Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў 9 чэрвеня ў Telegram, што Сяргея Ціханоўскага абвінавацілі паводле часткі 1 артыкулу 342 КК РБ — «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
Такое ж абвінавачаньне выставілі яшчэ сямі асобам, якія праходзяць у «справе Ціханоўскага». Яны ўсе заключаныя пад варту з санкцыі пракурора.
«Паводле зьвестак сьледзтва, 29 траўня ў час пікету па зборы подпісаў у Горадні было арганізаванае правядзеньне незаконнага грамадзкага мерапрыемства, мітынгу, падчас якога ўчыненыя групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням міліцыі, — піша Сьледчы камітэт. — У выніку гэтых дзеяньняў пацярпелі два супрацоўнікі органаў унутраных справаў».
Аднаму з затрыманых (каму — не ўдакладняецца) выставілі таксама абвінавачаньне паводле артыкулу 364 КК РБ — «гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў». Паводле СК, празь відэазапісы зь пікету выявілі «яшчэ адну асобу», якая «чыніла гвалт адносна супрацоўнікаў міліцыі, якія дастаўлялі затрыманых у службовы транспарт».
Цяпер, піша СК, «сьледчыя і іншыя працэсуальныя дзеяньні» працягваюцца, прызначанае правядзеньне «судова-мэдычных і іншых» экспэртызаў.
Пра 900 тысяч даляраў, нібыта знойдзеных у Ціханоўскага на лецішчы, СК ня згадвае.
Як затрымалі Ціханоўскага
Сяргея Ціханоўскага затрымалі на выбарчым пікеце ў Горадні 29 траўня. Пазьней у кватэры маці Ціханоўскага ў Гомлі і на яе лецішчы пад Гомлем, а таксама ў студыі Сяргея Ціханоўскага ў Гомлі прайшлі ператрусы — сьцьвярджалася, што на лецішчы нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Разам з блогерам затрымалі каля дзясятка сяброў ініцыятыўнай групы ягонай жонкі, а таксама выпадковых людзей, якія прыйшлі на пікет.
Тэрмін утрыманьня Ціханоўскага за кратамі працягнулі на яшчэ два месяцы — ён прабудзе пад вартай да 9 жніўня, дня прэзыдэнцкіх выбараў. Сам Ціханоўскі зьбіраўся ісьці ў кандыдаты ў прэзыдэнты, ды ягоную ініцыятыўную групу адмовіліся рэгістраваць (ён на момант рэгістрацыі быў пад арыштам). Зарэгістравалі ініцыятыўную групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай — Сяргей стаў кіраўніком ейнай групы.
Сталі сьведкам падзеі? Зьнялі эксклюзіўнае фота ці відэа? Дасылайце ў Тэлеграм нашаму рэдактару

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі спэцназу падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
Пахвілінна. Як адбылося затрыманьне Ціханоўскага ў Горадні >>
- У Twitter-акаўнце Ціханоўскага «Страна для жизни» зьявілася відэа, на якім бачна, як мужчына ў скураной куртцы, падчас мітусьні на пікеце ў Горадні, дапамагае легчы на зямлю чалавеку ў міліцэйскай форме.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся ў некалькіх мэтрах ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміў пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- Ціханоўскага маюць трымаць за кратамі прынамсі да дня прэзыдэнцкіх выбараў.
- Вядома пра наступных затрыманых у «справе Ціханоўскага»:
1. Сяргей Ціханоўскі
2. Яўген Разьнічэнка
3. Зьміцер Фурманаў
4. Уладзімер Навумік
5. Вяргілій Ушак
6. Аляксандар Арановіч
7. Сяргей Калмыкоў
8. Васіль Баброўскі
9. Арцём Сакаў
- У некаторых зь іх ужо прайшлі ператрусы. На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Сваякі затрыманых кажуць пра «бяспраўную краіну».
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабуюць вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў, пагражаюць новымі санкцыямі.
- У падтрымку Ціханоўскага выказаліся патэнцыйныя кандыдаты Віктар Бабарыка, Валер Цапкала, Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Андрэй Дзьмітрыеў, Уладзімер Няпомняшчых, а таксама Аб’яднаная грамадзянская партыя (ейны старшыня Мікалай Казлоў таксама ў ліку патэнцыйных кандыдатаў).