shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

04.07.2020 18:54

366 праглядаў

0 каментароў

«Любым коштам мне адпомсьціць». Фізруку, які абараніў беларускамоўную школу, скарацілі заробак утрая

Мясцовыя ўлады шукаюць на яго месца новага настаўніка. Павал Кендысь мяркуе, што прычынай стала яго грамадзянская актыўнасьць.

«Заробку ў мяне цяпер практычна ня будзе»

У канцы 2019 году камянецкае раённае начальства вырашыла закрыць адзіную беларускамоўную сярэднюю школу раёну ў Амельянцы. Дзяцей і настаўнікаў плянавалі разьмеркаваць па суседніх вёсках.

Школа ў Амельянцы

Усё магло б так і скончыцца, калі б амельянецкі фізрук Павал Кендысь не пачаў зьбіраць подпісы за захаваньне школы, а таксама пісаць паўсюль, куды толькі можна. Вынікам сталі публікацыі ў мясцовых, рэспубліканскіх і міжнародных СМІ, пэтыцыя ў інтэрнэце, а таксама звароты ў аблвыканкам і Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы.

На пачатку 2020 году ў Амельянец нечакана прыехаў памочнік Аляксандра Лукашэнкі па Берасьцейскай вобласьці Анатоль Маркевіч. Чыноўнік агледзеў школу, пагаварыў з настаўнікамі і зьехаў. А ў красавіку стала вядома, што школу ў Амельянцы закрываць ня будуць. Праўда, працы ў ёй для фізрука Кендыся стане значна менш.

Павал Кендысь

«Кантракт са мной павінны працягнуць 31 жніўня, — расказвае Свабодзе Павал, седзячы на лаве ў сваім садзе ў Амельянцы. — Але асаблівасьць у тым, што кіраўніцтва школы некаторым настаўнікам прапанавала падпісаць яго пры ўмове згоды працаваць на няпоўную стаўку. Маўляў, зьмяншаецца колькасьць вучняў, гадзін. Усе пагадзіліся.

У мінулым годзе ў мяне было каля 30 гадзін на тыдзень А зараз будзе каля 10. Фізкультуру ў мяне забралі ўсю. Засталася геаграфія, працоўная падрыхтоўка, яшчэ нешта прапанавалі. Дырэктар абгрунтаваў гэта тым, што я не спэцыяліст па адукацыі, а яны знойдуць спэцыяліста. Заробку ў мяне цяпер практычна ня будзе. Было каля 1000 рублёў, будзе ня больш за 300. Фактычна я застаюся без заробку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Фізрукі ўратуюць гэтую краіну!» Як настаўнік адзінай беларускамоўнай школы раёну не дае яе ціха закрыць

Хто будзе весьці фізкультуру ў Амельянцы замест Паўла, пакуль невядома. Па яго словах, магчыма, замовяць маладога спэцыяліста. Магчыма, запросяць некага зь іншай школы. Ці скарацілася колькасьць вучняў у Амельянцы, пакуль дакладна не вядома. Гэта стане канчаткова зразумела толькі пасьля пачатку навучальнага году.

«Такі арыгінальны спосаб барацьбы з актывістамі, я гэта так расцэньваю, — кажа Павал. — Заходзіў да дырэктара, размаўляў пра гэта. Пытаўся, як гэта так здарылася, што дагэтуль пяць гадоў запар спэцыяліст бяз профільнай адукацыі вас задавальняў, а тут раптам не.

Ня горш за іншых настаўнікаў я вёў фізкультуру. Езьдзіў на сэкцыі, наведваў урокі калегаў. Тое, што мы мала месцаў займалі на спартакіядах, дык мы ж ня можам супернічаць зь вялікімі школамі, дзе шмат вучняў... Пастаўленая задача любым коштам мне адпомсьціць. Я толькі так гэта расцэньваю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На Камянеччыне адстаялі адзіную беларускамоўную школу ў раёне

«Школу захавалі толькі дзякуючы розгаласу»

Школа ў Амельянцы пакуль будзе працаваць. Усе адказы, атрыманыя ад органаў улады, Павал разам зь сябрам Алесем Анішчуком публікавалі ў суполцы «Камянецкая паказуха». Кажа, што падзякаў ад аднавяскоўцаў не атрымаў.

