shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

31.03.2020 17:25

418 праглядаў

0 каментароў

«Дзяцей і трактарыстаў адправілі на карантын. У некаторых — каранавірус». Як пандэмія дабралася да беларускай вёскі

Афіцыйнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Новых Доктаравічах (Капыльскі раён Менскай вобласьці), няма дагэтуль.

«Аналізаў ня бралі, тэмпэратуру памералі»

Пра тое, што ў Капыльскім раёне здарылася нешта незвычайнае, стала вядома ў нядзелю 29 сакавіка. «Увечары пайшлі чуткі па горадзе, што лякарню закрываюць, — расказвае Свабодзе жыхар райцэнтру Аляксандар. — Нібыта выпісваюць усіх, хто больш-менш здаровы, а саму лякарню закрываюць на карантын. Ну гавораць і гавораць. А сёньня іду, а там на дзьвярах абвестка, што бальніца закрытая».

Закрылі Капыльскую раённую лякарню не для ўсіх. У панядзелак 30 сакавіка сюды як мінімум двойчы прыяжджаў школьны аўтобус з Новых Доктаравічаў. Спачатку прывёз некалькі дзясяткаў дзяцей, затым каля васьмі дарослых. Яны літаральна забягалі ў будынак, хаваючыся ад фотаапарата.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Куды і навошта вязуць нашых дзяцей?!» У Капыльскім раёне школьнікаў масава правяраюць на каранавірус. ФОТА

На вуліцах самога Капыля спакойна. Людзей у мэдыцынскіх масках не відаць, па вуліцах езьдзіць транспарт, працуюць крамы. У Новых Доктаравічах, адкуль у капыльскую лякарню 30 сакавіка прывозілі людзей аўтобусам, усё іначай.

«Нам у нядзелю, 29-га, сказалі, што нехта захварэў нібыта, але я больш нічога не ведаю, — расказвае жыхар Новых Доктаравічаў. — У мяне аналізаў не бралі, толькі тэмпэратуру памералі. Сказалі, што нармальная, і ўсё. Хадзілі па дамах тут увечары».

Дом нашага суразмоўцы на ўскрайку вёскі. Адсюль да школы, якая стаіць паміж Старымі і Новымі Доктаравічамі, прыкладна два кілямэтры. Менавіта тут працуе настаўніца, у якой, па чутках, пацьвердзіўся каранавірус. Настаўніцу шпіталізавалі яшчэ ў сярэдзіне сакавіка. Пасьля яе з Новых Доктаравічаў і некалькіх суседніх вёсак «забралі», як кажуць мясцовыя, яшчэ некалькіх чалавек. А ў нядзелю 29 сакавіка мэдыкі пачалі літаральна прачэсваць навакольле ў пошуках вучняў захварэлай настаўніцы. На наступны дзень іхныя бацькі атрымалі са школы паведамленьне, што дзяцей трэба тэрмінова прывезьці ў школу, адкуль іх забяруць на праверку. Куды і як надоўга, людзям не патлумачылі.

«Навіны пачытаць заходзім у інтэрнэт»

«Дзяцей усіх паклалі ў капыльскую лякарню на 14 дзён, — расказала Свабодзе маці аднаго з школьнікаў на наступны дзень. — На карантын. Але сёньня стала вядома, што ў некалькіх вучняў станоўчы аналіз на каранавірус. Яны ўсе сябе добра адчуваюць, тэмпэратура не вышэйшая за 37 градусаў. Бачыцца зь дзецьмі мы пакуль ня можам. Я ўжо пачытала ў інтэрнэце камэнтары крытычныя. Маўляў, навошта мы дзяцей аддавалі. Але што нам рабіць? Мы ж нічога ня ведаем, што далей будзе і як, як нам быць, як лепш?»

Па словах жыхаркі Новых Доктаравічаў, сытуацыя ў вёсцы цяпер напружаная. Яшчэ ўвечары 30 сакавіка з райцэнтру зноў прыехалі «забіраць» людзей. Вывезьлі каля дзесяці чалавек, большасьць супрацоўнікі мясцовага сельгаспрадпрыемства, у тым ліку трактарысты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка: Труціць вірус гарэлкай, а «трактар вылечыць усіх». ВІДЭА

«Што нам тут рабіць цяпер, шмат у каго ж гаспадаркі, — пытаецца жанчына. — А далей што будзе? Нібы больш няма хворых у вёсцы. Пакуль няма. Настаўнікі ўсе прасілі спыніць заняткі, не адкрываць школу пасьля вакацый. Але крама працуе, пошта працуе. Мы самі ў інтэрнэт заходзім навіны пачытаць, нешта даведацца пра тое, што адбываецца ў Доктаравічах і Капылі».

