shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна культура

02.03.2020 19:35

281 прагляд

0 каментароў

У Шуміліне ладзілі Масленіцу і развітваліся з зімой

Зіма сёлета здзівіла ўсіх нас сваім незвычайна мяккім характарам, але хіба гэта можа перашкодзіць як след адсвяткаваць развітанне з ёю. Сытыя, вясёлыя, гучныя масленічныя гулянні ладзіліся ў суботу ў гарадскім парку. Конкурсы, забавы, спартыўныя спаборніцтвы, святочны гандаль зрабілі гэты дзень асаблівым, як і належыць па народным календары.




Пачнём з таго, што ісці ў парк трэба было галодным. Прысмакі, падрыхтаваныя ўстановамі адукацыі і гаспадынямі народнага клуба “Разынка” Дома рамёстваў, маглі задаволіць самых патрабавальных аматараў паесці. Бліны з тварагом, павідлам, мясам, капустай, шакаладам, бананамі і нават з далікатэснай чырвонай ікрой, кексы, пірагі і піражкі – бойкі гандаль ішоў задоўга да таго, як пачалася дзея на сцэне. Чарга не спала, пакуль не раскупілі ўсё начыстую. Адна раённая гімназія напякла 150 штук бліноў, да якіх прапаноўвала самыя розныя начынкі.


– Усе без выключэння дашкольныя ўстановы райцэнтра і Светласельскі дзіцячы сад гатавалі прысмакі, а гандлюем мы, бо самыя гаваркія, – кажуць прадстаўніцы ясляў-сада №3 Вераніка Даўгілава і Галіна Аўтушка.– Адных бліноў у нас 12 гатункаў, нават з чырвонай ікрой ёсць – усяго па 30 капеек.
Да прылаўка СШ №2 было даволі цяжка прабіцца. А ўсё таму, што толькі тут прадавалася такая любімая шумілінцамі поліўка. Хапіла гэтай смакаты з грыбамі і курацінай далёка не ўсім. Прасілі нядорага – па рублю за паўлітровую шклянку.


– Мы ўсяго 22 літры прыгатавалі. Калі б ведалі, што ніхто акрамя нас частаваць поліўкай не будзе, і больш расстараліся б, – кажа дырэктар школы Жанна Рагуновіч. – Наогул, прысмакі гатавалі ўсёй школай – кожны без выключэння класны калектыў пастараўся, а заробленыя грошы папоўняць спецрахунак установы адукацыі.



Народу, што як след падсілкаваўся, вядома, захацелася відовішчаў. Тут ужо пастараліся работнікі культуры і самадзейныя артысты, прапанаваўшы гледачам спевы, масленічныя забавы і конкурсы.

Цэнтральнай падзеяй стаў конкурс «Ай ды валёнкі, ай ды цуда-рукавіцы», паўдзельнічалі ў якім 17 арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Якіх толькі работ ні было прадстаўлена! Журы вызначыла лепшых у васьмі намінацыях, і нават два спецыяльныя прызы заснавала. Фантазію і крэатыўны падыход праявілі ўсе без выключэння ўдзельнікі. Да прыкладу, загадчыца Мікіціхінскага дзіцячага сада Жанна Васільчанка прэзентавала ажурную металічную рукавіцу, а работнікі дзіцячага сада №3 звязалі самую вялікую рукавіцу, у якой і немаўля змесціцца. ДРБУ № 204 здзівіла ўсіх прыгожым распісным валёнкам. А супрацоўнікі гісторыка-краязнаўчага музея прадэманстравалі, якіх памераў рукавіцы насіў велікан Фёдар Махноў. Відовішчнымі атрымаліся і прэзентацыі работ.


Апроч таго народ забаўлялі работнікі цэнтра дзяцей і моладзі, раённай бібліятэкі, фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Ад душы весяліліся дзеці. А гэта самае галоўнае, як адзначыла, падводзячы вынікі свята, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
"Герой працы"


Апошнія навіны