shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

12.03.2020 17:15

287 праглядаў

0 каментароў

У Віцебску масава атруціліся вучні гімназіі. На сняданак былі запяканка і бутэр з мясам

Больш за 90 дзяцей віцебскай гімназіі № 4 не прыйшлі сёння на заняткі праз недамаганне, расказалі «Нашай Ніве» бацькі.

Сярод вучняў, якія атруціліся, шмат пяцікласнікаў. У іншых класах, малодшых і старэйшых, таксама ёсць дзеці, якім сёння ўначы стала дрэнна і якія засталіся дома.

Дзеці расказваюць, што ўчора на сняданак ім давалі тварожную запяканку са смятанай, бутэрброд з варана-вэнджаным мясам і мандарыны.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», у школу сёння не прыйшло 95 чалавек. Некаторыя з іх трапілі ў Віцебскую дзіцячую абласную клінічную бальніцу.

«Мае дзеці таксама атруціліся. Малодшы ў бальніцы, старэйшы дома — яго ванітуе, і ёсць тэмпература, — расказвае жанчына. — У школе яны елі толькі абавязковы сняданак. Малодшы з гадзіны сёмай вечара адчуў недамаганне. Круціла жывот, потым паднялася тэмпература, і пачало ванітаваць. Тэмпература не збівалася. А першай гадзіне ночы выклікалі «хуткую». Старэйшаму гадзіне а 9 вечара стала дрэнна. А ранкам паднялася тэмпература».

У школе цяпер працуе санстанцыя.

«У мяне цяпер праверкі, нічога не магу вам сказаць, мы яшчэ разбіраемся. Гэта можа нават быць не атручэнне ў школе. Усё будзе заўтра вядома, заўтра будуць вынікі аналізаў», — пракаментавала дырэктарка гімназіі №4 Віцебска Ірына Сірвуціс.

Яна сцвярджае, што ў бальніцу трапіла няшмат вучняў, установа працуе ў штатным рэжыме.


https://nn.by/?c=ar&i=247684

Апошнія навіны