shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

15.06.2020 09:53

272 прагляда

0 каментароў

Чаго вам не хапае ў Беларусі? Адказваюць беларусы ў чэргах да выбарчых пікетаў

Па ўсёй краіне на выходных стаяць чэргі, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. Свабода распытала жыхароў Гомля ў чэргах, чаго ім не хапае пры сучаснай уладзе.

Сумленных выбараў

Прадпрымальнік Максім кажа, што стаў у чаргу, каб паказаць уладзе, што людзям не абыякава.

«На выбары ісьці няма сэнсу. Нам патрэбны сумленныя выбары. На такія, якія былі дагэтуль, сэнсу ісьці няма. Адзінае, што пакуль мы можам — такім чынам выказаць свой пратэст, сабрацца на дазволеных пікетах, выказаць сваю пазыцыю, што нам не абыякава. Мне здаецца, што Плошча сёлета будзе. Толькі трэба, каб людзей было больш, чым у 2010-м. Законных мэтадаў нешта зьмяніць у нас не засталося, калі адзін чалавек сказаў, што краіну не аддасьць», — лічыць Максім.

Бясьпекі і абароны з боку закону

Ала

Ала зьбірае подпісы ў падтрымку Святланы Ціханоўскай.

«Майго сына пасадзілі па сфабрыкаванай справе. Я сама выпадкова трапіла на акцыю падтрымкі Сяргея Ціханоўскага 7 траўня ў Гомлі. І нас схапіў АМАП! Нас пахапалі, як кацянят, кінулі ў аўтобус, завезьлі ў міліцыю, склалі пратаколы. Такая сваволя, такая неабароненасьць у людзей. Гэта было апошняй кропляй. Я вырашыла, што так нельга жыць і я павінна нешта зрабіць для зьмен. Каб я не была нейкай авечкай, зь якой можна рабіць усё што заўгодна, каб мяне закон абараняў», — кажа Ала.

Мірных мітынгаў

Аляксандар ставіць подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, бо лічыць, што ў краіне насьпелі зьмены. Яму не хапае свабоды.

«Пастаянныя штрафы за ўсё, пачуцьцё такое, што ўвесь час некаму вінен, асабліва дзяржаве, паборы вакол — за кожную даведку заплаці. Няма ў нас банальнага, базавага — свабоды слова, мірных сходаў. Гэта вельмі няправільна. Трэба гэта зьмяніць, але як граматна і правільна — я, шчыра, ня ведаю. Але час насьпеў», — лічыць Аляксандар.

Годнага заробку і пэнсіі

Ірына не дапрацавала да пэнсіі. Фірма збанкрутавала, і яна засталася на вуліцы.

«На дадатак у 2017 годзе нас абвясьцілі дармаедамі. Я нідзе не магла знайсьці працу, і зь мяне яшчэ грошы дзяржава пачала выбіваць. Потым павысілі пэнсійны ўзрост — так я апынулася паміж небам і зямлёй. Сяджу на шыі ў сына. Я буду галасаваць за каго заўгодна, толькі не за Лукашэнку. Страшна, што робяць зь Ціханоўскім. Схіляюць пад правакацыі, садзяць у турму», — кажа Ірына.

Мець магчымасьць выказаць сваю думку


Сьвятлана абураная стаўленьнем улады да апанэнтаў. Яна мае на ўвазе арышт Ціханоўскага і яго каманды.

«Па-мойму, уладзе нельга так рабіць, тым больш перад выбарамі. Усе павінны мець магчымасьць выказаць сваю думку», — кажа Сьвятлана.

Каб Лукашэнка пайшоў на пэнсію, на 270 рублёў


Людміла хоча падтрымаць Сяргея Ціханоўскага, бо лічыць, што яго несправядліва перасьледуюць.

«Хочацца, каб наша ўлада нас бачыла і чула і не казала, што тут нейкія карусэлі, падстаўныя людзі — гэта абсурд! Я хачу, каб Лукашэнка пайшоў на пэнсію, на тую пэнсію, якую ён даў мне — у мяне 38 гадоў стажу, і я атрымліваю 270 рублёў. Ён, мусіць, надта стаміўся, і яму час ісьці ў адпачынак. Усіх старых, зь іх старымі поглядамі адправіць на пэнсію — якую ён даў нам. Хочацца, каб улада ведала: не ад добрага жыцьця мы сюды прыйшлі і ладзім тут чэргі», — зазначыла Людміла.

Радасьці жыцьця


Пэнсіянэр Міхаіл лічыць, што на гэты момант галоўнае — каб альтэрнатыўныя кандыдаты аб’ядналіся і не далі чарговым разам сфальсыфікаваць выбары.

