shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Палітыка

17.07.2020 11:14

217 праглядаў

0 каментароў

Пасьля 9 жніўня «будзе яшчэ цікавей». Што мае на ўвазе ўлада?

Нягледзячы на тое, што вынікі галасаваньня, якія абвесьціць 10 жніўня Лідзія Ярмошына, пасьля ўсяго, што адбылося 14 ліпеня (і раней), інтрыгі ўжо не ўяўляюць, некаторыя пытаньні застаюцца. А што калі паспрабаваць прыслухацца да іх — Лукашэнкі, ягоных міністраў і ўсёй уладнай сыстэмы, якая апраўдвае свае дзеяньні клопатам пра захаваньне незалежнасьці?

У Менску, вечар 14 ліпеня

Нягледзячы на тое, што вынікі галасаваньня, якія абвесьціць 10 жніўня Лідзія Ярмошына, пасьля ўсяго, што адбылося 14 ліпеня (і раней), інтрыгі ўжо не ўяўляюць, некаторыя пытаньні застаюцца. А што калі паспрабаваць прыслухацца да іх — Лукашэнкі, ягоных міністраў і ўсёй уладнай сыстэмы, якая апраўдвае свае дзеяньні клопатам пра захаваньне незалежнасьці?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі за вечар 14 ліпеня затрымалі звыш 250 чалавек, сёньня чакаюцца суды

Улада абараняе незалежнасьць? Ці аўтарытарны рэжым?

Сапраўды: хто возьмецца гарантаваць, што зьмена першай асобы ў Беларусі ў цяперашніх умовах не нясе пагрозы беларускай незалежнасьці? Гэта не выглядае чымсьці неверагодным.

Вось разгайдаецца беларуская «лодка», пахісьнецца «стабільнасьць» — і Масква, спасылаючыся на неабходнасьць навядзеньня «канстытуцыйнага парадку ў саюзнай дзяржаве», увядзе сюды свае войскі? Альбо і самі «альтэрнатыўныя» прэтэндэнты папросяць пра гэта. Гэта сёньня яны клянуцца ў адданасьці ідэалам незалежнасьці. А што калі і праўда ў іх за плячыма маскоўскія «лялькаводы» і закулісныя дамовы?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Без Бабарыкі, але зь Ціханоўскай. Што адбылося і чаго чакаць ад выбараў

Наўпрост пра гэтыя пагрозы ўлада асьцерагаецца гаварыць, бо, відавочна, баіцца дражніць крамлёўскія вежы. Але ж колькі празрыстых і паўпразрыстых намёкаў на гэта чуецца штодня з афіцыйных крыніц!

Можа, улада сапраўды дбае выключна аб захаваньні беларускай дзяржавы і толькі дзеля гэтага заціскае цяпер і без таго заціснутыя гайкі, арыштоўвае незадаволеных, адхіляе ад удзелу ў выбарах найбольш моцных супернікаў?

Магчыма, дзеля такой сьвятой мэты — выратаваньня незалежнасьці — большасьць грамадзтва і пагадзілася б яшчэ нейкі нядоўгі час патрываць гэту «стабільнасьць» у выглядзе жорсткага аўтарытарнага рэжыму?

Але ў такім разе скажыце ўжо цяпер, якімі будуць зьмены пасьля 9 жніўня — пасьля таго, як вы, здушыўшы ўсе пратэсты, ізаляваўшы канкурэнтаў, не дапусьціўшы аб’ектыўнага падліку галасоў і незалежнага назіраньня, абвесьціце пра сваю чарговую ашаламляльную перамогу на выбарах з вынікам 85 адсоткаў?

Абяцаньне рэформаў з адтэрміноўкай на многія гады

Пакуль што з вуснаў кіраўніка дзяржавы наконт гэтага чуюцца шматзначныя, але малаканкрэтныя абяцаньні. «Выбары будуць цікавымі, а пасьля выбараў будзе яшчэ цікавей», — сказаў ён тыдзень таму падчас наведваньня Берасьця. Што меў на ўвазе?

Калі 1 сакавіка 2019 года падчас «Вялікай размовы» я задаў Аляксандру Лукашэнку пытаньне пра тое, ці задумваецца ён пра транзыт улады і ці не баіцца пакідаць у спадчыну такую палітычную сыстэму, якую сам пад сябе выбудаваў, то ў адказе прагучала, што канстытуцыйныя зьмены рыхтуюцца:

«Я даручэньне зрабіў, але ня ведаю, як яно выконваецца. Упэўнены, што судзьдзі Канстытуцыйнага суду — вельмі адказныя людзі і яны над гэтым працуюць. Але пакуль мне нічога не прапанавалі, думаю, найбліжэйшым часам што-небудзь прапануюць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

10 выкананых і 10 нявыкананых абяцаньняў Лукашэнкі перад папярэднімі выбарамі

Потым ён, здаецца, сам спалохаўся сваіх папярэдніх заяў і абяцаньняў, бо ўжо 24 красавіка таго ж году ў штогадовым пасланьні згадка пра магчымы рэфэрэндум гучала з раздражненьнем і сарказмам:

«Нам цяпер не да рэфэрэндумаў, нам трэба ў гэтай бурнай, хаатычнай, бязладнай, небясьпечнай сытуацыі ў сьвеце выстаяць. Нам не да таго, каб муць падняць у краіне».

