shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Палітыка

04.03.2020 10:41

149 праглядаў

0 каментароў

Лукашэнка разлічвае на крэдыт ЗША на будаўніцтва новага нафтапроваду ў Беларусь

На працы па злучэнні балтыйскіх берагоў з беларускімі нафтаперапрацоўчымі заводамі патрэбна каля 1–2 гадоў, заявіў кіраўнік Беларусі на нарадзе па пытаннях нафтаперапрацоўкі.

3 сакавіка Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што Беларусь мае намер набываць у Расеі каля 40–50 % неабходнай нафты.

«Калі Расея захоча», – удакладніў Лукашэнка.

Паводле кіраўніка краіны, 30 % паставак могуць адбывацца ў Беларусь праз Адэсу, а 30 % – праз балтыйскія парты.

«Гэта будуць тры крыніцы. Мы цалкам па пастаўках нафты можам дыверсіфікавацца», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле Лукашэнкі, пастаўкі нафты з балтыйскага напрамку могуць адбывацца праз новы нафтаправод.

«Гэта ж не праблема пабудаваць, – заявіў Лукашэнка. – Там, дарэчы, ёсць пара труб, якія б нас задаволілі, калі б мы іх давялі да ладу і дамовіліся з балтыйскімі дзяржавамі па гэтых трубах».

Падчас сустрэчы кіраўнік Беларусі прыгадаў таксама прапанову ЗША аб пастаўках нафты ў Беларусь.

«З дзяржсакратаром я на гэтую тэму размаўляў – дапамагчы нам з інфраструктурай і пастаўкамі нафты. Пампэа сам прапанаваў па канкурэнтнай цэнах гэтую нафту. І на мюнхенскай канферэнцыі была заява: яны вылучылі $ 1 млрд для будаўніцтва аб’ектаў лагістыкі, гэта значыць для пастаўкі нафты, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – У тым ліку мы можам разлічваць, што атрымаем ад іх зусім танныя крэдыты на будаўніцтва той жа няшчаснай трубы з Балтыкі. Дзесьці нам патрэбная пара перамычак, якія ўрад разлічвае будаваць аж тры гады. Не будзе гэтага. Паўтара–два года, не больш! І $ 100–120 млн мы самі знойдзем на гэтыя перамычкі».

Паводле Аляксандр Лукашэнкі, балтыйскія краіны маглі б таксама стаць рынкам збыту беларускіх нафтапрадуктаў.

Нарада па пытаннях нафтаперапрацоўкі ў 2020 годзе. Фота – прэсавая служба кіраўніка Беларусі

Цяпер, на думку кіраўніка Беларусі, ураду трэба «проста варушыцца».

Пра гатовасць амерыканскіх вытворцаў забяспечыць Беларусь нафтай на 100 % дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа заявіў падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску 1 лютага.

Чаму за месяц гэтак не дайшло да здзелкі, «Белсату» патлумачыў кіеўскі эксперт у энергетычнай сферы Генадзь Рабцаў.

«Гэтая прапанова прагучала з вуснай палітыка, і не была падмацаваная ніякімі рэальнымі аб’ёмамі, тэрмінамі і коштам. Безумоўна, ЗША могуць забяспечыць каго заўгодна і чым заўгодна, але па якіх коштах і на якіх умовах – вялікае пытанне. Няма нічога дзіўнага, што беларусы падзякавалі і абяцалі падумаць», – кажа Рабцаў.

З канца снежня мінулага года беларускія НПЗ працуюць ува ўмовах зніжанай загрузкі. За першыя два месяцы 2020 года «Нафтан» перапрацаваў 892 тыс. тонаў нафты, Мазырскі НПЗ – 962 тыс. тонаў.

3 сакавіка Аляксандр Лукашэнка змяніў віцэ-прэм’ера, які курыруе пытанні нафты і газу. Ім стаў Юрый Назараў, які раней узначальваў канцэрн «Беллеспаперапрам».

ДД belsat.eu

Апошнія навіны