самі наводзяцца на цэль. У гэтым віры агню і выбухаў не чуваць нават уласнага голасу. Толькі пабачыўшы ўсё гэта, можна мець уяўленне пра баявыя дзеянні, пра магутнасць сучаснага ўзбраення».

Ужо ў маі хлопцы вернуцца дадому, у роднае Шуміліна, каб уладкоўваць сваё грамадзянскае жыццё.

"Герой працы"

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Чытаць цалкам тут: http://www.shumilino.by/?p=52848

Апошнія навіны