shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

18.05.2020 20:22

697 праглядаў

0 каментароў

Святлана Лінкевіч: Шумілінцы рана пачалі расслабляцца

Толькі апошнія некалькі дзён намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай часці Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч пасля працоўнага дня ідзе дамой. Дагэтуль больш за месяц домам для С. Лінкевіч была цэнтральная раённая бальніца. Яна як прыйшла 5 красавіка на дзяжурства, так і не пакідала сцены ўстановы.

Святлана Лінкевіч

Дома яе чакаюць старэйшая дачка Карына, якая зараз знаходзіцца на дыстанцыйным навучанні (яна – студэнтка ВДМУ) і муж Віталь (ён таксама медык, працуе ў Віцебску). Яшчэ двое дзяцей – Каця і Паша – у бабулі і дзядулі, там жывуць і вучацца (бабуля – строгі «настаўнік», у яе асабліва не пасваволіш). У бліжэйшыя дні ўся сям’я Лінкевічаў урэшце збярэцца разам, і мама зможа абняць сваіх родных.

5 красавіка стала вядома, што Шумілінская ЦРБ перапрафілюецца пад прыём пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй (дагэтуль хворыя адпраўляліся ў Гарадоцкую інфекцыйную бальніцу ці на Віцебск). «Мы, канешне, да апошняга спадзяваліся, што нас пранясе. Не пранясло», – прызнаецца Святлана, з якой мы гутарым у прыёмным пакоі. Яна – у поўнай экіпіроўцы, я – у масцы, пальчатках, на дапушчальнай дыстанцыі.

Не задумваючыся, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай часці прыняла рашэнне, што будзе ў эпіцэнтры, у той самай «чырвонай» зоне. Кожны дзень. Яна не скрывае: трое першых сутак не заснула ні на гадзіну. Не магла. Трэба было ўсё абдумаць да дробязей, наладзіць працэс, абсталяваць усе зоны («чырвоную», «чыстую»), падабраць медперсанал (некаторых угаварыць, пераканаць). Безумоўна, вельмі дапамаглі абласныя эпідэміёлагі. Разам з імі адпрацавалі ўсе этапы работы з пацыентамі.

«Вельмі ўразіла, як шумілінцы аднесліся да навіны, што ў нашай бальніцы будуць лячыць хворых на каронавірус, – працягвае Святлана. – У першыя суткі, да позняй ночы, шылі землякі для нас ахоўныя касцюмы і маскі, валанцёры прывезлі рэспіратары, шчыткі, неабходнае для работы з інфекцыйнымі хворымі. Усяго гэтага, шчыра скажу, не хапала. Цяпер усяго ўдосталь, ёсць добры запас. Падтрымалі індывідуальныя прадпрымальнікі, арганізацыі і прадпрыемствы. Забяспечылі прадуктамі харчавання: сокам, вадой, фруктамі. Гэта, канешне, надало сілы».

Пад прыём і лячэнне хворых на каронавірус, пнеўманію і кантактнікаў першага ўзроўню была пераабсталявана большасць аддзяленняў. Чаго ўтойваць, у першы час было цяжка і псіхалагічна, і фізічна. Сітуацыю ўскладніла тое, што некалькі медыкаў, не маючы на першапачатковым этапе належных сродкаў індывідуальнай абароны, таксама захварэлі і выйшлі са строю на пэўны перыяд. Так што нагрузка была неймавернай.

Немагчыма перадаць тыя пачуцці, якія я адчувала разам са сваімі пацыентамі, калі мы перамагалі гэты каронавірус. Пацыенты звычайна плачуць».

Святлане Лінкевіч як начмеду даводзіцца па доўгу службовых абавязкаў пастаянна наведваць розныя аддзяленні бальніцы, праводзіць абход хворых, даваць кансультацыі, сачыць за працэсам. Кожны раз пры выхадзе з «чырвонай, бруднай» зоны даводзіцца пераапранацца, каб ні самой не заразіцца, ні калег і знаёмых не паставіць пад удар. Справа дайшла да аўтаматызму, кажа ўрач, хаця адной пераапранацца нязручна.

Хочацца спадзявацца, што самы пік мінаваў. Шумілінскія медыкі канстатуюць, што раён выйшаў на плато стабілізацыі. І можна крыху ўздыхнуць. Хаця Святлана Лінкевіч, выйшаўшы, як кажуць, у свет, дужа занепакоена тым, што многія шумілінцы ў магазінах і грамадскіх месцах без масак і пальчатак.

«Рана расслабляцца! – звяртаецца ўрач да землякоў. – Нельга губляць пільнасць! Трэба працягваць насіць маскі, апрацоўваць рукі, вытрымліваць дыстанцыю. Па магчымасці заставацца дома».

Надзвычайныя і экстрэмальныя сітуацыі правяраюць людзей на трываласць і надзейнасць. Многіх намеснік галоўнага ўрача ўбачыла па-новаму, многіх адкрыла для сябе. І сёння яна не можа не назваць тых, хто падставіў плячо, прадэманстраваў сваю прафесійную прыгоднасць, гатоўнасць у самых складаных умовах выконваць свае абавязкі – працаваць у камандзе, перамагаць хваробу, ставіць пацыентаў на ногі. Гэта ў першую чаргу медсёстры дзіцячага, інфекцыйнага і хірургічнага аддзяленняў. Гэта загадчыца рэанімацыйнага аддзялення Вольга Барадзіна, якая ў пэўны час засталася адна на ўсю рэанімацыю. Гэта і загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення Людміла Зубарава, якая з першага дня і да сённяшняга часу на перадавой, нягледзячы на тое, што ў яе маладая сям’я.

«Чаго зараз хочацца больш за ўсё?» – пытаюся на развітанне ў Святланы Лінкевіч.

«У водпуск і цішыні – усміхнулася яна. – Каб уся сям’я была разам. І каб хутчэй усё гэта скончылася».
Нам усім гэтага вельмі хочацца!

Алена КАРПУШЭНКА.
"Герой працы"
чытаць цалкам тут: http://www.shumilino.by/?p=54616

Апошнія навіны