shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Палітыка

05.05.2020 09:43

182 прагляда

0 каментароў

«Гэта ня толькі невуцтва, але і злачынства». Шушкевіч, Грыб і Чыгір выступілі супраць параду на 9 траўня

Як ставяцца да правядзеньня параду 9 траўня ў час эпідэміі каранавірусу былыя кіраўнікі парлямэнту і ўраду Беларусі?

Аляксандар Лукашэнка з сынамі падчас параду на Дзень Перамогі 9 траўня 2019 году

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Станіслаў Шушкевіч: «Ён думае найперш пра захаваньне ўлады»

Першы сьпікер Вярхоўнага Савету ў часы незалежнасьці Беларусі Станіслаў Шушкевіч ня проста супраць, а вельмі абураны рашэньнем Аляксандра Лукашэнкі праводзіць парад. А таксама тым, што ягонае бліжэйшае атачэньне гэтаму не супярэчыць, а наадварот, падтаквае.

Станіслаў Шушкевіч

«Гэта проста ваяўнічы неадукаваны чалавек, троечнік ва ўсім, і гэта ён увесь час, ужо 25 год, дэманструе. Натальля Качанава ды іншыя яму падтакваюць, але тут зразумела — цалкам ад яго залежныя людзі. А сказаць, як у войску кажуць, калі сыходзяць у адстаўку на знак нязгоды, „Гонар маю“, то там няма такіх. Бо ён адбіраў іх па іншых прынцыпах», — мяркуе Станіслаў Шушкевіч.

На думку Станіслава Шушкевіча, дзейны кіраўнік Беларусі, пастанавіўшы праводзіць парад ва ўмовах пандэміі каранавірусу, кіруецца ня ведамі і парадамі дасьведчаных адмыслоўцаў, а ўласнымі інстынктамі.

«Што гэта за інстынкты? Найперш захаваньне ўлады. Вы ж паглядзіце, што тут ніхто не пытаецца меркаваньня ані ў парлямэнту, ані ў простых людзей. Другое, што ім кіруе, — гэта быць падобным да савецкіх маршалаў перамогі. Як той Жукаў не шкадаваў тысячы людзей, каб як мага хутчэй выканаць загад, гэтак і ён дзейнічае — усё дзеля перамогі. А што людзі могуць пацярпець — ня важна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка: «Мы ня можам адмяніць парад»

Станіслаў Шушкевіч заўважыў, што нават у расейскай Дзяржаўнай Думе адзін з дэпутатаў назваў рашэньне Аляксандра Лукашэнкі праводзіць парад глупствам, але ня быў спынены кіраўніцтвам парлямэнту.

«Пуцін на яго ўжо проста не зьвяртае ўвагі, не апускаецца да разборак зь ім, таму і дэпутаты дазваляюць сабе такія рэзкасьці. Адносна Лукашэнкі гэта дакладная пазыцыя, але крыўдна, што гэтак думае пра Беларусь усё больш людзей у сьвеце», — мяркуе Станіслаў Шушкевіч.

Днямі Станіслаў Шушкевіч адчуваў сябе дрэнна, у яго была павышаная тэмпэратура, давялося прайсьці абсьледаваньне ў шпіталі.

«Аказалася, была звычайная прастуда. Цяпер мне значна лепш. Працягваю самаізаляцыю, працую толькі праз інтэрнэт, а калі зрэдку выходжу з дому, абавязкова надзяваю мэдычную маску», — сказаў пра сябе былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Заганяць ня будзем. Але людзей будзе шмат», — Лукашэнка пра парад 9 траўня

Мечыслаў Грыб: «Каб усе бачылі, што той схаваўся ў бункеры, а я герой»

Мечыслаў Грыб узначальваў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь у 1994 годзе, калі была прынятая першая Канстытуцыя Беларусі. Ён выступае супраць правядзеньня параду 9 траўня.

