shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

27.05.2020 17:30

245 праглядаў

0 каментароў

Трэцяя сьмерць мэдыка ў Барысаве. Санітар памёр ад пнэўманіі на наступны дзень пасьля шпіталізацыі

Уладзімер Фралоў працаваў санітарам у брыгадзе хуткай дапамогі ў Барысаве. 18 траўня яго шпіталізавалі з падазрэньнем на інфаркт, а на наступны дзень ён памёр у рэанімацыі. Выявілася, што прычынай сьмерці стала пнэўманія. Калегі мяркуюць, што санітар быў хворы на COVID-19

60-гадовы Ўладзімер Фралоў больш за 20 гадоў працаваў на станцыі хуткай дапамогі ў Барысаве. Спачатку кіроўцам, а ў апошнія гады – санітарам. Пра гэта Свабодзе расказаў знаёмы Ўладзімера, мэдык з цэнтральнай раённай лякарні ў Барысаве.

Падчас эпідэміі каранавірусу Ўладзімер працаваў у брыгадзе, якая перавозіла пацыентаў на машыне хуткай дапамогі. Тых, хто меў пацьверджаны COVID-19, ягоная брыгада не перавозіла. Аднак гэта не выключае магчымага кантакту з інфікаванымі каранавірусам, сказаў мэдык з Барысава ў размове з карэспандэнтам Свабоды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Нашы мазкі на COVID-19 проста згубілі ці выкінулі ў сьметніцу!» Супрацоўніца «хуткай» — пра сытуацыю ў Буда-Кашалёве

«Мэдыкі з такіх брыгад часам менш дбаюць пра сваю бясьпеку, бо лічыцца, што ў іх меншая рызыка натрапіць на пацыента з каранавірусам, — сказаў барысаўскі мэдык Свабодзе. — Але гэта ўсё адно небясьпечна».

Паводле яго, Уладзімеру стала блага 18 траўня. У гэты ж дзень яго шпіталізавалі з падазрэньнем на інфаркт. У той жа дзень паклалі ў рэанімацыю. На наступны дзень санітар памёр.

Сьмерць санітара пацьвердзіла кіраўніцтва станцыі хуткай дапамогі пры цэнтральнай раённай лякарні ў Барысаве. Па словах загадчыка, Фралоў памёр ад інфаркту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У прычынах сьмерці каранавірус не напішуць». Лекаркі пра тое, што цяпер адбываецца ў менскіх шпіталях

Як стала вядома рэдакцыі, у пасьведчаньні аб сьмерці Ўладзімера Фралова напісана, што прычынай сьмерці стаў сындром рэсьпіратарнага расстройства, выкліканы двухбаковай пнэўманіяй. Пры гэтым калегі лічаць, што ва Ўладзімера Фралова быў і каранавірус.

«Невядома, ці рабілі тэст увогуле, — кажа супрацоўнік шпіталя. — Мая думка, што гэта быў каранавірус. Вельмі высокая імавернасьць. Ад звычайнай пнэўманіі людзі не паміраюць на другі дзень».

У доказ таго, што ў санітара мог быць каранавірус, мэдык прыводзіць той факт, што ўскрыцьцё цела Ўладзімера рабілі не ў Барысаве, а ў Менскім абласным моргу. Туды звычайна адвозяць нябожчыкаў, якія або дакладна памерлі ад каранавірусу, або мяркуецца, што гэта так.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Што робіць нашая краіна?! Навошта заніжаць статыстыку?» Сын памерлага фэльчара хуткай дапамогі жорстка адказаў міністру Караніку

Гэта трэцяя сьмерць мэдыка ў цэнтральнай раённай лякарні Барысава падчас эпідэміі каранавірусу. 8 красавіка памёр фэльчар хуткай дапамогі Васіль Ліпінін, а 16 траўня — мэдсястра Тацяна Кавалёнак. Абое мелі пацьверджаны каранавірус.

У Барысаўскім раёне пад лячэньне хворых на пнэўманію і COVID-19 перапрафілявалі дзьве лякарні — гарадзкую №2 і ўчастковую лякарню ў вёсцы Лошніца. Агулам гэта каля 500 ложкаў. Таксама частку пацыентаў адпраўляюць у шпіталі Жодзіна і Крупак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Паводле вядомай СМІ інфармацыі, з 16 па 19 траўня ў Беларусі ад пнэўманіі і каранавірусу загінулі чацьвёра мэдыкаў: мэдсястра і санітар у Барысаве, мэдсястра ў Пінску і лекар у Салігорску.

Свабода вядзе ўлік мэдыкаў, якія загінулі падчас пандэміі, у праекце «Сьпіс памяці». На сёньня ў ім ужо імёны 18 мэдсясьцёр, фэльчараў, лекараў і кіроўцаў, якія сталі ахвярамі пнэўманіі і каранавірусу.

https://www.svaboda.org/a/30636938.html

Апошнія навіны