shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Культура

27.11.2019 16:37

296 просмотров

0 комментариев

«Красу восені» выбралі ў Шумілінскім раёне

Прыгажосць дакладна выратуе свет. А яшчэ розум, дабрыня, талент і шчырая ўсмешка. У гэтым пастараліся пераканаць гледачоў шасцёра ўдзельніц конкурсу «Краса Восені», які ладзіўся ў мінулую суботу ў дзіцячай школе мастацтваў.



Яркія фарбы «Красы Восені»

Перад удзельніцамі стаяла задача праявіць сябе ў чатырох этапах «прыгожага» выпрабавання — прэзентаваць сваю асобу ў візітоўцы, прадэманстраваць таленты ў конкурсе «Мы ўмеем здзіўляць», паказаць розум у філасофскім штурме і здзівіць прысутных восеньскім дэфіле. Выбірала Красу восені журы, большую частку якога складалі прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва. І калі гледачы маглі сабе дазволіць проста атрымліваць асалоду ад таго, што дзеецца на сцэне, то перад суддзямі стаяла сапраўды няпростая задача — усе дзяўчаты аказаліся прыгожымі, таленавітымі і вартымі самай высокай ацэнкі.

На сцэну выйшлі эканаміст і медыцынская сястра, юрыст і выратавальнік, настаўнікі вакалу і мастацкай творчасці з Шуміліна і Обалі. Канкурсанткі спявалі, танцавалі, чыталі вершы і прозу, жартавалі і пераапраналіся. Аказалася, што лейтэнант РАНС выдатна танцуе, займаецца спортам і любіць падарожнічаць. Тонкае пачуццё гумару праявіла юрыст Кацярына Аляксеева, прызналася, што любіць караоке і вядзе здаровы лад жыцця. Медсястра Вікторыя Лузгіна пакарыла шчырасцю і трапятлівасцю, яе прэзентацыйны відэаролік сарваў апладысменты, як і капялюшык у восеньскім дэфіле. Настаўнік вакалу Вера Зверава ўпэўнена, што прыгажосць — гэта яркае, магутнае полымя, і што ў сапраўднай жанчыны абавязкова павінна быць маленькая чорная сукенка і адпаведная сумачка. Вера выдатна спявае і танцуе. А малюе лепш за ўсіх Аліна Загвоздава — настаўнік мастацкага ад-дзялення Обальскай дзіцячай школы мастацтваў. Першы свой шэдэўр яна выканала яшчэ ў год. Тая ружовая свінка і сёння захоўваецца ў сямейным архіве. У тым, што Марыя Талсташова па прафесіі эканаміст, сапраўды можна было засумнявацца, настолькі дзяўчына арганічна адчувала сябе на сцэне. Асобны дзякуй ёй — за дэкламацыю на чысцейшай беларускай мове і арыгінальную прэзентацыю восеньскага ўбору.

Не разгубіліся канкурсанткі і тады, калі трэба было адказваць на пытанні суддзяў. Аказалася, што яны перажываюць за мір у свеце, гатовы ахвяраваць сабой дзеля любімага чалавека, а вось на што патраціць буйны выйгрыш, пакуль не вызначыліся.

— Калі сядзіш у зале, можа падацца, што выходзіць на сцэну вельмі проста, але гэта не так, — падзялілася ўражаннямі ўдзельніца аднаго з мінулых конкурсаў прыгажосці Наталля Аляшкевіч, якая не змагла прапусціць такую гарадскую падзею і прыйшла пабалець за дзяўчат. — На самой справе самае цяжкае — пабароць хваляванне. Але дзяўчаты і з гэтым справіліся. Я з задавальненнем глядзела іх выступленні.

Упершыню ў якасці рэжысёра конкурсу прыгажосці выступіла загадчык аддзела па рабоце з дзецьмі раённага цэнтра культуры Крысціна Бурлакова. Яна прызналася, што гэта быў хоць і складаны, але цікавы вопыт.

Не менш складана прыйшлося і суддзям, але яны былі вымушаны зрабіць канчатковы выбар. Тытул «Краса Восені» быў прысуджаны Аліне Загвоздавай. Аліне 20 год, яна вучыцца на мастацка-графічным факультэце ВДУ і працуе настаўнікам у Обальскай ДШМ. Дзяўчына нарадзілася ў творчай сям’і, бацькі заўжды пад-трымлівалі ўсе яе захапленні, развівалі таленты. Перамога ў конкурсе стала для яе нечаканасцю. Аліна ўпэўнена, што гэтага тытулу вартыя і ўсе яе саперніцы.

Тытул «Міс Прамяністасць» атрымала Вера Зверава (РЦК), «Міс Грацыяй» была названая Кацярына Аляксеева (ОКЗ), «Міс Зачараванне» стала Вікторыя Лузгіна (ЦРБ), Анастасіі Сямёнавай (РАНС) была прысуджана намінацыя «Міс Стыль», а Марыі Талсташовай (ПМК-70) павязалі стужку «Міс Артыстычнасць».

Атмасферу свята падтрымалі выступленні артыстаў. Удзельніцы конкурсу атрымалі прызы згодна з праграмай рэалізацыі маладзёжнай палітыкі.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

http://www.shumilino.by/?p=51551

Последние новости