shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

25.07.2020 21:27

245 праглядаў

0 каментароў

Прыродныя сцежкі Ірыны Кулікавай, настаўніцы і грамадскага эколага

Яна ўмее лічыць салаўёў, лячыць дрэвы і выкормліваць кітайскага дубовага шаўкапрада. Яна ведае, чаму высыхаюць рэкі, чым дапамагчы Балтыйскаму мору і як зрабіць працэс вучобы цікавым для дзяцей.


Ірына Уладзіміраўна Кулікава – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнік хіміі і біялогіі Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната; старшыня праўлення грамадскага аб’яднання «ЭкаБум»; грамадскі эколаг.


Ірына Кулікава сваю адказнасць за прыроду адчула яшчэ ў дзяцінстве. Пазней, калі стала студэнткай біялагічнага факультэта Віцебскага педінстытута, яшчэ больш упэўнілася, што прафесію выбрала беcпамылкова. І ўжо ў студэнцкі час на практыцы пачала праводзіць свае першыя даследаванні. У Лётцах, напрыклад, яна выкормлівала тых самых кітайскіх дубовых шаўкапрадаў, якія на вачах з вусеняў пераўтвараліся ў вялікіх матылькоў.

– Прырода захапляльная, яна бясконцая для пазнання, – кажа Ірына Уладзіміраўна. – Мне пашанцавала: вучэбная лабараторыя – навокал, толькі не лянуйся назіраць і аналізаваць.
І яна не лянуецца, кажа, што проста выкладаць тэарэтычную частку сумна. Да тэорыі трэба далучыць эксперымент, даць вучням стаць яго ўдзельнікамі і аўтарамі самастойных адкрыццяў. Навука пачынаецца там, дзе ставіцца пытанне, кажа яна. І важна, каб вучань сам знайшоў адказ на яго.

За плячыма самой настаўніцы – пастаянная вучоба, адкрыццё новых перспектыў. Інакш жыццё стане руцінай, пераканана Ірына Уладзіміраўна. Кожную новую прыступку яна надзейна мацуе да сваёй жыццёвай лесвіцы росту.

– А дзе бярэ пачатак ваша грамадская экалагічная дзейнасць?

– У пару дырэктарства ў Шумілінскім цэнтры па пазашкольнай рабоце. Гэта быў цікавы час. Было шмат гуртковай работы, конкурсаў і перамог. І тут я ўпершыню паспрабавала арганізаваць другасную занятасць школьнікаў, навучылася рабіць неабходную дакументацыю і накіроўваць працэс. Тады акрамя рамонту школьнай мэблі і пашыву пасцельнай бялізны мы, бадай, першымі ў раёне пачалі шыць шторы на вокны. Навыкі арганізацыі другаснай дзейнасці спатрэбіліся мне і ў далейшым, у гімназіі.


Дык вось, у гэты перыяд мне пашанцавала пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, у прыватнасці з каардынатарам праекта «Дзікі квадрат» Наталляй Парэчынай, праекта, заснаванага на вопыце Еўрасаюза па захаванні біяразнастайнасці.


– І ўзброіўшыся новымі ведамі, вы, як сведчыць паслужны спіс, вырашылі несці канкрэтную карысць і пайшлі працаваць інжынерам-лесапатолагам у Шумілінскі лясгас. Такі вось рэзкі віраж. Што хацелі даказаць?


– На справе нічога нікому не даказвала. Пасля другога дэкрэтнага водпуску мне хацелася цішыні, хацелася быць бліжэй да прыроды і канкрэтна дапамагаць ёй. Лес, як і чалавек, хварэе і таксама чакае дапамогі. Я ўдзячна лёсу і лесу за вопыт, які атрымала. Гэты вопыт абагаціў мяне і мае будучыя ўрокі. А яшчэ я ўпэўнілася, як разумна ўсё ў лесе збалансавана.

– Чаму ж лес адпусціў сваю заступніцу і лекарку?


