shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

24.02.2020 20:34

280 праглядаў

0 каментароў

«Метро працуе, але ў ім пуста». Беларускі распавядаюць, што адбываецца ў Італіі праз каронавірус

Ужо тры чалавекі загінулі ў Італіі ад каронавірусу COVID-2019 па стане на 24 лютага, яшчэ 152 выпадкі захворвання зафіксаваная ў некалькіх рэгіёнах краіны. У шэрагу гарадоў улады абвясцілі каранцін, зачыненыя грамадскія ўстановы. Belsat.eu пагутарыў з беларускамі, якія цяпер знаходзяцца непадалёк ад эпіцэнтру эпідэміі.

Італія пацярпела найбольш з усіх еўрапейскіх краін. Адразу ў пяці паўночных рэгіёнах ёсць пацверджаныя выпадкі інфікавання каронавірусам: Ламбардыя, Венета, Лацыа, П’емонце і Эмілья-Раманія. 26 чалавек знаходзяцца цяпер у цяжкім стане.

У цэнтры сусветнай моды Мілане (Ламбардыя) упершыню паказ моднага дому «Армані» пройдзе без гледачоў – ён будзе транслявацца онлайн. Ва ўсіх цэрквах адмененыя службы, не працуюць школы і ўніверсітэты. Тэатр «Ла Скала» не прадае квіткі на спектаклі.

«Стараемся сядзець дома»

Ва ўмовах каранціну апынулася грамадзянка Беларусі, гамяльчанка Кацярына. Дзяўчына жыве ў Мілане ўжо паўтары гады і навучаецца ў Міланскім універсітэце.

«Меры бяспекі тут выконваюцца стандартныя: усім кажуць мыць рукі, карыстацца спіртавымі сурвэткамі, антыбактэрыяльным гелем, насіць маскі. Дарэчы, масак ужо няма ні ў адной міланскай аптэцы. Людзям даводзіцца набываць рэспіратары ў будаўнічых крамах, там яшчэ засталіся. Сама я паспела купіць маскі і нашу іх, але не ведаю, наколькі гэта дапаможа», – кажа яна.

Крама ў Мілане. Фота belsat.eu даслала Кацярына

Паводле беларускі, мясцовыя ўлады абвясцілі рэжым каранціну ўвечары ў суботу. Да таго на вуліцах Мілану ўсё было як звычайна.

«Мы яшчэ хадзілі гуляць у горад. Было шмат людзей у барах і рэстарацыях, шмат турыстаў. Прыкладна а дзясятай вечара 22 лютага мой універсітэт апублікаваў на сваім сайце гэты ўказ аб каранціне. На наступны дзень на вуліцах ужо было больш пуста. Хаця і нельга сказаць, што паніка вельмі заўважная, але ў некаторых супермаркетах ужо пустыя паліцы», – працягвае Кацярына.

Фота belsat.eu даслала Кацярына

Таксама Кацярыне стала вядома, што некаторыя кампаніі зачыняюць офісы і пераходзяць на працу з дому.

«Мы тут увесь час сочым за навінамі. Нядаўна я прачытала, што рэстарацыі будуць зачыняцца пасля шостай вечара. Людзі стараюцца сядзець дома, мы таксама сядзім. Мая знаёмая казала, што метро працуе, але людзей фактычна няма, станцыі і цягнікі пустыя».

Частка яе знаёмых вераць, што ўлады «не дагаворваюць» грамадзянам нешта пра сітуацыю з каронавірусам. Сама яна пакуль не паддаецца паніцы і не збіраецца пакідаць Мілан.

Станцыя метро ў Мілане. Фота belsat.eu даслала Кацярына

У суседняй вобласці больш спакойна

Настасся напярэдадні прыляцела з Менску ў Лігурыю, дзе жыве і працуе. Гэты паўночна-заходні рэгіён Італіі мяжуе з Ламбардыяй і П’емонтам, дзе зафіксаваная ўспышка каронавірусу. У самой Лігурыі пацверджаных выпадкаў няма.

«Пры вылеце з Менску ў аэрапорце Менск-2 усім ахвотным прапануюць прайсці хуткае бясплатнае абследаванне, шмат людзей у масках, асабліва кітайцы. Але ўжо ў аэрапорце Ніцы ніякіх мер бяспекі я не заўважыла», – кажа Настасся.

Яе здзівіла, што ў Лігурыі на вуліцах людзі не носяць маскі і дагэтуль не прадпрымалася асаблівых захадаў.


Фота зробленае ў Рыме. Даслаў Раман Кірэеў

Паводле Настассі, калі ў пэўным населеным пункце выяўляюць хворага на каронавірус, туды забараняюць уезд.

Ужо 24 лютага стала вядома, што ў навучальных установах Лігурыі ўсё ж увядуць каранцін у школах: яны будуць зачыненыя да першага сакавіка, піша IVG.it

***

Эпідэмія каронавірусу COVID-2019 распачалася напрыканцы снежня ў кітайскім горадзе Уў-Хань і на сённяшні дзень забрала жыцці 2 495 чалавек. Больш 77 тысяч на дадзены момант інфікаваныя.

КА belsat.eu

Апошнія навіны