shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

13.03.2020 19:39

364 прагляда

0 каментароў

Бізнэсмен прывёз каранавірус у Мінск. Праз яго ў каранцін трапілі дактары «Ладэ», студэнты БДУ, вучні гімназіі № 20 і тэнісісты

11-га сакавіка работнікаў прыватнага медыцынскага цэнтра «Ладэ» адвезлі на каранцін: да іх завітаў пацыент, якія выявіўся хворым на каранавірус. А на наступны дзень у каранцін масава звозілі людзей з факультэта міжнародных адносінаў БДУ: там у аднаго са студэнтаў таксама падазравалі захворванне.

Медыцынскі цэнтр «Ладэ». Фота Надзеі Бужан

Справа ў тым, што наведнік «Ладэ» — бацька таго самага студэнта БДУ.

«Нашай Ніве» вядомыя імя і прозвішча гэтага чалавека, але заканадаўства ахоўвае медыцынскую таямніцу і таму забараняе агучваць гэтыя звесткі.

Гэта буйны бізнэсмен, заснавальнік і кіраўнік шэрагу кампаній у Расіі і Беларусі. Ён вярнуўся з замежнай паездкі і не прызнаўся, што наведаў Італію.

Пра гэта распавёў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік:

«Пацыент, які быў шпіталізаваны 9 сакавіка ў Мінску з пнеўманіяй, [знаходзіцца] ў стане сярэдняй ступені цяжкасці.

Ён схаваў і ад нас, і ад супрацоўнікаў «Ладэ», што знаходзіўся ў Паўночнай Італіі, бо прыляцеў ён рэйсам з Мюнхена».

«З ім размаўлялі па тэлефоне нядаўна, ледзь-ледзь гаварыў», — паведаміў «Нашай Ніве» адзін са знаёмых бізнэсмена.

Мужчыну стала кепска прыкладна 4 ці 5 сакавіка. Шпіталізавалі яго толькі 9 сакавіка. За гэты час ён меў больш за 90 чалавек «першага кантакта».

А праз два дні, 12 сакавіка, пачалася «масавая эвакуацыя» студэнтаў БДУ. Па словах навучэнцаў, у каранцін адправілі некалькі дзясяткаў чалавек, якія мелі стасункі з другакурснікам факультэта міжнародных адносінаў. Гэты другакурснік — сын таго самага бізнэсмена.

У выніку шпіталізавалі і студэнта, і яго аднакурснікаў, і жыхароў аднаго з інтэрнатаў БДУ, у якім жылі аднакурснікі студэнта. Вучняў вывозілі на машынах хуткай дапамогі. Цяпер іх чакае каранцін.

«Наша Ніва» звязалася з тым самым студэнтам. Ён адмовіўся ад каментараў, толькі коратка паведаміў, што з ім нібыта ўсё добра.

Аднак адна з сябровак студэнта ўсё ж паспела заразіцца. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя на брыфінгу 13 сакавіка.

Акрамя таго, на каранціне яшчэ трое чалавек. З імі бізнэсмен паспеў пагуляць у тэніс яшчэ 2 сакавіка.

«Да нас ён прыйшоў, калі адчуваў сябе добра. Разам з трыма партнёрамі пагуляў у тэніс, пасля з’ехаў. Добра, што тады корты былі пустыя, а дзіцячыя спаборніцтвы скончыліся гадзіны на тры раней. Пасля яны нікуды не заходзілі, адразу раз’ехаліся. Гэтыя госці нават раздзявальні звычайна не наведваюць, прыязджаюць у форме. Ды і пасля мы правялі дэзынфекцыю, таму цяпер усё дакладна нармальна.

Цяпер на каранціне трое: адзін наш работнік і двое тых гульцоў. Ні ў каго каранавірус не пацвердзіўся, але іх вырашылі патрымаць на каранціне два тыдні», — паведаміў «Нашай Ніве» Самуіл Каган, кіраўнік цэнтра алімпійскага рэзерву па тэнісе.

Таксама адзін з класаў мінскай гімназіі №20 перавялі на хатняе навучанне. Прычынай зноў стаў той самы бізнэсмен — у класе вучыцца яго дачка.

Ні ў дзяўчынкі, ні ў яе мамы каранавірус не знайшлі, яны знаходзяцца ў каранціне.

«Панікі няма. Той адзін клас быў адпраўлены на хатняе навучанне, але з панядзелка дзеці вернуцца ў школу. Дзяўчынка, чый бацька захварэў, пакуль што застанецца ў каранціне», — кажуць у школе.

Ці будуць бізнэсмена прыцягваць да нейкай адказнасці? Спецыялісты Міністэрства аховы здароўя падчас брыфінгу заявілі, што пакуль галоўнае, каб ён выздаравеў. Аднак у любым разе беларускае заканадаўства не прадугледжвае пакаранне ў падобных сітуацыях.
https://nn.by/?c=ar&i=247782

Апошнія навіны