«Яе мужа забралі толькі сёньня, пасьля абеду»

Дом, дзе жыве сям’я хворай на каранавірус настаўніцы, нам паказваюць у мясцовай краме. Жанчына за касай стаіць у масцы. Расказвае, што яе муж таксама «ўжо там, пад падазрэньнем». Настаўніца Натальля А. жыве ў Новых Доктаравічах разам з мужам. Звычайны цагляны нетынкаваны дом. На брамцы ланцуг. Сусед настаўніцы Мікалай Васілевіч гаворыць, што каранавірус мог трапіць у Доктаравічы зусім не празь яе.

«Дзьве вэрсіі ёсьць. Нібыта з Гішпаніі прыяжджалі родныя да іх, — кажа Мікалай. — Ці яны езьдзілі ад іх у Менск, я дакладна не ведаю. Так маглі заразіцца. А другія вэрсія — у школьнай тэхнічкі Валянціны Т. сын дальнабойнік. Адтуль таксама магло пайсьці. Дальнабойнік прыехаў з Галяндыі. У яго быццам адразу ўсё нармальна было. Там жа 14 дзён трэба, каб вірус праявіўся».

Мікалай Васілевіч расказвае, што з суседзямі асабліва не кантактаваў. Яны абое ўжо ва ўзросьце, муж настаўніцы — вайсковы пэнсіянэр, палкоўнік. Паходзяць з Расеі, жылі ў Азэрбайджане, пасьля ў Менску. Яна выкладала ў ВНУ. Прыкладна 4 гады таму пакінулі кватэру дарослай дачцэ, а самі пераехалі ў Новыя Доктаравічы.

«Што цяпер з настаўніцай, ніхто ня ведае дакладна, — працягвае Мікалай. — Вядома толькі, што восем чалавек у 6-ю клінічную лякарню ў Менск адвезьлі, а яшчэ восем недзе паміж Лагойскам і Барысавам на карантыне. Усяго 16 чалавек. Забіралі ўчора ўвечары і сёньня ранкам».

Мужа настаўніцы Натальлі А. у Доктаравічах бачылі яшчэ ў панядзелак 30 сакавіка. Кажуць, заходзіў у краму. Сусед Мікалай гаворыць, што прыехалі па яго па абедзе 30 сакавіка, калі доктаравіцкіх дзяцей ужо адвезьлі на карантын у капыльскі шпіталь.

«Яе мужа з дачкой забралі толькі сёньня, пасьля абеду, — расказвае сусед сям’і (размова адбывалася ўвечары 30 сакавіка. — РС). — Прыехаў „пікапчык“. Ня „хуткая“, а звычайнага колеру. За рулём быў чалавек у спэцкасьцюме. Яны селі ў машыну і паехалі. Ведаю яшчэ, што бібліятэкарку забралі. Вось з гэтага дома забралі жанчыну, яна выхавальніца. Забралі разам з маці ў лякарню. Пра каранавірус нам сказалі, што толькі ў настаўніцы дакладна. Пра іншых нічога мы не ведаем. Кажуць, што калі трэці аналіз пацьвярджаецца, то тады паведамляюць афіцыйна. Тры аналізы пакуль былі толькі ў настаўніцы, яна трапіла самая першая ў лякарню. Нават урок не давяла, забралі са школы».

Па словах Мікалая, у нядзелю 29 сакавіка мэдыкі заходзілі і да яго. Памералі тэмпэратуру і пайшлі. Спосабы абароны ад каранавірусу мужчына вынайшаў самастойна. Расказвае, што збольшага сядзіць дома з катамі, з суседзямі перагаворваецца праз вуліцу.

«Пяты дзень сяджу, як у казэмаце, нікуды не выходжу з дому, баюся. Чаму адразу ў нас тут усё не закрыць? ЧП будзе добрае. Усе людзі як людзі, а наш акадэмік ва ўсіх пытаньнях. Ні карантыну, нічога. У хакей гуляе. Уся дапамога — тэрмомэтар. Сто грамаў і едзь у поле, працуй».

31 сакавіка, празь дзень пасьля падзей у Новых Доктаравічах, стала вядома пра першую ў Беларусі сьмерць хворага з каранавірусам. Памёр актор тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску Віктар Дашкевіч, яму было 75 гадоў.

https://www.svaboda.org/a/30520042.html

Апошнія навіны