shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна культура

25.01.2020 19:23

225 праглядаў

0 каментароў

Клуб «Ветэран» Шумілінскага РЦК запрашае новых сяброў

Шуміліна — невялікі гарадок і не можа пахваліцца вялікім багаццем цікавых месцаў адпачынку. Адзіны Дом культуры і той даўно закрыты на рамонт, скардзяцца шумілінцы. Але ж гэта часова, затое потым у нас будзе прыгожы, светлы, сучасны Палац культуры, куды не сорамна будзе і замежных гасцей пазваць.

А пакуль што жадаючыя з карысцю правесці вольны час і спецыялісты, якія ўмеюць гэта арганізаваць, сустракаюцца на іншых пляцоўках. Так, клуб “Ветеран” Шумілінскага РЦК праводзіць свае сустрэчы ў былым будынку музычнай школы на вуліцы Луначарскага.


– Вядома, мы хочам, каб Цэнтр культуры хутчэй адрамантавалі, – кажа кіраўнік клуба Ілона Карнілава. – Але работу свайго аб’яднання не згортваем, а наадварот, хочам запрасіць да сябе новых сяброў. І няхай не палохае вас назва клуба, бо ветэран – гэта не столькі ўзрост, колькі жыццёвы вопыт, шматлікія навыкі, уменне цаніць жыццё і жаданне дзяліцца гэтым уменнем з іншымі. А калі ўжо гаварыць пра ўзрост, то мы арыентаваны на работу з тымі, каму плюс-мінус 50.

У прыватнасці, клуб “Ветэран”, пра які мы вядзём гаворку, прапануе вельмі насычаную праграму. Тут можна займацца аздараўленчай гімнастыкай (3 разы на тыдзень), спяваць у вакальнай групе (2 разы на тыдзень) ці займацца рукадзеллем (адзін раз на тыдзень). Заўважым, што ўсе заняткі бясплатныя, а гэта немалаважна.

Да таго ж, раз на месяц усе прыхільнікі клуба “Ветэран” збіраюцца на якое-небудзь мерапрыемства. З апошніх варта ўспомніць навагодні агеньчык, куды дамы прыйшлі ў прыгожых сукенках, прыхарошаныя, з прыўзнятым настроем. А зусім нядаўна клуб сабраўся на калядныя пасядзелкі “Святы вечар добрым людзям”. Весела пасядзелі: песні спявалі, варажылі, загадкі адгадвалі, пра гісторыю праваслаўных свят пагаварылі – Нараджэнне Хрыстова і Вадохрышча, пра прыкметы надвор’я, якія апошнім часам збіліся. Усім было добра разам, нават разыходзіцца не хацелася – ці многа гэтых свят у нашым жыцці!

І калі вам захацелася стаць удзельнікам усіх гэтых цікавых мерапрыемстваў, не стрымлівайце сябе, званіце (тэлефон 4-10-29 у рабочыя дні з 9.00 да 18.00), ідзіце, паспрабуйце, дабаўце ў сваё жыццё новых яркіх фарбаў.

Аліна ПЯТРОВА.

Фота з архіва клуба «Ветэран».

Чытаць цалкам тут: http://www.shumilino.by/?p=52515

Апошнія навіны