shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Грамадства

30.11.2020 20:21

386 праглядаў

0 каментароў

Як работнікі сацыяльнага цэнтра Шуміліна дапамагаюць пажылым людзям супрацьстаяць каранавірусу

На абслугоўванні ў ТЦСАН знаходзіцца 468 чалавек. Справіцца са штодзённымі жыццёвымі клопатамі ім дапамагаюць 58 сацыяльных работнікаў. І калі гаворка ідзе пра прафілактыку распаўсюджання COVID-19, пра дадатковую абарону ад вірусу для пажылых людзей, многія з якіх маюць хранічныя хваробы, то найперш паўстае пытанне пра стан здароўя саміх супрацоўнікаў цэнтра.

– Гэта работа ў нас наладжана яшчэ вясной, у першую хвалю COVID-19. З усімі сацыяльнымі работнікамі праведзены адпаведны інструктаж, два разы на дзень яны інфармуюць інспектараў пра стан свайго здароўя і ўзровень тэмпературы, – гаворыць выконваючы абавязкі загадчыка аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Алена Тарасава. – Усе разумеюць, што сітуацыя сур’ёзная.
Маскамі, пальчаткамі і сродкамі дэзынфекцыі ў неабходнай колькасці забяспечаны ўсе супрацоўнікі, што кантактуюць з людзьмі на даму. Яшчэ да таго, як у раёне быў уведзены масачны рэжым, сацыяльныя работнікі строга выконвалі ўсе правілы засцярогі. Як-ніяк не толькі за сябе адказнасць нясуць, але і за падапечных.


– Мы кругласутачна прымаем заяўкі ад пажылых людзей і інвалідаў на дастаўку прадуктаў, прадметаў першай неабходнасці і медыкаментаў, – падкрэслівае Алена Мікалаеўна. – Прычым, гэта тычыцца не толькі тых грамадзян, што знаходзяцца на абслугоўванні ў цэнтры. Нашы работнікі ў якасці валанцёраў дастаўляюць прадукты і медыкаменты пажылым і інвалідам па месцы жыхарства, нават у самую аддаленую вёску. Няхай толькі людзі застаюцца дома і менш падвяргаюць сябе небяспецы.


Пачынаючы з сакавіка гэтага года было выканана 165 дадатковых заявак. Даведацца пра такую магчымасць можна на афіцыйным сайце ўстановы. На самім будынку размешчаны бягучы радок, які інфармуе пра дзейнасць ТЦСАН. Спецыялісты распаўсюджваюць лістоўкі і памяткі пра тое, як захаваць сваё здароўе і куды звяртацца за дапамогай.



Ужо 9 год спраўляцца з усімі клопатамі шумілінцы Ларысе Каразеевай дапамагае Надзея Яшчук.

Уважлівая да сваіх кліентаў і сацыяльны работнік з 14-гадовым стажам Валянціна Карапузава. Яна абслугоўвае 9 чалавек. А цяпер яшчэ і дадатковыя заказы па дастаўцы лекаў выконвае. У масцы і пальчатках – з сакавіка.


– Усё неабходныя сродкі аховы нам выдаюць, самім купляць не трэба, – кажа Валянціна Васільеўна. – Маску мяняю, як і належыць, кожныя дзве гадзіны. І пра людзей думаю, і пра ўласную сям’ю таксама. Здзіўляюць людзі, што абыякава ставяцца да небяспечнага вірусу.


Напэўна, дзякуючы такой перасцярозе, ніхто з сацыяльных работнікаў ТЦСАН Шумілінскага раёна за гэты час вірус не падчапіў.


Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Фота дадзена ТЦСАН Шумілінскага раёна.

"Герой працы"

Чытаць цалкам тут: http://www.shumilino.by/?p=57496

Апошнія навіны