«Не, ніхто ня дзякаваў, — кажа Павал Кендысь. — Магчыма, яшчэ падзякуюць калі-небудзь. Людзі баяцца. Усе ўсяго баяцца... Запалохваньне на ўзроўні раённага начальства дакладна было. Кіраўнік аддзелу адукацыі езьдзіў па вёсцы асабіста, сустракаўся зь людзьмі, якія ставілі подпісы за захаваньне школы. 20 чалавек угаварыў забраць подпісы назад. Дзеці таксама ведаюць, што адбывалася. Яны ж усе ў інтэрнэце, „Камянецкую паказуху“ чытаюць. Але і сярод іх няма адзінства».

Цяпер у Амельянецкай школе вакацыі. На падворку бегаюць дзеці, цьвітуць густыя кусты. Па словах Паўла, у будынку праводзіцца толькі касмэтычны рамонт. Праблемы з гарачай вадой і прыбіральнямі, пра якія так актыўна згадвала раённая адміністрацыя ў сваіх зваротах да жыхароў Амельянца, так і ня вырашыліся.

«Школу ўдалося захаваць толькі дзякуючы шырокаму розгаласу, — перакананы Павал. — Мы адразу ставілі сабе задачу, каб прыцягнуць да праблемы максымальную ўвагу. СМІ каб напісалі пра гэта, расказалі. Пэтыцыю апублікавалі ў інтэрнэце. Блогеры ўдзельнічалі.

Па-другое, як бы людзі ні баяліся, пэўная кансалідацыя сярод бацькоў адбылася. Мясцовыя жыхары падтрымалі гэтую ідэю. На агульным сходзе актыўна спрачаліся, мяне падтрымалі. І яшчэ выбары на носе. А мы ў Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы напісалі. І яны вырашылі прыняць бок людзей, таму сюды выслалі памочніка Лукашэнкі Анатоля Маркевіча».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«А ў краме беларуская мова? А на вуліцы?» Камянецкі чыноўнік тлумачыць, чаму трэба закрыць адзіную беларускую школу раёну

«Чэргі падпісацца за Лукашэнку тут не стаялі»

Са зваротамі, лістамі і пэтыцыяй амельянецкаму фізруку дапамагаў Алесь Анішчук, адміністратар той самай суполкі «Камянецкая паказуха» ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце». Праблемы ў Анішчука пачаліся прыкладна ў той самы час, што і ў Кендыся. Праўда, сам ён іх зьвязвае хутчэй з выбарчай кампаніяй, чым з гісторыяй ратаваньня беларускамоўнай школы.

«Са школай гэта не зьвязана, хутчэй агулам з суполкай „Камянецкая паказуха“, — кажа Алесь. — У свой час мы там пра школу ў Амельянцы актыўна пісалі, але і пра іншыя праблемы ў раёне таксама. Пра выбарчую кампанію сёлетнюю. 5 чэрвеня раніцай да мяне дадому прыйшлі супрацоўнікі МУС. Забралі ўсю тэхніку, якая трапілася на вочы. Тэлефоны, два сыстэмныя блёкі, ноўтбук. Крымінальнай справы няма, я дакладна нават не зразумеў, што адбываецца. Пастанову зачыталі, копію пратаколу і канфіскацыі не далі. Месяц амаль прайшоў, пакуль цішыня. Нікуды не выклікалі, тэхніку не вярнулі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мінус 482. Як скарачалася колькасьць беларускамоўных школаў

«Камянецкая паказуха» пакуль працягвае функцыянаваць. Цяпер Алесь заняты тым, што дамагаецца правядзеньня рамонту ў школе ў Амельянцы. Зьвязваўся з прадстаўніком Берасьця ў Савеце Рэспублікі. Самога Анішчука ўжо спрабавалі звольніць з працы на мытні, але законных падставаў зрабіць гэта няма, а сыходзіць па ўласным жаданьні хлопец няе хоча. Таму пакуль працуе.

