shumilina.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Шуміліна Эканоміка

17.03.2020 19:05

704 прагляда

0 каментароў

Якія вакансіі на сакавік прапануе рынак працы ў Шумілінскім раёне?

У агульнарэспубліканскай базе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны па Шумілінскаму раёну на сённяшні дзень маецца ўсяго 74 вакансіі. Аклады па-ранейшаму з большага застаюцца сціплымі.

Сярод абноўленых прапаноў па стану на 17 сакавіка 2020 года ў раёне першае месца па традыцыі належыць Шумілінскай раённай бальніцы, дзе заўсёды востра адчуваецца дэфіцыт дактароў і малодшага медперсанала.

Сюды на працу запрашаюць 13 спецыялістаў: тры медыцынскія сястры з аплатай ад 380 да 410 рублёў, чатыры ўрачы-спецыялісты з акладам ад 800 да 1100 рублёў, яшчэ адзін урач патрабуецца ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ( заробак 374 руб.). Тут ёсць адна вакансія бактэрыёлага з акладам у 400 рублёў. Да таго ж Шумілінская раённая бальніца чакае служачых на месцы загадчыкаў. Маюцца тры вакансіі загадчыкаў з акладамі па 620 рублёў. А на фельчарска-акушэрскіх пунктах па Шумілінскаму раёну не хапае фельчараў – у вёсках Пабеда, Ляжні і Полькавічы ( па 540 рублёў).

Сельская гаспадарка раёна па-ранейшаму шукае найперш высокакваліфікаваныя кадры.

На пасаду галоўнага ветэрынарнага ўрача запрашаюць: саўгас "Ульскі", прадпрыемства "Шумілінскі Райагарсервіс" і саўгас "Сіроцінскі з акладамі ад 450 да 650 рублёў. Заатэхнікі патрабуюцца ў "Прыдзвінскім" ( заробак 500 руб.), у "Добрынскім" ( 450 руб.). Заатэхніка-селекцыянера запрашаюць у саўгас "Лаўжанскі , дзе абяцаюць зарплату ў 800 рублёў. Не хапае аператараў машыннага даення ў "Мішневічах", "Прыдзвінскім" і сялянска-фермерскай гаспадарцы "Крыніца, дзе зарплаты даяркам ад 400 да 600 рублёў.

Галоўнага інжынера возьмуць на працу ў ААТ "Сіроцінскім" ( зарплата 460 рублёў). Два эканамісты неабходны ў "Прыдзвінскім", "Ляжнях" ( па 400 руб.), а ў СФГ "Крыніца" - патрэбен галоўны эканаміст ( 500 руб.). Інжынер-цеплатэхнік знойдзе працу ў Шумілінскім раённым аддзеле адукацыі ( 460 руб), інжынер-электрык зможа ўладкавацца ў саўгасе "Ульскім" (380 руб.)

Прадпрыемства Шумілінскае ПМК-70 прапануе дзве вакансіі вальшчыка лесу ( па 600 рублёў).

Трактарысты-машыністы патрабуюцца ў "Мішневічах", "Крыніцы" і "Прыдзвінскім", дзе ім абяцаюць заробкі па 400-500 рублёў. Электраманцёр неабходны на Віцебскім камбінаце хлебапрадуктаў ( у падсобнай гаспадарцы "Добрынскае", зарплата 400 рублёў. Ёсць вакансія слесара-сантэхніка ва УП ЖКГ, 450 руб, а слесара-электрыка возьме на працу Шумілінская раённая бальніца, 330 руб.
"
У сельскія клубы запрашаюць мастацкіх кіраўнікоў, маецца дзве вакансіі ў Слабадскі СДК і Амбрасавіцкі СДК (360- 380 рублёў). У культурна-аздараўленчым цэнтры чакаюць інструктара-метадыста ( 380 руб.), тут ёсць яшчэ адно месца інструктара-метадыста па турызме ( на 0,5 стаўкі 380 руб.).

У аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шумілінскага райвыканкама запрашаюць юрыста з акладам у 350 рублёў. Аддзелу адукацыі неабходны музычны кіраўнік у горпасёлак Обаль, 350 руб., выхавальнік у Слабадскую базавую школу, яслі-сад, 430 руб.

Мясцовае прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” мае чатыры вакансіі, сярод якіх патрабуецца і спецыяліст з вышэйшай адукацыяй, ( зарплаты адпаведна 330 і 510 рублёў).


Па ўсяму відаць, што на Шуміліншчыне, калі пашукаць, то нейкую працу знайсці можна для ўсіх. Хіба што толькі заробкі не ўсім прыйдуцца даспадобы. Самы вялікі аклад з прапануемых вакансій – 1100 рублёў, а самы маленькі – 330 рублёў.

Алесь Шумскі.

Апошнія навіны