shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

23.03.2020 13:06

146 праглядаў

0 каментароў

«Дзіця не запамінае гэтых дэбільных словаў». Педагог з-пад Клімавічаў запісала абуральнае ВІДЭА пра беларускую мову

Іна Кардабнёва жыве ў аграгарадку Ціманава пад Клімавічамі і працуе інструктарам-метадыстам у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Скончыла фізкультурны ўніверсітэт, удзельнічае ў чэмпіянатах краіны па лёгкай атлетыцы. У сацсетках піша, што ганарыцца тым, што з’яўляецца настаўніцай.

У вольны ад школы час Іна займаецца нарошчваннем веек.

Але праславілася жанчына не як педагог.

Нядаўна Іна завяла ютуб-канал. Такіх ў інтэрнэт-прасторы мільёны — касметыка, макіяж, падарункі на 8 сакавіка… Папулярнасць не даходзіла і да 1000 праглядаў, усё ж канкурэнцыя з боку школьніц велізарная.

І Кардабнёва знайшла выйсце. Яна выклала абразлівае відэа пра беларускую мову. У ім жанчына абураецца, што яе сыну даводзіцца вучыць у школе гэты «нікому непатрэбны прадмет».

«Беларуская мова ў нас нідзе не выкарыстоўваецца. Адзінае выключэнне, не ведаю, для каго гэта зрабілі, напэўна, для нейкага понту, — у метро ў Мінску аб’яўляюць прыпынкі на беларускай мове. Да чаго гэта наогул, незразумела», — вяшчае блогерка.

І дадае, што беларуская патрэбна толькі для таго, каб вывучыцца на настаўніка беларускай мовы.

Інструктарка лічыць, што родная мова замінае вучыць рускую.

«Калі сын робіць у беларускай мове рускія памылкі, мяне гэта не прыводзіць у шаленства, але калі ў рускай мове гэтыя калгасныя беларускія памылкі з’яўляюцца, вось гэта мяне проста забівае».

Іна кажа, што не сварыцца на сына за дрэнныя адзнакі па белмове і наогул з радасцю б дазволіла яму не вывучаць гэты прадмет.

«Але яна ж [беларуская мова], сабака, уплывае на гадавыя адзнакі, на атэстат»,

— хвалюецца маці.

«Навошта рабіць нашых дзяцей яшчэ больш тупымі, бо яны праз беларускую не могуць вывучыць рускую мову <…> Яна ж працягвае нам пудрыць мазгі да 11 класа!» — выказваецца яна.

Дома Іна не ўжывае «стромных» беларускіх словаў, таму зрабіць дамашку для дзіцяці па гэтым прадмеце — сапраўднае выпрабаванне.

«Дзіцяці трэба пераказаць тэкст, а ён не запамінае гэтых дэбільных словаў… Я нават не хачу, каб ён іх вучыў, каб забіваў сваю галаву гэтымі непатрэбнымі абсалютна словамі».

Па словах блогеркі, ад роднай мовы толькі адны праблемы.

«Калі з глыбінкі дзеці прыязджаюць з малпавым, калгасным акцэнтам, гэта перашкаджае ім!» — працягвае вяшчаць педагог, шкадуючы, што ў яе няма «прыгожага маскоўскага акцэнту», а людзям «цяжка слухаць каравае беларускае маўленне».

Беларускую мову жанчына называе ламанай рускай і падсумоўвае:

«Вельмі непатрэбная мова, хай бы яна гарэла сінім полымем».

Відэа ўжо набрала 10 тысяч праглядаў і 4 тысячы дызлайкаў. Самы папулярны каментар (амаль 800 лайкаў) пра тое, што Карданёва — разумова непаўнавартасная.

«Наша Ніва» звязалася з жанчынай. Іна расказвае, што даўно хацела запісаць такі зварот.

— Я проста выказала сваё меркаванне. А ўбачыла неадэкватныя каментары, людзі сталі жудасна абражаць мяне, нават пагрозы сталі паступаць. Напісалі, што я абражаю і радзіму, і нацыю.

— А вы не лічыце, што абражаеце?

— Не, канечне, не лічу.

Сваю пазіцыю яна лічыць абгрунтаванай:

«Не проста «мне не падабаецца» і ўсё. Дзецям складана беларускую мову вучыць. Ні па якім іншым прадмеце я такога не скажу, ні па астраноміі, ні па фізіцы. Асабліва цяжка даецца дзецям у малых гарадах. Яны і так не чуюць там рускае маўленне».

Пры гэтым Іна запэўнівае, што яна патрыётка.

«Як мінімум двойчы на месяц слухаю гімн, бо ён гучыць на адкрыцці спаборніцтваў».


https://nn.by/?c=ar&i=248424

Апошнія навіны