shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Общество

16.01.2018 16:08

1448 просмотров

1 комментарий

Дзе можна паабедаць у Шуміліне? (фота)

Пытанне, дзе паабедаць у Шуміліне, асабліва калі гэта датычыцца самага цэнтра нашага кампактнага горпасёлка, дастаткова актуальнае. Насамрэч кропак грамадскага харчавання тут заўсёды былі лічаныя адзінкі.

Калі спытаць першага сустрэчнага шумілінца аб тым, дзе можна ў абед што небудзь смачнае з’есці, ён толькі ўсміхнецца і адкажа: «Дома!». Як вядома, у нашага тутэйшага люду лічыцца, што хатні абед — не толькі самы смачны, але самы і танны.

Відавочна, што невялікая частка людзей, якія працуюць у райцэнтры, маюць магчымасць падчас абеду забегчы падсілкавацца да хаты. Нямала і такіх, што вырашаюць праблему традыцыйным дзедаўскім спосабам — перабіваюцца «зсабойкамі» або «тэрмаскамі» ці, як яшчэ называюць, «перакусамі». Пры ўсім тым, калі ў працуючых на рабоце абсталяваны адносна камфортныя ўмовы прыёму ежы з халадзільнікам, мікрахвалёўкай, электрачайнікам і іншымі выгодамі цывілізацыі.

Аднак, нягледзячы на агульны заняпад і закрыццё пунктаў грамадскага харчавання, пара-тройка харчовых кропак у Шуміліне яшчэ захавалася.

Перш чым пачаць размову пра месцы грамадскага харчавання, давялося правесці невялічкае журналісцкае даследаванне. Супрацоўнікі рэдакцыі партала абедалі то ў адной, то ў другой кропцы грамадскага харчавання нашага горпасёлка — а затым прааналізавалі і параўналі меню, кошт і смак усіх абедаў.

Першым аб’ектам, куды наведаўся наш карэспандэнт, стала сталоўка Шумілінскага райпо па вуліцы Дубасарскага 9 (гэтак званы мікрараён Брыкет).

Гэтаму аб’екту ні многа, ні мала — але ўжо 50 гадоў. Варта дадаць, што сталоўка знаходзіцца у даволі аддаленным месцы ад цэнтра і дабірацца туды нязручна. Аднак наведвальнікі яе чамусьці знаходзяць, у абедзенны час туды пад’язджаюць аўтамабілі.


Калі хтосьці настальгіруе па «сэрвісу савецкіх часоў», дык гэта самае тое, што ён і знойдзе тут. Затое самыя нізкія цэны, а для аматараў выпіць можна заказаць і хадавы алкаголь.

Вось гэты няхітры абед на дваіх , які складаўся з просценькага супчыка, бульбянога пюре са свінымі катлеткамі, салата з капусты і морквы, двух кавалкаў белага хлеба і кампоту каштаваў крыху болей пяці рублёў. Прыкладна выходзіць па два з паловай рублі на аднаго наведвальніка — гэта нядорага.

Тут за дзень на абед збіраюцца каля 30-40 чалавек, у асноўным прыкамандзіраваныя рабочыя, служачыя, госці райцэнтра.

У сталоўцы працуюць усяго тры жанчыны, заробкі ў якіх, мякка кажучы, сціплыя. Аднак, як кажуць зараз — дзякуй богу, што хаця б такая праца ёсць.


Яшчэ адзін з самых папулярных пунктаў грамадскага харчавання ў Шуміліне — кафэ «Метан», што месціцца па вуліцы Юбілейнай 28, належыць арганізацыі УП «Віцебскаблгаз».

Харчовая кропка ў сістэме прыдарожнага сервісу працуе 17 гадоў, у сярэднім за дзень тут абедаюць каля 50 чалавек — загружанасць у буднія дні болей ажыўленая, чым у «брыкетскай» сталовай. І гэта невыпадкова, бо месца бойкае — каля трасы Віцебск-Полацк.

У гэтым кафэ сэрвіс намного больш камфортны, чым у «рабочай» сталоўцы, сучасны , інтэрьер , утульная зала на 16 пасадачных месцаў, дзе можна заказаць стравы беларускай і еўрапейскай кухні, вялікі выбар напіткаў, у тым ліку і алкагольных.

Прыкладна каля паловы наведальнікаў — гэта мясцовыя жыхары, а на стаянцы аўтатранспарту можна пабачыць вялікагрузныя аўтамабілі — гэта спыняюцца на абед вадзіцелі-дальнабойшчыкі.

Персанал кафэ складаецца з сямі работнікаў, заробкі дастойныя. Найчасцей самыя папулярныя стравы — гэта комплексныя абеды. Калі вырашылі яго пакаштваць — тады рыхтуйце пяць рублёў.

Суп, катлеты з бульбяным пюрэ, салат і кампот каштуюць удвая даражэй, чым ў райпоўскай сталовай.

Аднак і ў «Метане» цэны на сённяшні дзень яшчэ пакуль што дэмакратычныя. У сярэднім пад’есці тут можна ў межах 10-ці рублёў.
У выхадныя дні кафэ амаль ніколі не пустуе — абслугоўванне па калектыўныя заказах. Кліенты па папярэдняй замове збіраюцца на святкаванне юбілеяў, карпаратывы, танцавальна-музыкальныя вечарынкі, банкеты і інш.

Надоечы ў Шуміліне пасля рамонту два тыдні таму пачаў працаваць яшчэ адзін харчовы аб’ект пры дарозе Віцебск- Полацк — кафэ «Караван».

Аднак наведаць яго падчас абеду пакуль не пашанцавала двойчы. На зачыненых дзвярах кожнага разу красавалася шыльдачка «Кафэ закрыта па тэхнічным прычынам да 15.00. Адміністрацыя». А на двары — ні машын, ні людзей.


Падсумоўваючы ўбачанае, варта адзначыць, што паабедаць у спакоўнай абстаноўцы ці падсілкавацца або проста выпіць кавы з булачкай у Шуміліне ўсё ж такі такая магчымасць яшчэ існуе. Аднак шкада толькі, што абедаць даводзіцца дзесьці на задворках. А ў самым цэнтры горпасёлка што рабіць галоднаму? Каля вакзалаў, банкаў і магазінаў харчовыя кропкі пазачыняліся, і арганізатары грамадскага харчавання заняць гэту нішу яўна не спяшаюцца. Уявіце сабе сітуацыю, што ў гэтым выпадку можна параіць заезджаму чалавеку, калі ён цікавіцца ў вас, дзе ў вашым горадзе можна паабедаць? Акрамя прыдарожнага сервісу, пахваліцца няма чым.

Праўда і тое, што ў апошні час сярод шумілінцаў і гасцей жадаючых паабедаць смачна і карысна для здароўя і так няшмат. Бадай што логіка сучасных спажыўцоў за апошнія 10 гадоў змянілася і патрабуюцца новыя падыходы. Да таго ж многае залежыць ад таго, якое месца ў жыцці чалавека займае страваванне, ці хвалюе яго асабістае здароўе.

Тэкст і фота Алеся Шумскага.

Последние новости