shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

19.07.2020 20:44

395 праглядаў

0 каментароў

Першая сустрэча з Ціханоўскай у Мінску сабрала нечакана шмат людзей

Сённяшняя акцыя выглядала самай шматлюднай сустрэчай з кандыдатамі за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх кампаній у Беларусі.

У 2006 годзе на тым самым месцы Мілінкевіч сабраў менш людзей.

Што шмат людзей збярэцца, стала ясна яшчэ на падыходах. Людзі ішлі ў парк калонамі, воплескі ад сцэны былі чуваць здалёк.

Пляцоўку запоўнілі цалкам, стаялі і на лужку навокал.

Святлана Ціханоўская і яе паплечніцы Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава не прафесійныя палітыкі, не мітынгавыя аратары. Але людзі прымалі гэта як належнае. Воплескі ім не сціхалі.

Агулам, людзей было нечакана шмат. Атмасфера нагадвала пачатак вясны 1996-га.

Праўда, тады ў пратэстаў быў арганізатар — Народны Фронт. А цяпер ёсць толькі незадаволеная народная стыхія, якая аб'ядналася вакол тэхнічнага кандыдата ва ўмовах, калі ўсе лідары зняволеныя.

Але мабілізацыя 19 ліпеня паказала, што старонку гэтых выбараў рана перагортваць.

Фота Аляксандры Піліповіч-Сушчыц.

18.18

Памалу людзі пачынаюць разыходзіцца.

18.15

У выступе Кавальковай упершыню са сцэны прагучала прозвішча Лукашэнкі. Яна звярнулася да кіраўніка дзяржавы са словамі: мы некалі вас абралі, але вы не апраўдалі даверу — саступіце месца маладым прафесійным кандыдатам. Народ скандуе «Жыве Беларусь!» і «Сыходзь!»

18.11

На сцэне тым часам выступае па-беларуску Вольга Кавалькова. «Перамены ў краіне пачынаюцца з кожнага з вас», — кажа яна. «У гэтым годзе мы ўсе паказалі, што перамога будзе вельмі, вельмі хутка», — кажа яна.

Моладзь прыйшла на сустрэчу з партрэтамі зняволеных барацьбітоў за свабоду. Фота Андрэя Дынько.

18.10

Ціханоўская, Цапкала і Калеснікава ў суправаджэнні людзей сыходзяць з плошчы.

18.07

Зноў гаворыць Ціханоўская. Дзякуе людзям. «Мы ідзём за новую сумленную Беларусь. Уся сіла ў вас. Толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцця», — кажа яна пад воплескі.

18.04

Выступаюць прадстаўнікі ініцыятывы «Сумленныя людзі». Яны падкрэсліваюць яшчэ раз, што «на датэрміноўку» (датэрміновае галасаванне) ісці нельга.

Фота Аляксандры Піліповіч-Сушчыц.

«Беларусы — сумленныя людзі, якія прагнуць сумленных выбараў. Давайце не маўчаць, давайце дзейнічаць! У дзень выбараў».

18.01

Выступы скончыліся. Частка людзей сыходзіць.

17.51

Вераніка Цапкала заклікае прыйсці 9 жніўня на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць за Святлану Ціханоўскую. Скажыце мамам, татам, бабулям, дзядулям, тлумачце ім сутнасць датэрміновага галасавання ў нашай краіне. Адмаўляйцеся ад яго, нават калі будуць прымушаць на працы, кажа яна.

Цапкала заклікае запісвацца назіральнікамі на ўчасткі.

17.47

Вераніка Цапкала. Фота Аляксандры Піліповіч-Сушчыц.

Вераніку Цапкала людзі сустракаюць скандаваннем «Ве-ра-ні-ка!» Яна дзякуе ўсім за падтрымку. «Мы ганарымся тым, што з'яўляемся часткай вялікага народа, — кажа Цапкала. — Вы нам даяце сілы, вы нам даяце крылы!» — узнёсла гаворыць яна.

Фота Аляксандры Піліповіч-Сушчыц.

17.45

«Пасля перамогі на выбарах мы правядзём новыя альтэрнатыўныя выбары з удзелам Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы, іншых альтэрнатыўных кандыдатаў», — кажа Калеснікава.

Марыя Калеснікава. Фота Аляксандры Піліповіч-Сушчыц.

Галоўны вораг перамогі не рэжым, а страх, дадае яна.

17.38

Інтэрнэт на плошчы і ў ваколіцах працуе вельмі дрэнна, жывыя трансляцыі ўвесь час перарываюцца.

Тэлеграм-канал Нехта апублікаваў фота цёмнага мікрааўтобуса, прыпаркаванага побач з паркам. Паводле аўтараў, ён моцна нагадвае машыну-глушылку для радыёэлектроннай барацьбы.

17.35

Вядучы запрашае Марыю Калеснікаву са штаба Віктара Бабарыкі. Натоўп скандуе «Ба-ба-ры-ка!»

Калеснікава запатрабавала вызвалення палітзняволеных. Людзі скандуюць «Сва-бо-ду!».

17.32

«Пакуль адзін вядомы ўдзельнічае, а адна вядомая лічыць, сумленных выбараў быць не можа», — кажа Ціханоўская.

Яна заклікае бараніць свой выбар: «Народ падыме сябе з канапаў і абароніць свае галасы».

17.26

На сцэну выйшлі Ціханоўская, Цапкала і Калеснікава. «Мой муж у СІЗА, ён не можа мяне падтрымаць, я дзякую ўсім вам за падтрымку», — кажа яна.

Святлана Ціханоўская. Фота Аляксандры Піліповіч-Сушчыц.

Яна кажа, што пагарджае ўладай за тое, што тая баіцца сумленнай канкурэнцыі.

Час ад часу яе выступ перарываецца авацыяй.

17.24

Да парка рухаюцца несупынныя ланцугі людзей. Раварысты едуць з уключанай песняй «Перамен!» Ідуць маладыя і старыя, ідуць з дзецьмі, перадае карэспандэнт НН.

17.15

Як паведамляе карэспандэнт НН, на пляцоўцы зараз каля 10 тысяч чалавек. Няспынныя людскія плыні рухаюцца ў кірунку мітынгу з усіх бакоў.

17.07

На сцэну выходзіць музычны гурт Traviolin Legend — скрыпачы, з якімі каманда Ціханоўскай выпадкова сустрэлася ў Дзяржынску і запрасіла выступіць. Яны іграюць «Муры».

17.06

Прыемна бачыць людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, кажа вядучы. Гук са сцэны вельмі добры, усё чуваць. Ёсць нават сурдаперакладчыца.

За выступоўцамі — экран, на які транслююцца пяць прынцыпаў кампаніі.

17.02

Вядучы звяртаецца да натоўпу па-беларуску: «Добры вечар, шаноўнае спадарства!»

Далей па-руску праводзіць жартоўную пераклічку і нагадвае пра бяспечную дыстанцыю. Таксама ён засцерагае публіку ад абразаў «давайце не будзем згадваць насякомых» — каб не падставіць Ціханоўскую.

Вядучы падкрэслівае, што мітынг — дазволены.

17.00

Над натоўпам — бел-чырвона-белыя сцягі. Ёсць і дзяржаўныя.

Фота tut.by.

16.58

На пляцоўцы перад сцэнай — некалькі тысяч чалавек. Іграе бадзёрая музыка. Чакаюць выступоўцаў.
https://nn.by/?c=ar&i=255541

Апошнія навіны