shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

22.05.2020 17:09

195 праглядаў

0 каментароў

Вярхоўны суд зацьвердзіў сьмяротныя выракі братам Косьцевым, якія забілі настаўніцу

Калегія крымінальных спраў Вярхоўнага суду разгледзела 22 траўня апэляцыйную скаргу жыхароў Чэрыкава Станіслава і Ільлі Косьцевых і пакінула прысуд абодвум бяз зьменаў.


Станіслаў Косьцеў у судзе

Калегія крымінальных спраў Вярхоўнага суду разгледзела 22 траўня апэляцыйную скаргу жыхароў Чэрыкава Станіслава і Ільлі Косьцевых і пакінула прысуд абодвум бяз зьменаў.

Іх расстраляюць, калі не памілуе Аляксандар Лукашэнка. Разгляд скаргі братоў Косьцевых доўжыўся больш за 3 гадзіны. Пасьля хадайніцтва абаронцаў да матэрыялаў справы далучылі характарыстыкі на Ільлю і Станіслава Косьцевых зь сямейнага дзіцячага дома, дзе яны выхоўваліся. Гэтыя характарыстыкі збольшага былі станоўчыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За жорсткае забойства настаўніцы ў Чэрыкаве двух братоў асудзілі на расстрэл

На разгляд скаргі братоў Косьцевых ня здолела трапіць іхная маці Натальля Косьцева, якая адбывае «хімію» за нясплату алімэнтаў дзяржаве. У судзе агучылі зьвесткі, паводле якіх Натальля Косьцева ў 2014 годзе была пазбаўлена бацькоўскіх правоў на яе сыноў Ільлю і Станіслава, якія далей выхоўваліся ў дзіцячым доме сямейнага тыпу.

Ільлю Косьцеву 21 год, ягонаму брату Станіславу 19. У студзені 2020 году калегія Магілёўскага абласнога суду прыгаварыла братоў Косьцевых да сьмяротнага пакараньня праз расстрэл. Іх прызналі вінаватымі ў забойстве 47-гадовай настаўніцы Натальлі Кастрыцы. Гэта адбылося ў красавіку 2019 году ў Чэрыкаве. Ільля і Станіслаў забілі Натальлю Кастрыцу і падпалілі яе дом, дзе знаходзілася цела забітай, каб, паводле сьледзтва, схаваць сьляды злачынства.

Ільля Косьцеў

Абвінавачаныя сваю віну ў забойстве прызналі, раскаяліся і ў апошнім слове на працэсе ў Магілёўскім абласным судзе папрасілі прабачэньня ў родных забітай жанчыны.

Маці забітай настаўніцы ў шчырасьць асуджаных не паверыла і вітала сьмяротны прысуд. «Яны забівалі яе ўсю ноч. Забітай перарэзалі горла. І шкадавалі, што не пасьпелі цела ўтапіць. Такім няма месца на зямлі», — казала жанчына пасьля працэсу ў Магілёўскім абласным судзе.

Вядома, што справа знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ да прысуду Лукашэнка публічна выказаўся пра справу «двух падонкаў, якія ўсю ноч забівалі сваю настаўніцу». Абаронцы Косьцевых лічаць, што на суд быў аказаны ціск, што парушыла права абвінавачаных на справядлівы судовы разбор.

Сястра братоў Косьцевых: «Яны не спадзяюцца, што ім дадуць шанец»

На разглядзе апэляцыйнай скаргі братоў Косьцевых у Вярхоўным судзе прысутнічала іх родная сястра Ганна Елісеенка.

Апошні раз сваіх братоў Ганна бачыла ў лютым, яшчэ ў Магілёўскім сьледчым ізалятары. Потым Косьцевых перавялі ў Менск у СІЗА на Валадарскага, а там спатканьняў з імі пакуль не давалі. Але лісты ад братоў яна атрымлівае.

«Пра Станіслава ведаю, што ў яго бывае сьвятар, падтрымлівае яго маральна. Ільля піша, што ня верыць у тое, што яму зьменяць прысуд, але спадзяецца дапамагчы брату, адчувае сваю адказнасьць за яго. Напісаў, што мусіць трымацца, каб паказаць прыклад брату. З большага яны абодва не спадзяюцца, што ім дадуць шанец, хаця вельмі хочуць яго атрымаць. Каяцца — ну, вы чулі сёньня гэта ў судзе. Яны шчыра ўсё казалі. А я яшчэ не губляю надзею. Нават не хачу думаць, што будзе, калі суд адмовіць», — сказала карэспандэнту Свабоды сястра братоў Косьцевых за гадзіну да абвяшчэньня Вярхоўным судом свайго рашэньня.