Мечыслаў Грыб

«Калі б на той парад пайшлі толькі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі, дык гэта была б толькі іх праблема. Але яны ж вернуцца з параду ў грамадзтва і прынясуць вірус тым, хто не падтрымлівае такія погляды.

Рашэньне праводзіць парад ва ўмовах павелічэньня памераў эпідэміі каранавірусу лічу цалкам неабгрунтаваным і ня бачу ўвогуле ніякіх гістарычных ці традыцыйных падстаў для такіх плянаў. Не магу зразумець, якім чынам тое, што парад не адбудзецца, можа прынізіць памяць мільёнаў загінулых на той вайне? Няўжо калі да тых мільёнаў далучацца дзясяткі памерлых цяпер — гэта будзе добра для агульнай памяці пра ахвяр фашызму? Нейкае глупства, якое мяжуе з хваробай», — лічыць Мечыслаў Грыб.

Чаму на пазыцыю Лукашэнкі не паўплывала адмена параду ў Маскве? На думку Мечыслава Грыба, у гэтым пытаньні Аляксандар Лукашэнка можа дзейнічаць наўмысна насуперак свайму расейскаму калегу Ўладзіміру Пуціну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскі вірусоляг: парад — «глупства», на ім будзе лёгка заразіцца

«Каб усе бачылі: во які я сьмелы і адважны, а той баязьлівец, ён схаваўся ў бункеры і маўчыць, а я нічога не баюся, значыць, я круцейшы, я герой. Хіба ня так выглядае? Так. У іх даўно ідзе такая дуэль пазыцый, і цяпер яна вылілася ў змаганьне за парад. Але насамрэч парад — ня месца для гульняў характарамі. Бо гэта масавае мерапрыемства.

Агульнапрынята ва ўсім сьвеце, што ў час эпідэмій, тым больш пандэміі, такія мерапрыемствы недапушчальныя, бо значна павялічваецца рызыка распаўсюду хваробы. Але беларускаму лідэру такія меркаваньні не арыенцір. На людзей сёньняшняя ўлада глядзіць інакш. Як падчас вайны не бераглі людзей — „бабы панараджаюць яшчэ!“, дык і цяпер тое самае. Але лічу, што, акрамя глупства, гэтае рашэньне праводзіць парад мяжуе і са злачынствам, бо гаворка ідзе пра здароўе нацыі», — мяркуе Мечыслаў Грыб.

Ужо шмат дзён Мечыслаў Грыб на самаізаляцыі ў сваёй кватэры ў Менску, выходзіць з дому вельмі рэдка, толькі ў краму. «Канечне, маску нашу і вытрымліваю бясьпечную дыстанцыю», — сказаў пра сябе Мечыслаў Грыб.

Міхаіл Чыгір: «У ЗША ўвогуле вайсковых парадаў не праводзяць. І як яны там жывуць?»

Экс-прэм’ер і былы кандыдат на прэзыдэнта на альтэрнатыўных выбарах у 1999 годзе Міхаіл Чыгір таксама супраць правядзеньня параду 9 траўня.

Міхаіл Чыгір

«Для мяне нават няма пытаньня, ці варта такія парады праводзіць. У ЗША дык увогуле жывуць без вайсковых парадаў, і што, дрэнна жывуць? Лічу, у цяперашняй сытуацыі ня трэба праводзіць парады і нам.

Зьбяруцца ж туды і простыя людзі, гледачы, ня толькі вайскоўцы, і хіба гэта будзе нармальна? Шмат людзей адзін каля аднаго — хіба ж ня лепшыя ўмовы для распаўсюду вірусу? Таму ня трэба, — мяркуе Міхаіл Чыгір. — Мне цяжка вызначыць прычыну рашэньня ўсё ж праводзіць парад, але я яго адназначна не ўхваляю. Яно яўна супярэчыць рэкамэндацыям дасьведчаных людзей».

https://www.svaboda.org/a/30591922.html

Апошнія навіны