shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Общество

24.09.2017 17:16

544 просмотра

2 комментария

У Шуміліне адбыўся першы восеньскі кірмаш (фота)

У суботу 23 верасня ў Шуміліне на цэнтральнай плошчы па вуліцы Кароткіна прайшоў традыцыйны раённы восеньскі кірмаш, на якім прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы прадставілі сваю прадукцыю.

Як вядома, восеньскія кірмашы — гэта даўняя, добрая традыцыя беларусаў. А беларускі кірмаш заўсёды лічыўся самым гасцінным, славіўся сваёй шырыней і багаццем.

І на гэты раз мясцовыя сельгасвытворцы пастараліся задаволіць чаканні пакупнікоў.

Як водзіцца здаўна на раённым сельгаскірмашы, галоўным попытам тут карыстаецца прадукцыя сельскай гаспадаркі — збожжа, бульба, камбікорм, садавіна і гародніна, мяса. На кожным сельгаспадвор’і гаспадары прапаноўвалі найбольш хадавы тавар. Ужо з 8 гадзін раніцы яны пад ясным вераснёўскім сонейкам пачалі абсталёўваць свае гандлёвыя месцы.

Найбольш шумныя чэргі сабраліся вакол машын з зернем, бульбай і капустай. Сваю прадукцыю ў райцэнтр прывезлі сялянска-фермерская гаспадарка «Крыніца», КУГСП «Сіроцінскі» , «Райаграсерсвіс», «Аргабаравінка», «Прыазёрны мір», а таксама былі прадстаўлены і падвор’і ад сельсаветаў: Дабейскага, Лаўжанскага, Сіроцінскага, Мішневіцкага,Светласельскага, Каўлякоўскага.

Хутка расходзілася зерне, да прыкладу ­— усяго за адну гадзіну машыны з калгаса «Аграбаравінка» і саўгаса "Сіроцінскі" апусцелі напалову. Мех ячменю каштаваў 10 рублёў, авёс быў па 8 руб., за мех пшаніцы прасілі да 16 руб. Шумілінцы, асабліва пенсіянеры, ахвотна куплялі зерне для курэй, якіх трымаюць на асабістым падворку. Адзін мужчына ўзяў адразу некалькі мяхоў у кузаў міні-трактара. Таксама бойка разбіралі і бульбу з машыны гаспадаркі «Крыніца» па 35 капеек за кілаграм, за 14 рублёў мех. Мяса ялавічыны калгасы прадавалі ад 4 да 6,5 рублёў за кілаграм, капусту па 30 капеек.

Жыллёва-камунальная гаспадарка прывезла на продаж муку (мех ячменкі або іншай зернесумясі каштаваў 11 руб), шчыты для плота (21-23 руб.) і дровы. Адзін трактарны прычэп калодак з асіны і вольхі каштаваў 230 рублёў, а прычэп спіленых дрэваў — 177 руб. (памерам 6,8 куб. 4 м).

Шумілінскі лясгас у сваю чаргу прапаноўваў дэкаратыўны пасадачны матэрыял. Тут можна было набыць саджанцы ядлоўцу блакітнага, піхты каўказскай, кіпарысавіка, ядлоўцу лускаватага і іншыя. Прадаваўся і мёд — літровы слоік па 17 руб.

Саўгас «Рудакова» з Віцебскага раёна прадаваў з машыны гародніну. Цэны былі цалкам прымальныя: агуркі свежыя па 1 руб., памідоры — 1,54 руб., капуста белакачанная — 35 капеек за кг, морква — 70 капеек, буракі сталовыя — 48 капеек.

Дворыкі школ, дзіцячых садкоў і культурных устаноў раёна вабілі нацыянальным беларускім каларытам і характэрным кірмашовым убраннем.

Былі тут кампазіцыі на сялянскую тэму з конікамі і птушкамі, печамі з блінамі, казачнымі лялькамі, самаварамі. І ўсё гэта кірмашовае багацце было шчодра аздоблена яркімі восеньскімі кветкамі, кляновым лісцем, вышыванкамі, снапамі, рабінавымі гронкамі, размалёванымі стэндамі, рознымі вырабамі і сувенірамі з дрэва, лазы і саломкі.

Яслі-сад № 1, № 4, Амбрасавіцкая СШ, Слабадская СШ, Навікоўская СШ і Шумілінская раённая гімназія прапаноўвалі гародніну, якую вырасцілі ўласнымі рукамі настаўнікі, вучні і іх бацькі.

Бойкая чарга выстраілася каля палаткі прыватнага прадпрымальніка з Мікіціхі Васіля Мацуганава. Шумілінцы ахвотна куплялі розныя прысмакі з мяса і рыбы, кулінарную прадукцыю з кафэ. Да таго ж была магчымасць пачаставацца пловам і шашлыкамі, смачны пах ад якіх ішоў па гандлёвых чэргах і наганяў апетыт.

Удзел у шумілінскім кірмашы прынялі фермерскія гаспадаркі, прыватныя прадпрыемствы і гандляры суседніх раёнаў.

Попытам карысталіся яйкі з гаспадаркі «Багатырскі дар» Полацкага раёна.

А гандаль саджанцамі пладовых дрэў і кустоў вялі адразу чатыры плодагадавальнікі: «Лужаснянская выпрабавальная станцыя», «КХФ Фруктовый сад» Дубровенскага раёна, прыватнік Забела з в. Заазер’е Полацага раёна, які прывёз саджанцы вінаграду, і прыватнік Карыцкі з Лепельскага раёна . Амаль уся гэта прадукцыя была мясцовых беларускіх сартоў.

Саджанцы яблынькі аднагодкі з Лужасна прадаваліся па 6 рублёў, двухгодкі — па 7, груша —10, чарэшня —15, вішня —15, сліва — 10. Алыча па 10 руб., чырвоныя парэчкі — 3, чорныя — 4, агрэст — 5, маліны — 3, ажына — 2, расада суніцы садовай — 6 руб. за адзін десятак.

Прыватнік з Бешанковіцкага раёна прывёз асеннюю і зімную вопратку, абутак. Чарга сабралася і каля палаткі, дзе попытам шумілінцаў карысталася пасцельная бялізна, коўдры, ручнікі, падушкі, іншыя хатнія рэчы.

Шумілінскае райспажыўтаварыства таксама прадставіла разнастайны асартымент тавараў, а каля палявой кухні людзі частаваліся духмянай поліўкай.

Як бы там ні было, калі мець на ўвазе значнае падаражэнне многіх тавараў — на першым восеньскім кірмашы было чаго неабходнага спажываць і назапасіць. Усе, хто хацеў зрабіць на зіму запасы, патрэбны тавар для сябе знайшоў. Многія шумілінцы мелі добры настрой, прыемныя сустрэчы, смачныя пачастункі, а гандляры атрымалі выручку. А восеньскія кірмашы будуць працягвацца.

Алесь Шумскі. Фота аўтара.

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий: