shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Культура

13.04.2019 19:53

431 просмотр

0 комментариев

Вучні Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў перамаглі адразу ў пяці конкурсах

Навучэнцы Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў не перастаюць здзіўляць сваімі перамогамі. На гэты раз яны сталі пераможцамі адразу ў пяці конкурсах. «Мелодыі вясны»



«Мелодыі вясны»

У фінал 4-га абласнога конкурсу юных вакалістаў і інструменталістаў “Мелодыі вясны” трапілі і навучэнцы Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў. У конкурсе, які праходзіў у Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў, прымалі ўдзел больш за 100 юных талентаў.

Сярод інструменталістаў вылучыўся баяніст Канстанцін Багачоў, з якім займаецца настаўнік А. Д. Ільінец. Канстанцін выканаў п’есу Уладзіміра Фаменкі “У стылі рэгтайм” і мелодыю да фільма “Спісак Шындлера” Джона Уільямса. Ён атрымаў дыплом 3-й ступені.
У фінал сярод вакалістаў выйшла вучаніца А. А. Фёдаравай Дар’я Быкава. Дар’я выканала “Как молоды мы были” А. Пахмутавай і М. Дабранравава і “Васильковое небо” з рэпертуару А. Ланской. Юная вакалістка атрымала ганаровы дыплом фіналіста конкурсу.
“Дзве сястры – Беларусь і Расія”

Дуэт Кіры Гуйдо і Марка Бурлакова пад кіраўніцтвам Н. І. Жаваркавай і А. А. Фёдаравай з Шумілінскай ДШМ прыехаў з кубкам і граматай лаўрэата 2 ступені з X Міжнароднага фестывалю-конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні “Дзве сястры – Беларусь і Расія”. Юныя спевакі выканалі два творы: “Спяваем разам” А. Атрашкевіча і В. Жуковіча і “Свята” А. Ярмолава.


“Музычны капеж”

У Барані прайшоў X Адкрыты дзіцячы форум-фестываль фартэпіяннай музыкі “Музычны капеж”. Шумілінскую школу на фестывалі прадставілі Марыя Скорынава і Стэла Шылава.
У намінацыі “фартэпіяна сола, прэм’ер-ліга” Марыя Скорынава (настаўнік Т. В. Гутарава) выканала “Прэлюдыю” і фуга до-мінор Баха, “Такаціна” М. Капусціна і “Элегію” У. Завгорняга. За сваё выступленне Марыя атрымала гран-пры. Старшыня журы загадчык кафедры фартэпіяна Беларускай акадэміі музыкі Аляксандр Палякоў адзначыў віртуознасць выканання шумілінскай музыканткі і пажадаў ёй яркіх перамог на многіх міжнародных конкурсах.
У намінацыі “інструментальны ансамбль” школу прадстаўляў дуэт “Даміно”, у якім разам з Марыяй Скорынавай выступіла Стэла Шылава (настаўнік А. І. Скорынава). Стэла іграла на цымбалах, Марыя акампанавала на фартэпіяна. “Даміно” атрымаў 1 месца, кубкі, граматы і салодкія прызы. Настаўнікі пераможцаў адзначаны ўдзячнымі лістамі.
“Славянскі карагод”
IX Міжнародны фестываль-конкурс “Славянскі карагод”, які праходзіў у Смаленску, сабраў інструменталістаў і вакалістаў.
У намінацыі “інструментальнае выкананне” Шу-мілінскую ДШМ прадстаўляў ансамбль баяністаў (ён уваходзіць у склад узорнага баяннага аркестра) у складзе: Канстанціна Багачова, Уладзіслава Шавякі, Аніты Адаменкі, Насці Кашнікавай, Вікі Мацюшчанкі, Дзмітрыя Намеснікава і Вячаслава Аляксеева. Кіраўнік ансамбля С. Б. Чарткова. Выкананне “Лірычнага настрою” Я. Дзярбенкі і беларускага народнага танца “Полька дробненька” прынесла ансамблю 3 месца.
Лаўрэтам 3 ступені стаў і ў сольным выступленні (намінацыя “саліст-баяніст”) Канстанцін Багачоў, з якім займаецца настаўнік А. Д. Ільінец.
Пераможцаў узнагародзілі граматамі, кубкамі і смаленскім пернікам.
У гэтым жа фестывалі-конкурсе прынялі ўдзел і вакалісты.
У намінацыі “саліст-вакаліст” лаўрэатам 1 ступені стала Вікторыя Купрыянава (настаўнік А. М. Сініцкая), а Дзмітрый Намеснікаў атрымаў дыплом 2 ступені (настаўнік В. В. Сокалава). Ганна Гайлова і Дар’я Быкава ўзнагароджаны дыпломамі 1 ступені (настаўнік А. А. Фёдарава),
У намінацыі “вакальны ансамбль” вакальная група ўзорнага хору (хармайстар А. А. Фёдарава) атрымала дыплом 2 ступені. У складзе ансамбля спявалі Елізавета Масько, Лідзія Кахтэнка, Дар’я Скальзаева, Дар’я Быкава, Наталля Шабайлава, Ганна Гайлова.
Аліна ПЯТРОВА.


“Гіт-арт”
У Віцебску прайшоў другі гарадскі конкурс выканаўцаў на гітары “ГІТ-АРТ”. Конкурс сабраў выканаўцаў, якія па-сапраўднаму любяць гітарную музыку. Удзельнікі даставілі гледачам задавальненне разнастайнай праграмай: гучалі запальныя рытмы, нацыянальныя мелодыі розных краін, класіка і сучасныя творы.
Сваё майстэрства на конкурсе прадставілі салісты і ансамблі. Сярод іх – навучэнцы інструментальнага аддзялення па класе гітары Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Уладзіслаў Сакалоў і Кірыл Галуза.
– Удзел у падобным конкурсе стаў дэбютам для хлопцаў, – кажа іх педагог Галіна Фёдараўна Насыр. – Уладзіслаў і Кірыл паспяхова прадэманстравалі зачаравальнае гучанне гітар. Яны выканалі дзве кампазіцыі і перамаглі ў намінацыі “Дуэты”.
Журы конкурсу адзначыла пераможцаў дыпломамі лаўрэатаў 1 ступені і медалямі.

Вольга КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт.

Последние новости