Сястра асуджаных Ганна Елісеенка

За што браты Косьцевы забілі настаўніцу Натальлю Кастрыцу?

Паводле сьледзтва, Ільля і Станіслаў Косьцевы вырашылі адпомсьціць настаўніцы за тое, што на падставе яе заявы на прафіляктычны ўлік як сацыяльна небясьпечную паставілі сям’ю іхнай сястры Ганны, якая мае малалетніх дзяцей. Рашэньне адпомсьціць настаўніцы браты Косьцевы нібыта прынялі, быўшы нападпітку. Яны прыйшлі ў дом настаўніцы і сталі яе біць, а потым пачалі забіваць нажамі. Экспэртыза налічыла на целе забітай больш за 130 нажавых раненьняў.

У апэляцыйных скаргах Ільля і Станіслаў Косьцевы выказвалі нязгоду з кваліфікацыяй злачынства. Зь іх словаў, яны ня мелі намеру помсьціць Натальлі Кастрыцы, а тым больш яе забіваць, а толькі хацелі зь ёй пагаварыць. Паводле падсудных, сьмерці настаўніцы папярэднічала сварка, якую яна справакавала сваімі выказваньнямі ў іх адрас.

Што сказалі браты Косьцевы ў Вярхоўным судзе?

Сёньня суд даў магчымасьць Ільлю Косьцеву і ягонаму брату Станіславу зноў выступіць з тлумачэньнямі.

Ільля Косьцеў адразу заявіў, што прызнае віну ў забойстве, але ня згодны з тым, што зьбіраўся адпомсьціць Натальлі Кастрыцы.

«Я раскайваюся ўсёй душой і целам у тым што, зрабіў, што аднятае жыцьцё чалавека, што я сваімі рукамі гэта зрабіў і зламаў жыцьцё брата», — казаў Ільля. Спачатку ягоны голас гучаў цьвёрда, потым пачаў дрыжаць.

«Дагэтуль не магу паверыць у тое, што адбылося, не магу знайсьці тлумачэньня. Колькі сябе помню, быў заўсёды бесканфліктным, нікому ня ўлазіў у жыцьцё», — выказаўся пра сябе Ільля Косьцеў. Ён патлумачыў, чаму раней не напісаў сям’і пацярпелай ліст з прабачэньнямі. «У мяне не хапіла духу напісаць ліст вам, я баяўся, што мае словы толькі пагоршаць ваш боль. Я шчыра прашу прабачэньня і выказваю спачуваньні», — зьвярнуўся Ільля да сваякоў забітай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Асуджанаму на сьмерць за забойства ў Чэрыкаве ўсё ж дазволяць сустрэцца са сьвятаром

Ільля расказаў пра сваё дзяцінства. Што спачатку памёр старэйшы брат Руслан, а потым, калі Ільлі было ўсяго 3 гады, памёр іхны бацька, і маці засталася з чатырма малымі дзецьмі адна. «Маці працавала ў калгасе. Як магла, старалася нас гадаваць, але 4 дзяцей выгадаваць вельмі цяжка», — сказаў асуджаны. Паводле Ільлі Косьцева, з 11 гадоў ён пачаў працаваць, каб зарабіць хоць крыху грошай. «Імкнуўся да лепшага жыцьця, не перашкаджаў нікому. Закончыў ліцэй, паехаў працаваць у Расею. Я не прашу міласьці, проста хачу, каб вы зразумелі нас, што мы нармальныя людзі. Я пераасэнсаваў сваё жыцьцё ў СІЗА».

Ільля больш прасіў не за сябе, а за брата

Паводле Ільлі Косьцева, маці Натальля выхоўвала іх гэтак, каб яны баранілі адзін аднаго. Цяпер Ільля вінаваціць сябе, што не спыніў брата, калі той вызваўся ісьці зь ім пагаварыць з настаўніцай Натальляй Кастрыцай.

Ільля Косьцеў

«Мне горка жыць з думкай, што менавіта я забіў чалавека і зламаў жыцьцё брата. Прашу не даваць брату найвышэйшую меру, даць яму шанец на жыцьцё. Я веру ў тое, што вы гэта зробіце», — сказаў Ільля і заплакаў.

Станіслаў Косьцеў, як і ягоны брат, прызнаў сябе вінаватым у забойстве, але не прызнаў помсту як матыў.

«Вельмі шкадую, што прычыніў такую боль людзям. Дагэтуль не магу зразумець, як гэта адбылося. Але факт ёсьць факт. Шчыра раскайваюся і шкадую. Прашу, не пазбаўляйце нас жыцьця, а пакарайце на такі тэрмін, які вы лічыце патрэбным», — зьвяртаўся да судзьдзяў Станіслаў Косьцеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Не пазбаўляйце нас жыцьця». Браты, абвінавачаныя ў жорсткім забойстве настаўніцы, выступілі з апошнім словам

Ці быў Ільля Косьцеў злосным злачынцам на момант забойства Натальлі Кастрыцы?

Адвакат падсуднага Тацяна Падрэцкая гэта аспрэчвае. Паводле абаронцы, Ільля Косьцеў раней не прыцягваўся да адказнасьці за цяжкія злачынствы, а быў асуджаны толькі за невялікія кражы, які зрабіў у ліпені 2012 году. Так, за першую кражу, на 150 рублёў, яго пакаралі 240 гадзінамі грамадзкіх работ. А ў другой справе, за кражу ў складзе групы на суму 10 рублёў, ён быў асуджаны на 2 месяцы арышту, якія адбыў.

«Па сутнасьці, асуджаныя — гэта ўчорашнія дзеці зь няпростым лёсам. І яны заслугоўваюць, каб ім далі шанец на новае жыцьцё», — закончыла прамову адвакатка Ільлі Косьцева, і яе голас задрыжэў ад сьлёз.

Адвакат Людміла Казак таксама даводзіла суду, што яе падабаронны Станіслаў Косьцеў да ўчыненага ў 2019 годзе злачынства ня ўяўляў небясьпекі для грамадзтва. Паводле яе, у малодшага брата Косьцева была адна нязначная судзімасьць — ён прысабечыў гітару, што палічылі махлярствам. Абаронца нагадала, што экспэртыза выявіла ў Станіслава Косьцева псыхічны разлад. Людміла Казак мяркуе, што асобу Станіслава Косьцева і ягоны лёс Магілёўскі абласны суд вывучыў недастаткова.

«Можна нагадаць пра тату, якое ён сам нанёс на руцэ — „Сям’я вышэй за ўсё“. Гэта сьведчыць, што яму заўсёды не хапала сям’і, добрага сямейнага выхаваньня», — заўважыла адвакатка Людміла Казак і папрасіла суд замяніць найвышэйшую меру Станіславу Косьцеву на больш мяккае пакараньне.

На разглядзе скаргі ў Вярхоўным судзе асуджаныя браты Косьцевы знаходзіліся ў жалезнай клетцы ў мэдычных масках. Судзьдзі Вярхоўнага суду і пракурор маскамі не карысталіся.

Адвакаты асуджаных таксама заявілі, што лічаць сьмяротныя прысуды іх падабаронным несправядлівымі. Паводле абаронцаў, віна братоў Косьцевых у наўмысным забойстве ў судзе не была даказаная, а сьледзтва супраць іх праходзіла з шэрагам парушэньняў. Адвакаты таксама мяркуюць, што суд не ўлічыў маладога ўзросту братоў Косьцевых і абставіны іхнага дзяцінства ды выхаваньня.

«Судом не прад’яўленыя доказы выключнай небясьпекі падсуднага Станіслава Косьцева», — лічыць, да прыкладу, адвакатка Людміла Казак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пагрозы і перасьлед. Як жывуць сваячкі асуджаных на сьмяротнае пакараньне братоў з Чэрыкава

Што сказалі сваякі забітай?

Пацярпелы Аляксандар Кастрыца назваў скаргі адвакатаў неабгрунтаванымі. Ён нагадаў, што падсудныя ўключылі газ і падпалілі дом. «Там быў наўмысны падпал, каб зьнішчыць усю маёмасьць. Прашу прыняць строгае і справядлівае рашэньне», — зьвярнуўся ён да суду.

Маці Натальлі Кастрыцы Вера Гардзіевіч таксама падтрымала найвышэйшую меру пакараньня для Ільлі і Станіслава Косьцевых. Гардзіевіч мяркуе, што браты Косьцевы «два гады выношвалі пляны адпомсьціць» яе дачцэ Натальлі. Маці загінулай зьвярнулася да падсудных: «Вы жыць хочаце, а яна жыць не хацела? Яна вас прасіла, уцякала ад вас, а вы яе дабілі».

Станіслаў Косьцеў

Пацярпелая зачытала цялесныя пашкоджаньні, якія, паводле экспэртызы, былі нанесеныя братамі Косьцевымі яе дачцэ Натальлі. Гэты пералік доўжыўся каля 3 хвілін. Усяго такіх траўмаў больш за 150, зь іх 130 нанесеныя нажом.

«Мёртвай перарэзалі горла. Дык што, гэта ідэальныя хлопцы? Абурае цынізм злачынцаў, яны не раскаяліся», — мяркуе маці забітай Вера Гардзіевіч.

https://www.svaboda.org/a/30627635.html

Апошнія навіны