Напэўна, больш за ўсіх антывіруснай амуніцыяй забяспечаны прадаўцы магазіна «Метан» – яны носяць маскі, а ў дадатак і ахоўныя шчыткі. «Пра нас так паклапацілася кіраўніцтва прадпрыемства, – расказала прадавец магазіна Ілона Шэдзько. – Кожны шчыток у нас індывідуальны, рэгулярна яго апрацоўваем антысептычнымі сродкамі. Што тычыцца пакупнікоў, то яны зараз практычна ўсе ў масках. А калі няма ў каго – прапануем купіць на касе».
Дарэчы, у работнікаў РЦГЭ да «Метана» не было прэтэнзій: у кафэ сталы расстаўлены з захаваннем бяспечнай дыстанцыі, у магазіне зроблена разметка для пакупнікоў, усім работнікам раніцай вымяраюць тэмпературу бескантакным тэрмометрам і запісваюць у журнал, ёсць антысэптыкі для пакупнікоў, вільготная ўборка – кожныя дзве гадзіны, на сцяне вывешана інфармацыя для пакупнікоў па прафілактыцы інфекцыі.
Дарэчы, Алеся Сафроненка ўказала некаторым пакупнікам на памылкі пры нашэнні масак: надзяваць іх трэба, утрымліваючы за завязкі, на нос і рот. Калі маска закрывае толькі рот (такое часам можна ўбачыць) – гэта не дае аховы, бо інфекцыя пранікае ў арганізм менавіта праз слізістую носа пры ўдыханні паветра з вірусамі.
– Купіце маску, паберажыце сябе! – прапаноўвае прадавец магазіна «Тамара-гандаль» мужчыну, што зайшоў у магазін.
І той без слова дастае з кішэні грошы і надзявае маску. Так, людзі ўжо звыкліся з той думкай, што масачны рэжым абавязковы для выканання.
Але ж людзі розныя, з рознымі характарамі і поглядамі. Што робяць прадаўцы, калі пакупнік без маскі, мы пацікавіліся ў дырэктара «Еўраопта» Уладзіміра Какушкіна.
– У нас устаноўка такая: прапанаваць пакупніку купіць маску, – расказаў Уладзімір. – Ну, а калі той адмовіўся (такое бывае рэдка), усё роўна абслужыць чалавека, які прыйшоў у магазін. Адмовіць у пакупцы не маем права. Заядлых праціўнікаў масак нямнога, за дзень трапляецца адзін-два чалавекі.
У дзвюх шумілінскіх аптэках у цэнтры ўсе без выключэння – і правізары, і пакупнікі – былі ў масках.
Ва УП ЖКГ удзельнікаў рэйду без масак не пусцілі далей уваходных дзвярэй. Прапанавалі апрацаваць рукі антысэптыкам. Да вядзення неабходных дакументаў у работніка санітарнай службы тут не было прэтэнзій. На прадпрыемстве цікавіліся, ці трэба насіць маскі ў кабінетах.
– Калі вы ў кабінеце адзін ці кабінет вялікі і ёсць магчымасць захоўваць дыстанцыю ў паўтара-два метры, то маска неабавязковая, – патлумачыла Алеся Сафроненка. – У адваротным выпадку маскай трэба карыстацца.
Падчас рэйду былі выяўлены і парушэнні. Так, у Раёне электрасетак не ўсе работнікі, якія працавалі з насельніцтвам, былі ў масках. У ДРБУ-204 адсутнічаў план мерапрыемстваў па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі, у ПМК-70 адна з работніц абслугоўвала насельніцтва без маскі. Усе парушальнікі атрымалі папярэджанне ад работніка РЦГЭ.
Ці можна за адсутнасць маскі атрымаць штраф? – такое пытанне падчас рэйду задавалі на многіх прадпрыемствах.
Галоўны санітарны ўрач раёна Крысціна Афанасьева: Згодна з арт. 16.8 КоАП «Парушэнне санітарна-эпідэміялагічных, гігіенічных патрабаванняў і працэдур, устаноўленых тэхнічнымі рэгламентамі, санітарных нормаў і правілаў, гігіенічных нарматываў» за парушэнне санэпідпрацэдур пагражае штраф: фізічным асобам – да 30 БВ, індывідуальным прадпрымальнікам – да 200 БВ, юрыдычным асобам – да 500 БВ.
У нашым раёне ўжо зафіксаваны падобныя парушэнні. Напрыклад, работнікі прыватных гандлёвых прадпрыемстваў «Бруснічка» і «ЛоліяГандаль» не выкарыстоўвалі індывідуальныя сродкі аховы органаў дыхання, за што атрымалі на першы раз мінімальны штраф. Ёсць парушэнні і ў некаторых установах адукацыі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
"Герой працы"
Чытаць цалкам тут: http://www.shumilino.by/?p=57527