Павал Кендысь

«Да нас сюды ніхто з альтэрнатыўных кандыдатаў не даехаў. Каму гэты забыты богам Амельянец патрэбны, — расказвае пра выбарчую атмасфэру ў камянецкай вёсцы Павал Кендысь. — За Лукашэнку толькі подпісы зьбіралі, адміністрацыйны рэсурс. Кіраўнік сельскага выканкаму, так скажам, „папрасіў“ загадчыцу дзіцячага садка. Яна яшчэ выступала за закрыцьцё школы. Хадзіла, зьбірала подпісы. Пры мне ў настаўніцкую заходзіла. Хто там быў, пры мне ніхто ёй подпіс свой не паставіў. Чуткі па вёсцы ходзяць, што ніхто ёй асабліва подпісы не паставіў. Чэргі не стаялі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Памочнік Лукашэнкі наведаў беларускамоўную школу ў Амелянцы, якую сабраліся закрыць

«Застацца ў гэтай школе — гэта мая прынцыповая пазыцыя»

Павал перакананы, што пасьля сёлетніх выбараў гайкі ўлада будзе закручваць яшчэ мацней, чым звычайна. Сам хлопец нядаўна ажаніўся, нарадзілася дзіця. Таму галава занятая ня толькі палітычнымі навінамі, але і больш важным пытаньнем — дзе ўзяць грошы на жыцьцё.

«Што далей буду рабіць? Пагаджуся на 300 рублёў, — кажа Павал. — Падпісаў я тое пагадненьне. Паразмаўляў зь юрыстамі, калі я не падпішу, то мяне проста звольняць згодна з артыкулам Працоўнага кодэксу. А мне галоўнае застацца ў школе. Я ж не магу дырэкцыю пакінуць саму.

Яшчэ будзе шмат нарадаў, на якіх можна паразмаўляць на розныя тэмы. Хай сабе будзе 300 рублёў. Яшчэ невядома, ці знойдуць яны фізрука на гэтае месца. Ня так шмат хто сьпіць і бачыць, як бы гэта ў Амельянцы папрацаваць. Магчыма, яшчэ і праца будзе. Але застацца ў гэтай школе — гэта мая прынцыповая пазыцыя. Я адсюль не пабягу. Хай дырэктар бяжыць разам з адміністрацыяй. А грошы... Нешта прыдумаю».

Пакуль фізрук думае ці заняцца нечым сваім, ці пашукаць дадатковыя гадзіны ў іншых школах або ў «Цэнтры турызму і краязнаўства». Павал кажа, што ня мае ілюзій наконт будучыні Амельянецкай школы. Лічыць, што ўлады выбралі стратэгію адцягваньня моманту яе закрыцьця. Спачатку пазбавяцца ад актывістаў, а потым ціхенька закрыюць.

«Ці не шкадую я, што заняўся ўсёй гэтай гісторыяй? Ну... Не, не было такіх думак, — пасьля паўзы кажа Павал. — Я ў прынцыпе разумеў, куды лезу, калі пачынаў усё гэта. Але, шчыра кажучы, я ня ведаў, што настолькі шмат сярод людзей здрады будзе. Што гэтая баязьлівасьць, страх сядзіць у сэрцах і прымушае людзей адракацца ад сваіх словаў, хавацца.

Жудасна, што робіць адміністрацыйны апарат зь людзьмі. Людзі фактычна як рабы жывуць. Яны ўсё жыцьцё працуюць за капейкі і ўсё гэтае жыцьцё вымушаныя маўчаць. Бо ім могуць не працягнуць кантракт, ім могуць стварыць нейкія праблемы. Хаця, як я пераканаўся, шмат якія праблемы гіпатэтычныя. Улада толькі запалохвае, але гэта спрацоўвае».

Алесь Пілецкі

Журналіст Радыё Свабода

https://www.svaboda.org/a/30702855.html

Апошнія навіны