shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Культура

12.01.2020 13:26

128 просмотров

0 комментариев

Як судзілі пісьменніка Уладзіміра Арлова

У Мінску працягваюцца судовыя працэсы над удзельнікамі антыінтэграцыйных акцый, якія адбываліся ў Мінску 7–8 снежня. На адной з акцый з прамовай выступіў вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Ён зачытаў у мегафон сваё эсэ «Незалежнасць — гэта...», якое было напісанае яшчэ за савецкім часам, але, на думку аўтара, працягвае заставацца актуальным па сёння. Гэтага хапіла для таго, каб пачаць адміністрацыйны працэс. Ён праходзіў у Ленінскім судзе сталіцы.

На судзе прысутнічалі калегі-пісьменнікі Андрэй Хадановіч, Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Наталка Харытанюк, Таццяна Нядбай, праваабаронцы Таццяна Равяка і Алена Танкачова, рэжысёр Алег Дашкевіч.

«Дзякуй усім. У мяне з сабой ёсць сушкі. Пасля суда, калі ўсё добра скончыцца, кожны атрымае па сушцы», — першае, што сказаў у судовай зале Арлоў. Вядома, на такія словы пачуўся рогат.

Спадар Арлоў адразу заявіў хадайніцтва, каб працэс адбываўся на беларускай мове. Суддзя Аляксей Кісляк задаволіў гэтае хадайніцтва і імгненна перайшоў на беларускую. Праўда, у яго з гэтым узніклі значныя праблемы. Напрыклад, казаў «Акцябрская плошча», з «з 12 да 15 часоў» і г.д.

Другім хадайніцтвам было заяўленне ў якасці сведкі перакладчыка Лявона Баршчэўскага, якога судзілі ўчора таксама за ўдзел у антыінтэграцыйнай акцыі 8 снежня. Маўляў, Баршчэўскі мог бы паведаміць, што ні сцяга ў руках у Арлова не было, ні лозунгаў ён не выкрыкваў. Суддзя адмовіў. У зале пачуўся смех і параўнанні працэсу з цыркам.

Алесь Бяляцкі, Уладзімір Арлоў і Андрэй Хадановіч.

«Як пісьменнік, я павінен быць сведкам тых падзей, якія адбываюцца ў абарону нашай незалежнасці», — сказаў Уладзімір Арлоў.

«Але віну вы прызнаеце?» — працягваў настойваць на сваім Кісляк.

«Не прызнаю», — адказаў пісьменнік.

Тым не менш, Арлоў прызнаў, што знаходзіўся на Кастрычніцкай плошчы ў той дзень, але быў без сцяга і нічога не выкрыкваў. «Я зачытаў свой літаратурны твор у падтрымку незалежнасці».

«Ці ведалі вы, што акцыя несанкцыянаваная?» — пытаецца суддзя.

«Ведаў. Дакладней, даведаўся на плошчы. Я прачытаў там эсэ «Незалежнасць — гэта...»

Уладзімір Арлоў разам з жонкай Валянцінай Аксак.

«Ці ёсць у эсэ нейкія лозунгі?»

«Няма ніякіх лозунгаў і заклікаў, там адлюстраваныя мары майго і не толькі майго пакалення пра незалежнасць», — сказаў пісьменнік.

Пасля гэтага Уладзімір Арлоў стаў зачытваць сваё эсэ. Зала сустрэла прачытанне апладысментамі.

Першым паказанні стаў даваць амапавец Герасімовіч. Цікава, што суддзя пры гэтым не перайшоў на рускую мову.

«Ну так, напрыканцы ён крыкнуў «Жыве Беларусь. Вы чыталі з паперкі, што такое незалежнасць па-вашаму», — адказаў Герасімовіч Арлову. Паказанні другога сведкі Андрэя Штопа не адрозніваліся ад Герасімовіча. Агулам працэс заняў хвілін 25.

У выніку пісьменнік быў аштрафаваны на 20 базавых велічыняў (540 рублёў).

Пасля абвяшчэння прысуду Уладзімір Арлоў, як і абяцаў, раздаваў сушкі. Сведкі-міліцыянты ад іх адмовіліся.
https://nn.by/?c=ar&i=244159

Последние новости