shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

02.03.2020 11:03

383 прагляда

0 каментароў

«Працуем у штатным рэжыме». Віцяблянка, у якой падазраюць каранавірус, працуе на футравым камбінаце

Камбінат уваходзіць у холдынг «Марка». 1 сакавіка Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла пра новае падазрэньне на COVID-19. Адзін з тэстаў на каранавірус даў станоўчы вынік у беларускі зь Віцебску. Жанчыну, а таксама дваіх яе калег, тэрмінова шпіталізавалі.

Ілюстрацыйнае фота. Жанчына ў масцы каля Менскай гарадзкой клінічнай інфэкцыйнай лякарні

Жанчына праходзіць паглыбленае абсьледаваньне, на гэты момант дакладнага дыягназу яшчэ няма. Яна работніца Віцебскага футравага камбінату, які ўваходзіць у холдынг «Марка». У Італіі жанчына была ў службовай выправе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля іранскага студэнта, у якога выявілі каранавірус, шпіталізавалі 26 ягоных аднагрупнікаў і 7 выкладчыкаў

«Я ведаю, што цяпер наша калега праходзіць паглыбленую дыягностыку, — сказаў Свабодзе дырэктар камбінату Сяргей Беценя. — Больш інфармацыі пакуль няма. Калі пра іранскага студэнта дакладна сказана, што ў яго каранавірус, то ў нашай калегі пакуль гэтага няма. Прадпрыемства працуе ў штатным рэжыме, панікі няма. Мы правялі дадатковую гутарку з супрацоўнікамі пра тое, што трэба часьцей мыць рукі. Ну гэта як усюды».

У прыёмнай кампаніі «Марка» Свабодзе таксама паведамілі, што аналізы на наяўнасьць каронавірусу мэдыкі бралі ў генэральнага дырэктара холдынгу Мікалая Мартынава. Яны паказалі адмоўны вынік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі западозрылі другі выпадак новага каранавірусу — у бацькі сяброўкі першага пацыента

Як чакаецца, канчатковыя вынікі аналізаў віцеблянкі павінны зьявіцца на працягу сутак. Таксама 2 сакавіка стане вядома, ці захварэў на каранавірус бацька дзяўчыны студэнта з Ірану, хвароба якога ўжо пацьверджаная.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease). Вірус спачатку меў назву 2019-nCov, цяпер афіцыйна завецца SARS-CoV-2.
  • Па стане на раніцу 2 сакавіка, ад новага вірусу па ўсім сьвеце памерлі ўжо 3044 чалавекі, афіцыйна пацьвердзілі больш за 89 тысяч выпадкаў заражэньня вірусам у 66 краінах (абсалютная большасьць выпадкаў хваробы і сьмерцяў ад яе фіксуюць у Кітаі). За распаўсюдам вірусу можна сачыць тут (дадзеныя абнаўляюцца штодзённа).
  • 27 лютага ў Беларусі зафіксавалі першы выпадак COVID-19 — вірус выявілі ў студэнта аднаго зь беларускіх ВНУ, грамадзяніна Ірану, які прыбыў з Баку 22 лютага. Ўсяго ў лякарнях Беларусі з падазрэньнем на каранавірусную інфэкцыю знаходзяцца тры пацыенты. Ва ўсіх траіх стан здавальняючы, клінічных праяваў хваробы няма.
  • Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, і ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса. Паводле адной з вэрсій, вірус мог перадацца людзям пасьля ўжываньня якога-небудзь зь мясных або морапрадуктаў з рынку ва Ўхані.​
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Аляксандар Лукашэнка казаў, што беларусам наконт каранавірусу хвалявацца ня варта: «Мыйце рукі, менш абдымайцеся зь незнаёмымі людзьмі на вуліцы, усё астатняе — за Міністэрствам здароўя». Беларускія мэдыкі ж давалі больш дэталёвыя рэкамэндацыі.
  • У сувязі з распаўсюдам каранавірусу ў аэрапортах Беларусі, а таксама іншых краінаў узмацнілі захады бясьпекі: з дапамогай спэцыяльных рамак і іншых прыбораў вымяраюць тэмпэратуру людзей, якія ляцяць з Кітаю і іншых краінаў «групы рызыкі». Вядзецца санітарны кантроль на ўсіх памежных пунктах пропуску ў Беларусь.
  • Міністэрства аховы здароўя, а таксама міністэрства спорту і турызму параілі беларусам ня езьдзіць у Кітай.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя на многія іншыя рэсьпіратарныя захворваньні, неабходны дадатковы скрынінг.
  • Алесь Пілецкі

    Журналіст Радыё Свабода

Апошнія навіны