– Ён мяне блаславіў і дапамог падняцца на новую прыступку. Я атрымала за-прашэнне ад дырэктара раённай гімназіі Л. У. Маладзечкінай і адчула, што не толькі адпачыла душой, але і ссумавалася па школе.


І вось праз 20 год дарога зноў прывяла Ірыну Кулікаву ў Лескавічы. Сёння Ірына Уладзіміраўна – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, выкладчык хіміі і біялогіі Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната. Плюс работа ў грамадскім аб’яднанні «ЭкаБум».

Сёння аб’яднанне «ЭкаБум» дастаткова аўтарытэтная арганізацыя. На яе рахунку шмат карысных спраў, рэалізаваных праектаў, у тым ліку і з фінансавым удзелам Еўрасаюза. Так, напрыклад, праект «Паляпшэнне веласіпеднай інфраструктуры ў Шумілінскім раёне» атрымаў грант у размеры 8 500 еўра; выйгрышным аказаўся і праект “Новае жыцце двара “Прамень” (добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі (у адным з дамоў па вуліцы Юбілейнай у Шуміліне) з уладкаваннем аб’ектаў веласіпеднай інфраструктуры – 9 920 долараў. Дарэчы, падрыхтаваць такі праект і атрымаць фінансаванне асобная навука, вельмі і вельмі няпростая, хто з гэтым сутыкаўся – ведае.

Пра дзейнасць «ЭкаБума» наша газета пісала не раз. І не толькі наша. У самой Ірыны Кулікавай цэлы архіў матэрыялаў, фотаздымкаў. Вось яны з сябрамі падчас «Тыдня лесу» саджаюць дрэвы, а тут робяць штучныя гняздоўі для птушак, праводзяць акцыі па раздзельным зборы смецця, выкарыстаных батарэек, пластыкавых накрывак. А гэта – плогінг каля Шумілінскага возера (бег трусцой і ўборка смецця адначасова).

На адным з фотаздымкаў, азначаным 28 верасня 2019 года, адлюстраваны вялікі гурт веласіпедыстаў – больш за 50 чалавек прынялі ўдзел у велапрабегу ад Шуміліна да Вялікага каменю. Велапрабег сумясцілі з уборкай смецця. Карысць самім, карысць прыродзе.
А Ірына Кулікава разам з сябрамі «ЭкаБума» ужо працуюць над новым праектам: арганізацыяй збору і ўтылізацыі пратэрмінаваных лекавых прэпаратаў. Сапраўды, куды мы дзенем назапашаны парацэтамол ці анальгін, калі выйдуць тэр-міны карыстання? У смеццевае вядро. А адтуль на звалку, яшчэ адным гнайніком на цела прыроды.

Нельга не сказаць пра надзейны штаб грамадскага аб’яднання. Ірына Кулікава ўсе заслугі ў поўнай меры дзеліць са сваімі аднадумцамі і просіць напісаць у газеце, што з дня заснавання, з 2017 года ўпоплеч з ёй працуюць Марына і Сяргей Аляксеенкі з Башнёў, Таццяна і Вадзім Лапавухавы з Шуміліна, калегі з раённай гімназіі: Ларыса Маладзечкіна, Вера Якубёнак, Вольга Жыгунова, Алена Філіпенка. А яшчэ – Святлана Архіпава з сям’ёй, Святлана Ільінец і, вядома ж, уся сям’я Кулікавых. Грамадскага эколага усямерна падрымліваюць родныя – муж Аляксандр, сыны Міхаіл і Арсеній.

– А навошта вам усё гэта?
– Каб чалавекам звацца, каб дапамагчы сабе і іншым выпрацаваць новыя мадэлі паводзін у прыродзе, каб даць нашым унукам магчымасць жыць на чыстай планеце. Наогул, магчымасць жыць.

Аліна ПЯТРОВА.

"Герой працы"
Чытаць цалкам тут: http://www.shumilino.by/?p=55514

Апошнія навіны