shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

08.06.2020 18:23

274 прагляда

0 каментароў

Анамальнае халоднае надвор’е ў Беларусі скончылася: на гэты тыдзень прагназуюць +30°С і больш

Хоць кліматычнай зімы не было, вясна 2020 году ў Беларусі выдалася надзвычай халоднай — ацяпляльны сэзон быў рэкордна доўгім, а яшчэ ў траўні выпадаў сьнег. Ды пачатак чэрвеня абяцае быць сьпякотным.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Паводле прагнозу Белгідрамэтцэнтру, цэлы тыдзень 8–14 чэрвеня будзе сьпёка каля +30°С, чакаюцца рэгулярныя дажджы, магчымыя навальніцы.

Міністэрства надзвычайных сытуацыяў абвясьціла ў сувязі са сьпёкай штармавое папярэджаньне — «аранжавы ўзровень небясьпекі» на 8 і 9 чэрвеня.

У Менску найцяплей будзе, як чакаюць цяпер, у пятніцу — да +33°С, ды з навальніцай (імавернасьць — 80%). Затое ў чацьвер будзе сонечна і да +32. Падобная сытуацыя ў Віцебску і Магілёве: найцяплей будзе ў чацьвер, да +33°С, і ў гэты дзень будзе сонечна. Гарадзенцам самы цёплы і сонечны дзень абяцаюць на суботу, да +32.

У Берасьці цэлы тыдзень дажджоў, хіба ўдзень пятніцы чакаюць пераменную воблачнасьць, а ў суботу — невялікую воблачнасьць, і гэта пры тэмпратурах да +29.

Найбольш сонца, калі верыць цяперашняму прагнозу, дастанецца Гомлю: цэлы тыдзень не чакаецца дажджоў, толькі часам пераменная воблачнасьць, і аж да +36°С у суботу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вэнтылятар, майткі і халоднае абціраньне — як выжываюць у сьпёку зьняволеныя

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як у экстрэмальную сьпёку выжываюць будаўнікі, трактарысты і кіроўцы. ФОТА

Як паводзіць сябе ў сьпёку?

У сьпёку рэкамэндуюць насіць лёгкае адзеньне з натуральнай тканіны і галаўны ўбор, меней карыстацца дэкаратыўнай касмэтыкай, заўсёды мець пры сабе ваду, старацца меней знаходзіцца пад прамымі сонечнымі прамянямі, пазьбягаць заняткаў спортам у самы сквар, але і не сядзець пад уключанымі на максымум кандыцыянэрамі, каб не захаладзіцца.

Каб надаць першую дапамогу пацярпеламу ад сонечнага ўдару, трэба да прыбыцьця лекараў перанесьці яго ў зацененае прахалоднае памяшканьне, вызваліць ад тугога адзеньня (расшпіліць папругу і тугі каўнер, зьняць абутак), адчыніць вокны, пры магчымасьці пакласьці пад пахі пакеты зь лёдам або мокры халодны ручнік, напаіць вадой. Калі чалавек страціць прытомнасьць, даць панюхаць нашатырны сьпірт.

Сьпёка, як і мароз, ня спыняць эпідэміі новага каранавірусу. Пры наведваньні пляжаў або іншых грамадзкіх месцаў варта трымаць дыстанцыю мінімум у паўтара мэтра ад іншых асобаў, у месцах высокай шчыльнасьці людзей насіць маскі. Цалкам забіць вірус SARS-CoV-2 у чалавечых клетках змаглі толькі пры нагрэве да +92°С, а да такой тэмпэратуры чалавечае цела не награецца ні ў якую сьпёку.

https://www.svaboda.org/a/30658915.html

Апошнія навіны