shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

05.06.2020 16:04

309 праглядаў

0 каментароў

Пенсіянерка з Гродна адказала Лукашэнку і БТ

81-гадовая пенсіянерка з Гродна, дацэнт, ветэран працы Галіна Філіпаўна Андрэйчык праславілася на ўсю краіну двойчы. Першы раз, калі 29 мая ў Горадні дала кранальнае інтэрвію Сяргею Ціханоўскаму.

Блогер абняў бабулю, а тая назвала яго ў адказ «сынком». Таксама жанчына выказалася пра сітуацыю ў Беларусі.

«Дзякуй, што выйшлі на вуліцу. Не бойцеся. Не бойцеся. Калі я памру, я ўсё ж буду ведаць, што зрабіла глыток свабоды. Дзякуй табе, дзетанька, дзякуй табе, сыночак», — кажа падчас стрыму сівая жанчына.

Другі раз слава знайшла жанчыну ў вечаровым эфіры БТ 4 чэрвеня, калі паказалі дом, дзе яна жыве — здымалі з дрона! — і агучылі на ўсю краіну спіс яе маёмасці: кватэра ў цэнтры Гродна, «катэдж» — як яны выразіліся, «дзве недабудаваныя фазэнды», мікрааўтобус-«трохгодка» мінімум за 25 тысяч даляраў.

Яе дзяцей назвалі афіцыйна беспрацоўнымі.

На Галіну Філіпаўну звярнуў увагу і асабіста кіраўнік краіны. Ён 4 чэрвеня сказаў пра 80-гадовую жанчыну ў Горадні, якая «крычала, гарлала» і якая жыве ў «палацы».

«Чаго табе не хапае?» — задаў ён рытарычнае пытанне на адрас гарадзенкі.

«Пераможам ці не?»

Галіна Філіпаўна сустракае журналістаў са слязьмі на вачах.

«А мяне што, цяпер арыштуюць?» — задае яна першае пытанне.

«Я і так на снатворных сплю. Скажыце, што будзе? Пераможам ці не?» — перажывае жанчына.

Галіна Філіпаўна не хавае сваю ўласнасць. І не разумее, чаму яна мусіць за гэта апраўдвацца.

Яна расказала, што сапраўды ў яе ёсць дом, які яна пабудавала ў 1990-х гадах. Дом будавалі 38 гадоў, сваімі рукамі. Грашыма сям’і дапамагалі сваякі з Аўстраліі. Дзядзька Ўладзімер і цётка Аліна эмігравалі туды пасля апошняй вайны.

Дом, дзе жыве Галіна Філіпаўна з сям’ёй.

Жанчына тлумачыць, што стаж у яе — 52 гады, яна выкладала эканамічную тэорыю ў горадзенскіх універсітэтах. За гэты час ашчаджала грошы, адклала сабе «на пахаванне» 5 тысяч даляраў, каб родныя маглі з ёй нармальна разьвітацца. Муж Валянцін Міхайлавіч Караўка пасьля Ленінградскага політэхнічнага інстытута працаваў вядучым спецыялістам па будаўніцтве, пайшоў з жыцця 4 гады таму.

У Галіны Філіпаўны двое сыноў. Старэйшы працуе ў сфэры турызму ў Санкт-Пецярбургу, малодшы — праграмістам у расейскай фірме ў аўтамабільнай сфэры, раней быў прадпрымальнікам, усталёўваў сігналізацыю.

Цяпер ён разам з маці, дапамагае ёй, працуе на гародзе, разьвёў рыбу ў сажалцы.

«Дык што, мы не маглі пабудаваць?» — здзіўляецца пенсіянэрка.

«Чаму ж яны сюды не зайшлі? Чаго яны пабаяліся?»

Гаспадыня абураецца, што ейную прыватную тэрыторыю паказалі з дрона без дазволу.

«Ці ж гэта можна рабіць, скажыце? Чым чалавек багацейшы, тым і краіна будзе багацейшая. А што ж калгаснікаў загналі, разагналі, а там бядуюць людзі», — тлумачыць суразмоўца.

Дом жанчыны паказалі з дрона ў вечаровым выпуску навінаў БТ

Яна не разумее, чаму здымачная група тэлеканалу БТ не зайшла да яе ў госці, не запыталася, адкуль яны маюць даход.

«Чаму ж яны сюды не зайшлі? Чаго яны пабаяліся? Я б патлумачыла, адкуль крыніца і хто дапамог», — эмацыйна кажа жанчына.

Закід Лукашэнкі, што «жанчына крычала, гарлала», Галіна Філіпаўна аспрэчвае. Кажа, што ў яе проста моцны голас і выразная дыкцыя, яна шмат гадоў працавала лектарам.

Гарадзенка крытыкуе і рыторыку кіраўніка краіны.

«Гэты чалавек кажа розную лухту: «мой народзец», каровы абасраныя», «галаву адкручу членам ураду». Як такое можна слухаць?.. Што гэта за размова? Ні культуры, нічога. Як так можна прэзыдэнту размаўляць і весьці такія прамовы?» — пытаецца Галіна Філіпаўна.

Сын Галіны Філіпаўны Дзьмітры паказвае свае «фазэнды»

Другі двухпавярховы дом, абшыты сайдынгам, стаіць на ўчастку побач. Яго, напэўна, будуюць для наступнага пакалення сям'і.

Дзьмітры кажа, што дамы будавалі сваімі рукамі за заробленыя грошы

Другая «фазэнда» сям’і Андрэйчык

«Нехта на адпачынкі ездзіў, а мы дом будавалі, 38 гадоў, сваімі рукамі. Давайце размяшчацца, тут у нас «палацы», — з іроніяй кажа сын Дзмітры і паказвае дом без аддзелкі.

Цяпер будоўля замарожаная. Другая недабудаваная фазэнда — гэта фундамент непадалёк.

Побач акуратны агарод.

Дзмітры не шкадуе, што маці выказалася на плошчы.

Гэтая «бабуля», на думку сына, аказалася мацнейшай за некаторых «мужыкоў».

«81 год, інвалід ІІ групы, так напужала, што нават да прэзідэнта на стол леглі дакумэнты… Навошта фабрыкаваць у сродках масавай інфармацыі свае здагадкі, не праверыўшы, як насамрэч жывуць людзі, і з гэтым безграшоўем ідуць да сваёй мэты, каб жыць у «краіне для жыцця»», — здзіўляецца Дзмітры.

Галіна Філіпаўна і Дзмітрый не ведаюць, якога кроку з боку ўлады чакаць наступным.

«Як пасля гэтага можна не баяцца за лёс?.. Што я цяпер буду, маўчаць? Па адным нас усіх заламаюць і нафабрыкуюць спраў. Трэба рабіць розгалас. Трэба неяк абараняцца… Маўчаць — яшчэ горш будзе, па адным задушаць», — абураецца Дзмітрый.

Паводле радыё Свабода
https://nn.by/?c=ar&i=253046

Апошнія навіны