shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

01.06.2020 18:58

797 праглядаў

0 каментароў

У Шумілінскім раёне ў зоне рызыкі па каранавірусе апынуліся болей за 900 чалавек?

Як вядома, Шумілінскі раён апынуўся ў ліку некалькі самых пацярпелых рэгіёнаў па Віцебскай вобласці ад пандэміі каранавіруса. Аднак афіцыйная інфармацыя не абнаўляецца.

Дарэчы, як і ўся Віцебшчына, якая больш за астатнія вобласці пацярпела ад небяспечнай інфекцыі, што часта прыводзіць захварэлых людзей да смяротных вынікаў.

На сённяшні дзень афіцыйныя даныя па нашаму раёну самыя сціплыя і да таго ж безнадзейна састарэлыя. Паводле паведамлення раённага штабу па барацьбе і абароне насельніцтва ад інфекцыі на 12 траўня было выяўлена 85 хворых на COVID-19. З іх 14 чалавек атрымалі ўскладненні пнеўманіямі, з якіх двое памерлі. Каля 100 жыхароў раёна – мелі кантакты першага ўзроўню, і крыху больш за 100 чалавек другога ўзроўню – усяго за 200 чалавек. Аднак колькі было зроблена тэстаў і якія з іх далі станоўчы вынік – не паведамляецца. Хаця гэта ніяк не падрабязнасці, а як раз тая кампетэнтная інфармацыя, вартая ўвагі для ўсяго насельніцтва раёна.

І гэта ў той час, як шумілінскія лекары заклікаюць не расслабляцца і захоўваць усе правілы перасцярогі, як пры каранцінных мерапрыемствах. Бо пік пандэміі яшчэ не пройдзены. Пры ўсім тым, што афіцыйна аб'яўленага каранціна няма: ні па раёну, ні па ўсёй краіне.

Безумоўна, у гэтай экстрэмальнай сітуацыі варта было б штодзённа падаваць даныя аб эпідэміалагічнай сіуацыі па нашаму раёну. Але мясцовы штаб зноў адгарадзіўся ад грамадскасці сцяной глухога маўчання. Бадай што, прайшло ўжо болей за два тыдні, а ні на сайце Шумілінскага райвыканкама, ні ў раённым дзярждруку чыноўнікі дагэтуль не паведамілі ніякай іншай новай інфармацыі.

Між іншым, сітуацыя па Віцебскай вобласці выклікае трывогу і працягвае пагаршацца. Адусюль з іншых рэгіёнаў паступаюць звесткі аб росце колькасці захварэлых на каранавірус. Так, у суседнім Гарадоцкім раёне на 21 траўня года зарэгістравана 126 станоўчых тэстаў на COVID-19. Перадусім выбухнуў Пастаўскі раён. Тут колькасць заражаных каранавірусам пераваліла за сотню, 369 кантактаў апынуліся пад наглядам, было зроблена 800 тэстаў. Усё гэта азначае, што станоўчымі на хваробу аказаліся 12,75% чалавек. Вылечыліся 14 чалавек, такім чынам, 78 выпадкаў каранавірусной інфекцыі тут знаходзяцца ў актыўнай фазе.

У Докшыцкім раёне было 72 хворых толькі на пмеўманію (!) па стану на 17 красавіка. Не адстае таксама і Аршанскі раён – 73 хворых і тры смерці.

Тры смерці і 62 чалавекі заразіліся каранавірусам – на днях упершыню з'явілася афіцыйная статыстыка па Чашніцкаму раёну.

Па Беларусі Мінздароўя 27 траўня выдаў прырост на 897 выпадкаў заражэння за дзень (усяго 38 956), памерла ад COVID-19 – 214 чалавек.

Насамрэч раёнаў з каранавірусам можа быць і болей, бадай што на Віцебшчыне ўжо не засталося ніводнага раёну, дзе б не рэгістравалі выпадкаў каранавірусу.

Па ўсяму відаць, што адбываецца сёння па Шумілішчыне – застаецца толькі гадаць. Два тыдні таму па Беларусі ад хворага на каранавірус было ў сярэднім 6,3 чалавека першага кантакта.
Выходзіць, калі на 12 траўня ў Шумілінскай райбальніцы заставалася 23 хворых, то тады ад гэтых хворых першага кантакта налічваецца 144 чалавекі, тады другога узроўня дасягае аж да 907 чалавек?

І адпаведна ў зоне разыкі апынулася 907 чалавек на увесь Шумілінскі раён.

Пры гэтым гэтыя 907 чалавек павінны знаходзіцца на самаізаляцы два тыдні. Але як яны выконваюць рэжым самаізаляцыі? Але больш істотна, які зараз стан здароўя гэтых 23 пацыентаў, яшчэ хворых на COVID-19?

Усе ведаюць пра самаадданасць і мужнасць шумілінскіх медыкаў, пра складаныя ўмовы цяжкай працы, дзе яны літаральна жывуць месяцамі разам з пацыентамі, не бываючы дома. Аднак пры гэтым нашы грамадзяне маюць права на больш дакладную інфармацыю аб рэальнай сітуацыі па выпадках эпідэміі ў раёне.
Жадаема, каб і ўлады, і арганізатары медыцыны кампетэнтна знаёмілі грамадзян з развіццём выпадкаў, выкліканых каранавірусам у Шумілінскім раёне. Веды — зброя, а ўтойванне, недастатковасць інфармацыі — як мінімум: недавер.

Алесь Шумскі.

Апошнія навіны