«Мяне гэтае жыцьцё не задавальняе. Дзеці нашы шукаюць працу. Усё няпраўда, што Лукашэнка кажа. Апазыцыю ў турму садзяць. Ціханоўскага ўзялі, я сам глядзеў, якую правакацыю зрабілі. Ён (Лукашэнка. — РС), мусіць, не разумее, што калі ён прыйшоў у 1994 годзе да ўлады, ён прыйшоў на тых жа пратэставых настроях і акцыях! Бо народ пайшоў за яго таму, што ўлада пачала душыць народ. Ён сёньня душыць актывістаў — а народ яшчэ больш аб’ядноўваецца, на нянавісьці да яго ідзе аб’яднаньне народу. Я хачу задаць пытаньне: што ён зрабіў за гэтыя 26 гадоў у Беларусі? Ён выканаў толькі адно абяцаньне: што беларусы будуць жыць дрэнна, але нядоўга. У людзей не хапае радасьці жыцьця! Да нас прыяжджалі з Ізраілю сябры, яны кажуць: «Слухайце, як вы тут жывяце, такія людзі сумныя на вуліцах. Ва ўсіх такія сумныя твары!» — кажа Міхаіл.

Каб не было сорамна перад усім сьветам

Вячаслаў — вайсковы пэнсіянэр. Ён кажа, што «ўвесь сьвет з нас сьмяецца, што ў нас такі прэзыдэнт, усіх абражае, ганьбіць».

«Цяперашняя моладзь, якая вырасла пры Лукашэнку, — яны нават ня ведаюць, што такое свабода, і нічога ня могуць зрабіць, каб яе атрымаць. У 90-х нават з бандытамі было прасьцей жыць, чым з сучаснай уладай. Дамовіцца можна было! Яны ня рэзалі дойную карову, разумееце? А цяпер дзяржава забірае прыбытковыя прадпрыемствы, калі чалавек нешта прыдумаў — забяруць у яго. Што рабіць... 9 жніўня спачатку зьбяромся, а потым паглядзім — хто пабяжыць. Мне вельмі непрыемна бачыць гэтага чалавека тварам Беларусі! Бо ён нас ганьбіць на ўвесь сьвет. Сорамна перад людзьмі», — кажа Вячаслаў.

Каб людзей не трымалі за ідыётаў

Прадпрымальнік Яраслаў лічыць, што цяпер улада трымае людзей за ідыётаў.

«Уся краіна бачыла, што адбылося ў Горадні, правакацыя гэтая. У сувязі з гэтым вельмі сумна, што ўлада лічыць нас, усіх людзей, за ідыётаў, гэта вельмі прыкра. Бачыў відэа зь пікету ў Менску, як падпісваліся за Лукашэнку. Ідуць у тую чаргу, галовы нагнулі, ні слова ня кажуць — як на бойню. Уключайце ўжо мазгі, ну нельга так жыць!» — кажа Яраслаў.

Лепшага жыцьця для дзяцей і ўнукаў

Пэнсіянэрка Галіна хоча, каб дзеці і ўнукі бачылі лепшае жыцьцё.

«Гэтай кантрактнай сыстэмай усіх трымаюць на кароткім ланцугу, чалавек ня можа нічога сказаць. Мой унук чорт ведае дзе працуе, бо дома тут няма працы. Можа лішняе скажу, можа мне заўтра рукі скруцяць, але я скажу так: у нашага прэзыдэнта — гэта дыягназ, хвароба, гэта ня лечыцца, ён сінімі пальцамі трымаецца за ўладу і думае, што ўсе нічога не разумеюць!» — выказалася Галіна.

Нагадаць уладзе, што жывуць за падаткі людзей

Аляксей і Алена абурыліся заявамі прэзыдэнта, што «нехта там зьбіраецца страляць у людзей».

«Мы проста не маглі сядзець дома пасьля такіх заяў! Будзем змагацца законным пакуль чынам. Усе бачылі, што здарылася зь Ціханоўскім у Горадні, мы бачылі, што там адбывалася, таму мы тут. Але многія маўчаць, бо проста прывыклі да хлусьні... І тыя, хто гэта робіць, таксама ведаюць, проста ўсе прывыклі да гэтай хлусьні. Хоць усе ўсё бачылі, разумеюць», — кажа Аляксей.

Алену абураюць адносіны да людзей з боку ўлады.

«Яны паводзяць сябе нібыта цары, а мы іх быдла — ні правоў, ні голасу. Яны забыліся, што жывуць на нашы падаткі, мы іх нанялі на працу — вось гэта трэба ім нагадаць», — лічыць Алена.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць тры дзясяткі «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.

Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Захацелася штосьці зрабіць для краіны». Хлопец, які выгукнуў «Жыве Беларусь!» на школьным выпускным, апавядае пра сябе

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Чаму БТ Дразды не паказвае?» Як людзі падтрымалі пэнсіянэрку, дасье на якую старшыня КДБ насіў Лукашэнку

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

ДЗ

https://www.svaboda.org/a/30667970.html

Апошнія навіны