shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

17.07.2020 16:22

322 прагляда

0 каментароў

Ціханоўская — наш прэзыдэнт? Аналітыкі пра прэзыдэнцкую кампанію пасьля аб’яднаньня

Якія наступствы будзе мець аб’яднаньне штабоў Сьвятланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы? Якія шанцы на тое, што Сяргей Чэрачань і Андрэй Дзьмітрыеў здымуць свае кандыдатуры на карысьць Ціханоўскай? У якой сытуацыі ўлады могуць зьняць кандыдатуру Ціханоўскай з выбараў? Якія шанцы на посьпех у байкоту выбараў?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычны аналітык Арцём Шрайбман і аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў.

Марыя Калесьнікава, Сьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала

Які эфэкт дасьць аб’яднаньне штабоў Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы?

Шрайбман: Гэта моцны сымбалічны крок. Гэта кансалідацыя іх электаратаў, хай сабе і няпоўная. Гэта надае ёй палітычнай вагі.

Арцём Шрайбман

Ёсьць пытаньне — як будуць прымацца рашэньні ў аб’яднаным штабе, штаб Ціханоўскай пераважна з традыцыйнай, тытульнай апазыцыі. Ці будзе ў Сьвятланы права вэта на ўсе рашэньні?

Пасланьне — мы не ідзем да прэзыдэнта Ціханоўскай на 10 гадоў, мы ідзем зьмяніць уладу. Гэта здымае праблему праграмы. Гэта выбары супраць Лукашэнкі.

Цыганкоў: Я бачу, якое захапленьне выклікала гэтае рашэньне. Штабы тых, каго не зарэгістравалі, наступілі сабе на горла.

Прыгожая карцінка — тры сымпатычныя жанчыны.

Але будзе важнае пытаньне — ісьці ці не ісьці на выбары. І гэта ня толькі прыхільнікі Пазьняка і паплечнікі Мацкевіча лічаць, што варта байкатаваць выбары. Гэтая група дастаткова вялікая.

Ці далучацца да саюзу трох Чэрачань і Дзьмітрыеў?

Шрайбман: Гэта будзе залежаць ад грамадзкага ціску. Калі актывісты іх штабоў, іх сябры, іх родзічы будуць ім казаць, што яны спойлеры, калі яны будуць бачыць, што на мітынгі Ціханоўскай прыходзяць тысячы, а на іх мітынгі — дзясяткі, нават дзеля доўгатэрміновых палітычных пэрспэктываў для іх будзе сэнс паступіцца амбіцыямі і зьняцца.

Калі яны гэта зробяць, то не адразу, ня зараз, бо ёсьць рызыка, што Ціханоўскую здымуць з выбараў.

Але ім урок — лёс Домаша, якога ўсе забылі. Аднак запомніцца спойлерствам — гэта таксама для іх нядобра. Мы ня ведаем, якія ў іх абавязкі перад уладай, якія кручкі на іх.

Цыганкоў: Улада ўпэўненая, што ня будзе варыянту, калі ўсе здымуцца. Яна ня можа гэтага дапусьціць.

Віталь Цыганкоў

Я згодны з Арцёмам. Чэрачня і Дзьмітрыева можа падштурхнуць зьняцца на карысьць Ціханоўскай меркаваньне іх электарату. Але іх каманды наўрад ці хочуць такога далучэньня.

У якім выпадку Ціханоўскую здымуць з выбараў?

Цыганкоў: Гэта цалкам магчыма. Улада пайшла ўразнос. Яна ўбівае ўсе цьвікі па плешку. Калі яны пасадзілі Ціханоўскага, калі не зарэгістравалі Бабарыку і Цапкалу, то скасаваньне рэгістрацыі яшчэ аднаго кандыдата нічога ня зьменіць.

Яны яе зарэгістравалі, каб размазваць, расьцярушваць пратэст. Каб ён не сфакусаваўся на адным дні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Слабасьць Лукашэнкі: народная любоў мінула, засталася адна грубая сіла

Думалі, што ў яе няма вопыту. Але яна стала рабіць граматныя крокі. Гэта небясьпечна.

Шрайбман: Наўрад ці ёсьць дакладны плян зьняць яе з выбараў. Гэта адзін з варыянтаў дзеяньняў.

Улада дзейнічае рэактыўна і рэакцыйна. Пляны мяняюцца па меры разьвіцьця сытуацыі. Пачне Ціханоўская раскручвацца, шмат будзе людзей на яе мітынгах — скажам, што гэта парушэньне закону, і здымем з дыстанцыі.

Гэта магчыма, але ня ўпэўнены, што гэта частка заплянаванай шматхадоўкі.

Ці магчымы байкот выбараў —​ сьвядомы ці вымушаны?

Шрайбман: Калі здымуць Ціханоўскую, думаю, што яўка будзе менш за 40%.

Байкот — гэта маральная перамога. Будзе адчуваньне, што выбары былі менш легітымныя, чым, скажам, у 2015 годзе. Але ці будзе гэта мець наступствы офлайн? Наўрад ці. Людзі перастануць плаціць падаткі? Ня думаю.

Дэлегітымізацыя — гэта сфэрычны конь у вакуўме. Заходнія паслы будуць уручаць яму даверчыя граматы, нават калі ён увядзе надзвычайнае становішча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Газпрамаўская афэра забуксавала». Пазьняк заклікаў да байкоту выбараў

Цыганкоў: Цікава, як гэты аб’яднаны штаб адрэагуе, калі з выбараў здымуць Ціханоўскую. Што, скажуць, што трэба аб’ядноўвацца са штабам Дзьмітрыева?

Шрайбман: Думаю, што штабы Бабарыкі і Цапкалы скажуць. А Ціханоўская і яе паплечнікі — не.

Цыганкоў: Можна сьмяяцца над байкотам, але наколькі лепшы варыянт галасаваць за каго-небудзь, хто застанецца? Наколькі больш карысны ён будзе для пераменаў у Беларусі?

А наконт таго, што людзі не перастануць плаціць падаткі — я бачу, што грамадзтва напаляецца. Ёсьць розныя меркаваньні. Некаторыя кажуць, што трэба забіраць банкаўскія ўклады. Калі гэта зробяць многія, гэта будзе моцны ўдар па банкаўскай сыстэме краіны. Нельга сказаць, што ўсё пройдзе як заўсёды.

Шрайбман: І за байкотам адбудзецца страйк ці масавае зьняцьцё банкаўскіх укладаў? Я спрабую ўявіць сцэнар.

Цыганкоў: Некаторыя заклікаюць да страйку. Можна спрачацца, наколькі гэта рэалістычна. Але часам адбываецца тое, чаго не маглі спрагназаваць ніякія аналітыкі, скажам, у 1991 годзе. Я ня бачу, чым варыянт байкоту горшы за варыянт галасаваньня.

Шрайбман: Нічым. Я ж тут не агітую. Я сказаў, якія будуць наступствы байкоту з майго пункту гледжаньня. Гэта ня значыць, што галасаваньне за Чэрачня будзе мець іншыя наступствы.

Юры Дракахруст

Журналіст Радыё Свабода
https://www.svaboda.org/a/30732011.html

Апошнія навіны