«Трэба спыніць гэтую валтузьню пра рэфэрэндум і заўтрашнія зьмены ў Канстытуцыі. Я вельмі пэўна пра гэта сказаў. Мой пункт гледжаньня палягае ў тым, што на сустрэчы з судзейскім корпусам мы гаварылі, што прыйдзем да вырашэньня гэтага пытаньня з часам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Я гатовы на ўсё». Лукашэнка заклікаў праводзіць перамены праз Канстытуцыю, а не майдан

31 траўня 2019 году, сустрэча Лукашэнкі з кіраўнікамі канстытуцыйных судоў замежных краін. Зноў згадка пра зьмены ў Канстытуцыю — гэтым разам ужо без нэгатыўных эмоцый:

«Вельмі паскорыліся працэсы. Наша Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць. Я папрасіў менавіта спэцыялістаў Канстытуцыйнага суду, каб яны ўнесьлі свае прапановы для магчымага ўдасканаленьня нашай Канстытуцыі. А потым мы сядзем і абмяркуем».

Мінуў больш як год. Людзі сталі стыхійна выходзіць на вуліцу. Ужо, здаецца, усім у краіне відавочна, што грамадзкае незадавальненьне зашкальвае, што людзі ня хочуць болей цярпець гэтага замшэлага аўтарытарызму, які цягне краіну назад, не дае разьвівацца эканоміцы, занявольвае людзей, змушае найбольш актыўных да эміграцыі. А што там з абяцанымі палітычнымі рэформамі?..

Вінаватыя нерашучыя памочнікі Лукашэнкі?

Аляксандар Лукашэнка пры наведваньні Салігорску, 26 чэрвеня 2020 году:

«Канстытуцыю мы зробім за два гады. Некалькі варыянтаў мне ўжо прапанавалі, але яны не гадзяцца. Людзі проста баяцца ўносіць больш рашучыя зьмены ў Канстытуцыю. Я думаю, нам гэта трэба зрабіць. Яшчэ да прыняцьця Канстытуцыі мы ўвогуле шмат зробім у пляне перадачы паўнамоцтваў уніз — да старшыняў райвыканкамаў, губэрнатараў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гаворыць пра пагрозу Беларусі, а мае на ўвазе пагрозу асабістай уладзе

Ну што ты будзеш рабіць з гэтымі нерашучымі канстытуцыйнымі судзьдзямі? Аказваецца, баяцца кардынальных зьменаў, хто б мог падумаць! Завалакіцілі даручэньне прэзыдэнта. Два гады пісалі абы-што, а цяпер яшчэ два гады трэба, каб напісалі нешта талковае...

Улада сьвядома і відавочна зацягвае рашэньне, якое даўно насьпела. Вось і яшчэ адзін прэзыдэнцкі тэрмін забясьпечаны — да 2025 году: 31 год пры ўладзе. Выпаленае напалмам гвалту і самаўладзьдзя палітычнае поле гатовае да таго, каб маўкліва і пакорліва пачуць 9 жніўня ўсім вядомы вынік. Але расчараваньне і стомленасьць грамадзтва нікуды не падзеліся. Як і занядбаная крызісная эканоміка. І непад’ёмныя вонкавыя пазыкі. І азлобленая ад адсутнасьці пэрспэктыў моладзь, якая масава зьяжджае за мяжу...

Што «яшчэ цікавейшае» падрыхтаваў Лукашэнка свайму народу на пэрыяд пасьля 9 жніўня? У дзяржаве зьявяцца рэальны парлямэнт, незалежны суд, самастойны ўрад? Адменяць пажыцьцёвае прэзыдэнцтва? Людзі змогуць выбіраць уладу на сапраўдных справядлівых выбарах?

Чаму б пра тое, што ён рыхтуе ўласнаму стомленаму і зьняверанаму народу, які прагне зьменаў, кандыдату ў прэзыдэнты Лукашэнку не абвясьціць ужо зараз, пакуль яшчэ не паднялася хваля масавай эміграцыі і хоць у нейкай часткі грамадзтва застаецца спадзяваньне на тое, што ўлада здольная да пераменаў?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

https://www.svaboda.org/a/30727312.html

Апошнія навіны