shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна культура

16.12.2019 18:14

401 прагляд

0 каментароў

Самы лепшы хлеб пякуць у Шуміліне

Народны клуб аматараў нацыянальнай беларускай кухні «Разынка» Шумілінскага раённага дома рамёстваў даказаў, што самы лепшы хлеб пякуць у Шуміліне. Майстры «Разынкі» сталі пераможцамі на абласным свяце нацыянальных культур «Нас з’яднала зямля Беларусі», якое прайшло ў Верхнядзвінску.



На здымку: Вольга Загвоздава, Анжэла Сяргеева і Кацярына Барабанава.


Наш дом рамёстваў прадстаўляў рэгіянальную кухню Шуміліншчыны. Тэмай прэзентацыі стаў традыцыйны хлеб. Наведвальнікам, рэспубліканскаму і абласному журы было прапанавана 11 (!) відаў хлеба.

Вы толькі паглядзіце, якое тут было багацце: хлеб аржаны з кменам на капусных лістах; хлеб аржаны бездражджавы (закваска рыхтавалася на адвары хмелю з дабаўленнем варанай бульбы); хлеб аржаны вотруб’евы; хлеб аржаны з вяленымі журавінамі і мёдам; хлеб аржаны суцэльназерневы; хлеб аржаны з семкамі сланечніку і льну; хлеб аржаны з часнаком; хлеб аржаны з сухафруктамі (курагой, фінікамі і грэцкім арэхам); хлеб пшанічны; праснакі пшанічныя з семкамі і вострымі травамі; сачні (аржаныя праснакі з бульбяным пюрэ).

Нельга не адзначыць галоўнага майстра народнага клуба “Разынка” па выпечцы хлеба Вольгу Загвоздаву, яе імкненне не толькі захаваць традыцыйныя хлебныя рэцэпты шумілінцаў, але і папулярызаваць іх, рабіць усё, каб людзі і сёння хацелі бачыць на сваім стале традыцыйны шумілінскі хлеб.

Відовішчнасці выставе-прэзентацыі дабавіла тэатралізаванае прадстаўленне «Хлеб – ўсяму галава» ў выкананні Анжэлы Сяргеевай, Кацярыны Барабанавай і Вольгі Загвоздавай.

Журы аднагалосна прысудзіла дыплом 1-й ступені ў намінацыі «Лепшая прэзентацыя нацыянальных страў» народнаму клубу аматараў нацыянальнай беларускай кухні «Разынка» Шумілінскага раённага дома рамёстваў.

Аліна ПЯТРОВА.

Фота з архіва Шумілінскага раённага дома рамёстваў.
Чытаць цалкам:

Апошнія навіны