shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

25.11.2020 12:18

228 праглядаў

0 каментароў

Ціханоўская трапіла ў сьпіс 100 найбольш натхняльных і ўплывовых жанчын сьвету

Брытанская навіновая кампанія BBC апублікавала свой штогадовы сьпіс найбольш натхняльных і ўплывовых жанчын сьвету.

Сьвятлана Ціханоўская ў Бэрліне, 6 кастрычніка 2020 года

Брытанская навіновая кампанія BBC апублікавала свой штогадовы сьпіс найбольш натхняльных і ўплывовых жанчын сьвету.

У сьпісе за 2020 год ёсьць Сьвятлана Ціханоўская.

«Сьвятлана Ціханоўская — былая кандыдатка на прэзыдэнта Беларусі, дзе яна ўзначаліла нацыянальна-дэмакратычны рух. У жніўні 2020 году прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка заявіў пра пераканаўчую перамогу на выбарах, выклікаўшы пратэсты па ўсёй краіне на фоне пашыраных абвінавачаньняў у фальсыфікацыі галасаваньня.

У хуткім часе пасьля выбараў, баючыся за бясьпеку сваіх дзяцей, Ціханоўская зьехала зь Беларусі ў Літву. Яна працягвае ўзначальваць дэмакратычны рух у выгнаньні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы адчулі сябе народам і гаспадарамі ў сваёй краіне». Сьвятлана Ціханоўская пра 100 дзён пратэстаў

BBC дае цытату Ціханоўскай:

«Ніколі, ні на імгненьне ня верце нікому, хто кажа, што вы слабыя. Мы часта не разумеем, якія мы моцныя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская: Беларусь падпіша Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская?

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў эміграцыі. Жыве ў Літве.

15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся ў зьняволеньні, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.

Кандыдатам у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня.

Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валерыя Цапкалы, іх штабы аб’ядналіся са штабам Сьвятланы Ціханоўскай і правялі пасьпяховую выбарчую кампанію са шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК для таго, каб іх абскардзіць.

З ЦВК палітык не вярнулася. Зь ёй зьнікла сувязь, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна знаходзіцца ў Літве. Было апублікавана два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом. Абставіны і ўмовы свайго ад’езду зь Беларусі Ціханоўская дагэтуль не разгалошвае і тлумачыць гэта меркаваньнямі бясьпекі.

Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».

18 жніўня на ініцыятыву Сьвятланы Ціханоўскай ў Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.

10 верасьня Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.

На працягу верасьня 2020 году шэраг замежных краін, у тым ліку ЗША, Канада, Вялікабрытанія, Нямеччына, Данія, Швэцыя, Польшча, Чэхія, Літва, Латвія, Эстонія, заявілі, што не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку легітымным лідэрам Беларусі. У гэтых умовах увага сусьветных палітыкаў усё больш перамяшчаецца да Сьвятланы Ціханоўскай.

У верасьні-кастрычніку адбыліся яе сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель, прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам, прэзыдэнтам Славаччыны Сюзанай Чапутавай, прэм’ер-міністрамі Польшчы і Славаччыны, міністрамі замежных спраў Аўстрыі, Грэцыі, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Славаччыны.

Ціханоўская выступае за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікае міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.

13 кастрычніка ў афіцыйным Тэлеграм-канале Ціханоўскай быў апублікаваны «народны ўльтыматум» з тэрмінам выкананьня да 25 кастрычніка.

«У рэжыму ёсьць 13 дзён, каб выканаць тры абавязковых патрабаваньні:

1. Лукашэнка павінен аб’явіць аб сыходзе.
2. Гвалт на вуліцах павінна спыніцца цалкам.
3. Усе палітвязьні павінны быць вызвалены.

Калі да 25 кастрычніка нашы патрабаваньні ня будуць выкананыя, уся краіна мірна выйдзе на вуліцы з Народным ультыматумам. І 26 кастрычніка пачнецца нацыянальная забастоўка ўсіх прадпрыемстваў, блякаваньне ўсіх дарог, абвал продажаў у дзяржаўных крамах. У вас ёсьць 13 дзён, каб выканаць тры ўмовы. У нас ёсьць 13 дзён, каб падрыхтавацца, і ўвесь гэты час беларусы будуць працягваць свой мірны і настойлівы пратэст».

https://www.svaboda.org/a/30966021.html

Апошнія навіны