shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Эканоміка

10.02.2020 18:40

228 праглядаў

0 каментароў

«Калі аклады па 290 рублёў, гэта ўжо сорамна». Якія заробкі атрымліваюць бюджэтнікі па новых правілах

У лютым работнікі бюджэтнай сфэры пачалі атрымліваць разьліковыя лісткі за студзень, у якіх заробак разьлічаны па новых правілах. У выніку некаторыя настаўнікі атрымалі меншыя заробкі.

Паводле інтэрнэт-сайта S13.ru, настаўнікі Горадні недаатрымалі ад 40 да 200 рублёў.

«Ні на капейку меншы»

Учора старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава сустрэлася з пэдагагічным актывам Менску, дзе таксама паўстала пытаньне пра заробкі.

Качанава заявіла, што ўведзеныя з пачатку году зьмены ў сыстэме аплаты працы настаўнікаў ня тычацца заробкаў. «Заробак ні ў якай меры, ні на капейку ня можа быць меншы», — сказала яна і паабяцала «ўмомант ліквідаваць» такія выпадкі.

«Такі загад быў зьверху»

Настаўнікам сказалі ў адміністрацыях, што ў сьнежні заробкі былі большыя, бо ў іх уключылі дзьве прэміі: студзеньскую і гадавую.

«Мы ж усе разумеем, што такі загад быў зьверху. Адміністрацыя школы тут ні пры чым. Настаўнікі ня пойдуць спрачацца і даказваць. Толькі горш сабе зробяць», — сказаў ананімна сайту S13.ru адзін з настаўнікаў.

Пасьля ўвядзеньня новых правілаў прыбралі надбаўкі за стаж і катэгорыі, а розьніца ў даплатах паміж першай і вышэйшай катэгорыямі мізэрная. У новых разьліковых лістках некаторыя настаўнікі ня ўбачылі і пэдагагічнай прэміі.

З гэтай сытуацыяй разьбіраецца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, паведамілі карэспандэнту Свабоды ў прэс-службе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сярэдні заробак ва Ўкраіне перавысіў 500 даляраў. А як у Беларусі?

«Прычына ў памылцы бухгальтара»

Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, асобным работнікам чатырох школ цэнтралізаванай бугальтэрыяй аддзелу адукацыі Кастрычніцкага раёну Горадні «быў няправільна налічаны заробак».

«У прыватнасьці, ня ўлічаная адна з стымулюючых выплат, што ў выніку і прывяло да зьмяншэньня налічанага заробку з прычыны памылкі бухгальтара. Праблема апэратыўна вырашана, і людзі атрымаюць адпаведную даплату 6 лютага», — паведамляе ведамства.

Просяць ананімна паведаміць пра заніжэньні заробку

У Міністэрстве працы раяць бюджэтнікам, якія атрымалі меншыя заробкі, зьвярнуцца ў бухгальтэрыі, каб «выключыць памылку ў налічэньні заробку». Калі гэта не атрымаецца, то зьвяртацца ў міністэрства. Прычым паведаміць пра недаплату можна ананімна: праз тэлефон, электронную пошту ці сацсеткі, назваўшы толькі арганізацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прыбіральніцы, якая атрымлівала 70 рублёў у калгасе, паднялі заробак. Цяпер яна мае 228 рублёў

У Міністэрстве адукацыі карэспандэнту Свабоды сказалі, што заробкі ў настаўнікаў «не павінны ўпасьці ні на рубель». Маўляў, усё «пералічаць і вернуць гэтыя грошы».

«Гэта мэханічныя недахопы, — сказалі ў міністэрстве. — Настаўнікам хвалявацца ня варта, усё вернуць і ніхто ня згубіць нават капейкі».

Настаўніца Сьвятлана Лысенка зь вёскі Яцкавічы (Берасьцейшчына) сказала карэспандэнту Свабоды, што ў іх паабяцалі зрабіць пераразьлік, бо была нейкая памылка.

«Сёньня лічылі, нешта там у іх у праграме, я так і не зразумела. Але паабяцалі, што ў панядзелак нешта будзе ясна і выдадуць разьліковыя лісты больш падрабязныя».

«Няхай Альшэўскі ідзе працаваць, гэта будзе лепш»

Справа дайшла да таго, што на партале petitions.by зьявілася пэтыцыя, аўтар якой, кіраўнік праекту «Народны падручнік» рэпэтытар Сяргей Альшэўскі патрабуе апублікаваць дэклярацыю аб даходах міністра адукацыі Ігара Карпенкі. У ёй гаворыцца: пасьля ўвядзеньня новай сыстэмы аплаты працы настаўнікі пачалі атрымліваць ня толькі паведамленьні, што іхні службовы аклад (тарыфная стаўка) роўны 290,45 рубля, — але і меншыя, чым раней, заробкі.

Сяргей Альшэўскі, архіўнае фота

«І для таго, каб разьвеяць сумневы, што гэта нягодны заробак, мы хочам, каб міністар адукацыі апублікаваў сваю дэклярацыю аб даходах», — гаворыцца ў пэтыцыі.

У Міністэрстве адукацыі сказалі, што «як грамадзянін Рэспублікі Беларусь міністар будзе справаздачыцца ў падатковую». Маўляў, міністар «ня будзе прад’яўляць сваю дэклярацыю Альшэўскаму».

«Няхай Альшэўскі ідзе працаваць, гэта будзе лепш і для дзяржавы, і для грамадзтва, больш будзе карысьці», — сказалі ў міністэрстве.

Сам Сяргей Альшэўскі кажа, што ў камэнтарах пад ягонымі публікацыямі пра ніжэйшыя заробкі зьявіліся і мэдычныя работнікі.

«Яны кажуць, што ў іх таксама назіраецца зьніжэньне заробкаў — на 200–400 рублёў. Таму гэта відавочнае зьніжэньне. Бюджэтнікам абяцалі празрыстую схему налічэньня заробку. Але атрымалася, што яна зусім не празрыстая і, здаецца, не працуе. І калі гэта памылкі па ўсёй Беларусі, то як працавалі адпаведныя міністэрствы? І што яны наогул рабілі, калі не змаглі патлумачыць бухгальтарам, як трэба па-новаму налічваць заробкі?» — сказаў Свабодзе Альшэўскі.

Пэтыцыю апублікавалі, каб прыцягнуць яшчэ больш увагі, бо «настаўнікі пачалі ўздымаць пытаньне».

«Насамрэч нас меней цікавіць заробак міністра, а больш тое, што сталася з заробкамі настаўнікаў. Калі ў іх аклады па 290 рублёў, гэта ўжо сорамна», — сказаў Альшэўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сярэдні заробак у сфэры культуры ў 2019 годзе — 650 рублёў. На 40% меншы за сярэдні па Беларусі

Алесь Дашчынскі

https://www.svaboda.org/a/30422938.html

Апошнія навіны