shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

06.06.2020 18:39

579 праглядаў

0 каментароў

Пра каранавірус распавядае в.а. загадчыка Шумілінскай паліклінікі Алена Віеру: «Былі ўспышкі ў Пабедзе і Обалі»

Агульная мабілізацыя. Не толькі стацыянар, які прымае хворых на COVID-19, але і паліклініка ЦРБ ужо амаль два месяцы працуе ў новым фармаце.

Пра сістэму работы, размеркаванне сіл і прагнозы мы пагутарылі з выконваючым абавязкі загадчыка паліклінікі Аленай Віеру.

– Алена Георгіеўна, па-першае, вялікі дзякуй ад шумілінцаў вам, усім медыкам і работнікам бальніцы за гераічную работу. Магу меркаваць, што ў такіх умовах вам прыйшлося працаваць упершыню, нягледзячы на багаты прафесійны стаж.

– Так, усе мы з пандэміяй сутыкнуліся першы раз. Такога аб’ёму і ўмоў работы, такой народнай падтрымкі ніколі не было. Калі раней да ўсплёскаў вірусных інфекцый народ, як правіла, ставіўся спакойна, то цяпер небяспеку распаўсюджання невядомага віруса ўсвядомілі, здаецца, усе. Людзі стараюцца паўдзельнічаць у абмежаванні інфекцыі хаця б сваімі паводзінамі. Свядомасць народа ў адносінах і да свайго, і да калектыўнага здароўя значна ўзрасла. Магу канстатаваць, што агульны ўзровень смяротнасці па раёне знізіўся. У экстрэмальных умовах кожны канкрэтны арганізм здатны мабілізаваць усе свае рэсурсы.

– Сацыяльная дыстанцыя, маскі, антысептыкі… Магчыма, дадзены спіс варта дапоўніць новымі правіламі?

– Гэтых мер дастаткова для прафілактыкі. І тыя, хто думаюць, што маска – гэта ўсяго толькі прыкмета культуры паводзін, памыляюцца. У сліне максімальная канцэнтрацыя віруса, а павязка на твары – надзейны бар’ер.

– Як арганізавана работа паліклінікі ў час пандэміі?

– Наша галоўная задача – прыпыніць распаўсюджанне віруса. Працуем у цеснай звязцы з РЦГЭ. Я вельмі ўдзячная галоўнаму санітарнаму ўрачу раёна Крысціне Афанасьевай, якая, нават знаходзячыся ў самаізаляцыі, арганізоўвала работу. Санслужба выяўляе інфіцыраваных і іх кантакты. Мы выязджаем на дом да кантактаў першага ўзроўню, сочым за тым, як людзі выконваюць правілы самаізаляцыі, робім медыцынскія агляды і кантрольныя тэсты. Калі некага не ўдавалася адшукаць, бывала і ў міліцыю звярталіся. З кантактамі другога ўзроўню трымаем сувязь па тэлефоне.

– Напэўна ж, медыкам прыйшлося ўзяць на сябе новыя абавязкі. Як яны да гэтага ставіліся?

– Так, былі задзейнічаны і вузкія спецыялісты. Усе самі прапаноўвалі дапамогу, выказвалі гатоўнасць узяцца за любую работу. Да прыкладу, інтэрны Анастасія Петухова і Анастасія Улаховіч займаліся абследваннем самаізаляваных пацыентаў. Акуліст Вольга Сіманенка выязджала на выклікі хуткай. У распараджэнне паліклінікі з фізіятэрапеўтычнага кабінета перайшла малады спецыяліст Святлана Шабан. Яе дапамога была неацэннай пры заборы матэрыялаў. Граматна і аператыўна кіравала сястрынскім персаналам старшая медсястра паліклінікі Алена Мінава. Дапамагала ёй Вікторыя Нікіценка.

Вялікая нагрузка лягла на тэрапеўтычную службу. Людзі з тэмпературай і іншымі скаргамі на здароўе абследаваліся толькі дома, а значыць, работа з пацыентамі перамясцілася на ўчас-ткі. Да прыкладу, акушэр-гінеколаг Аляксандр Матора спачатку сумняваўся, што ў яго атрымаецца, але ж выдатна спраўляўся з абавязкамі ўчастковага тэрапеўта. Шмат працавалі штатныя тэрапеўты Маргарыта Ляпленка, Аляксандра Пальвінская і многія іншыя.

– Вядома, што COVID-19 дабраўся і да вёсак. Ці была гатова да гэтага медыцынская служба?

– Так, і на сяле праводзіцца шмат абследаванняў. Былі ўспышкі ў Пабедзе і Обалі. Медыкі Мікіціхінскай, Мішневіцкай амбулаторый, Обальскай участковай бальніцы, Мікалаеўскай бальніцы сястрынскага догляду паказалі сябе сапраўднымі прафесіяналамі.

– Усіх цікавіць сітуацыя з COVID-19 на сёння.

– Мы працягваем выяўляць новыя выпадкі заражэнняў, але іх значна менш. У той жа час зніжаць градус засцярогі шумілінцам не варта.

– Які ваш прагноз?

– Вельмі страшна рабіць нейкія прагнозы, але мы спадзяёмся, што Дзень медыцынскага работніка нам удасца адсвяткаваць з лёгкім сэрцам.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

"Герой працы"

Чытаць цалкам: http://www.shumilino.by/?p=54878

Апошнія навіны