shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна культура

28.09.2020 19:41

363 прагляда

0 каментароў

Наваселле адсвяткавала Обальская дзіцячая школа мастацтваў

Наваселле ў мінулую суботу адсвяткавала Обальская дзіцячая школа мастацтваў. Установа «пераехала» з будынка па вуліцы Даўмана і размясцілася ў памяшканні мясцовай агульнаадукацыйнай школы. Ва ўрачыстасцях з гэтай нагоды ўдзельнічала кіраўніцтва раёна, дзеці, бацькі, госці.

Гэты пераезд вельмі важны для юных аматараў музыкі. Былое памяшканне з цягам часу страціла камфортнасць, так неабходную, калі гаворка ідзе пра падрастаючае пакаленне. Кіраўніцтва раёна, разумеючы, што на ўзвядзенне новага будынка пакуль няма сродкаў, прыняло рашэнне ўкласці грошы ў рамонт пустуючых памяшканняў Обальскай СШ. За кошт бюджэту і дзякуючы спонсарскай падтрымцы работы ўдалося правесці ў сціслыя тэрміны. Актыўна ўдзельнічалі ў рамонце і самі работнікі школы мастацтваў.


Вітаючы юных музыкаў, кіраўнік раёна Віктар Гутараў паабяцаў, што тое-сёе яшчэ будзе зроблена для таго, каб займацца ў новым будынку ім было максімальна камфортна. Выказаў спадзяванне, што хто-небудзь з вучняў звяжа сваё далейшае жыццё з музыкай.


У Обальскай дзіцячай школе мастацтваў працуюць тры аддзяленні – мастацкае, харавое і інструментальнае (фартэпіяна, акардэён, баян і цымбалы). Музычную і мастацкую адукацыю тут атрымліваюць амаль 80 вучняў. Працуе філіял і ў аграгарадку Кардон. Не толькі ў раёне, вобласці, але і за межамі рэспублікі знакамітыя калектывы школы – народны ансамбль «Гарэзнікі» і дзіцячы ансамбль «Жавароначкі». На рахунку творцаў удзел і перамогі ў такіх конкурсах і фестывалях, як «Браслаўскія зарніцы», «Славянскі базар у Віцебску», «Дняпроўскія галасы» і многіх іншых.
Шасцікласніца Вікторыя Ляўшова ў «музыкалку» ходзіць штодня, бадай, акрамя нядзелі. Займаецца па класу фартэпіяна. Мае прызавыя месцы ў такіх прэстыжных конкурсах, як «На адной хвалі», LETOSTAR-2020, «Гукі мары» і многіх іншых. Яна разам з сяброўкамі Варварай Аўдошкінай, Аляксандрай Марозавай, Дзіянай Жарабцовай наведвае заняткі па пастаноўцы голасу, харавое аддзяленне, іграюць у ансамблі. Дзяўчынкі рады таму, што цяпер школа мастацтваў знаходзіцца ў адным будынку са звычайнай – далёка хадзіць не трэба.


– Тут вельмі згуртаваны калектыў, працаваць у якім – адно задавальненне, – гаворыць настаўнік па класу цымбалаў Вераніка Маслоўская.

Педагог пасля заканчэння Наваполацкага музычнага каледжа па размеркаванні трапіла ў Обаль. Працуе тут больш за два гады з імпэтам і задавальненнем. Кажа, што дзеці цікавяцца цымбаламі, і сёлета гэты інструмент абрала некалькі першакласнікаў.

Год таму адкрылася мастацкае аддзяленне, дзе сёння займаюцца больш за 25 хлопчыкаў і дзяўчынак. Выкладае малады спецыяліст Аліна Загвоздава, якая кажа, што імкнецца ўсебакова развіваць дзяцей, вучыць іх бачыць і разумець прыгожае.


26 год працуе ў Обальскай дзіцячай школе мастацтваў Вольга Карбавец, 10 з якіх узначальвае ўстанову адукацыі. Вольга Уладзіміраўна ўпэўнена, што наваселле дасць старт новым поспехам і перамогам юных творцаў і педагогаў.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

"Герой працы"

http://www.shumilino.by/?p=56576

Апошнія навіны