shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Общество

01.10.2018 09:58

711 просмотров

0 комментариев

Сёння — новы гучны суд па дзедаўшчыне. Каго судзяць і ў чым вінавацяць

1 кастрычніка Мінскі абласны суд пачне разглядаць справу старшага лейтэнанта Паўла Сукавенкі і прапаршчыка Артура Вірбала. Першы камандаваў ротай, у якой служыў загінулы пінчук Аляксандр Коржыч, другі быў у гэтай роце старшыной.

Увесь суд па «справе Коржыча» у адным тэксце: пытанні без адказаў

Следчы камітэт лічыць, што дзеянні Сукавенкі і Вірбала, хаця і былі злачыннымі, але не сталі прычынай самагубства Коржыча. Іх справа была вылучаная ў асобную вытворчасць і будзе разглядацца асобна ад «справы Коржыча», у разглядзе якой зараз абвешчаны перапынак.

Артур Вірбал і Павел Сукавенка. Фатаграфіі з сацсетак

Хто такія Сукавенка і Вірбал?

Павел Суковенко нарадзіўся 18 сакавіка 1994 года. Свой 24-ы дзень нараджэння старлей сустракаў у СІЗА — ён затрыманы ў сярэдзіне кастрычніка 2017 года.

Сукавенка збіраўся звязаць сваё жыццё з беларускай арміяй. Пагоны старшага лейтэнанта хлопец атрымаў крыху больш за год таму — 27 чэрвеня 2017 года. У гэты час Аляксандр Коржыч ўжо служыў у часці № 43064, у якой старлей камандаваў 3-й ротай.

«Спрабую свае сілы ў такой адказнай справе, як навучанне і выхаванне будучых наводчыкаў гарматы танка. Здаецца, усё атрымліваецца. Ва ўсякім выпадку, нараканняў з боку камандзіраў і начальнікаў не было, — распавядаў Павел (тады яшчэ лейтэнант) карэспандэнту „Белорусской военной газеты“. — Што тычыцца далейшай перспектывы, ёсць імкненне годна прайсці адну за адной службовыя прыступкі для таго, каб потым паступіць на камандна-штабны факультэт акадэміі і дарасці да вялікіх зорак на пагонах. Чаму б і не!..»

Следчы камітэт праверыць паказанні сяржантаў з Печаў пра здзекі ў КДБ

Цяпер Суковенко — грамадзянскі: пасля затрымання яму «прапанавалі» напісаць рапарт. А пасля звальнення яго жонку Маргарыту выселілі з інтэрната для ваеннаслужачых.

«Яго сям’я апынулася выкінутай адусюль. Пасля таго, што адбылося, жонку выселілі з інтэрната. Там яны ўжо паспелі абжыцца, у іх шмат рэчаў было, ― распавядае Еўрарадыё сваячка Сукавенкі. ― Людзі дапамаглі ўсё гэта перавезці да яе бацькоў. А сама Маргарыта цяпер жыве ў Нясвіжскім раёне, у Снове, дзе яе мама працуе настаўніцай».

Па

Артур Вірбал нарадзіўся 19 студзеня 1993 года. Як і Павел Сукавенка, свой апошні дзень нараджэння ён сустракаў у СІЗА. У роце ён адказваў за тое, каб салдаты былі забяспечаныя ўсім неабходным, суправаджаў іх у сталовую, кантраляваў там парадак, удзельнічаў у ранішнім аглядзе.

Прапаршчыка падазравалі ў тым, што ён забраў у Аляксандра Коржыча банкаўскую картку і здымаў з яе грошы ў банкаматах, расплачваўся ў кафэ. Па словах сяброў загінулага салдата, апошняе зняцце з карткі датуецца 26 верасня — днём, калі хлопец знік.

Калі стала вядома пра сувязь Вірбала са «справай Коржыча», мы знайшлі профіль прапаршчыка «ВКонтакте». Нашу ўвагу прыцягнула відэа, размешчанае на старонцы. Лаянка, здзекі, разбітыя аб галаву бутэлькі і «ціпа жартоўная» спроба падпаліць валасы п’янага сябра запальнічкай там — звычайная справа:

Магчыма, і пад уплывам гэтага відэа міністр абароны Андрэй Раўкоў, звяртаючыся да беларускіх вайскоўцам, напiсаў: «Імя прапаршчыка Вірбала стала намінальным, пра яго ведаюць ва ўсім свеце».

У чым абвінавачваюць Сукавенку і Вірбала?

Вайскоўцам выстаўленыя абвінавачанні па частках 1 і 2 артыкула 455 Крымінальнага кодэкса — злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, бяздзейнасць улады і перавышэнне ўлады з прымяненнем гвалту. Першапачаткова крымінальныя справы супраць іх адкрываліся па іншых артыкулах. Сукавенка (і яшчэ адзін афіцэр, Вадзім Чыркоў) да моманту затрымання ў якасці падазраваных праходзілі па частцы 3 артыкула 455, а Вірбал — па артыкуле 209 КК («Махлярства»).

Па дадзеных, якія следства мела ў кастрычніку 2017 года, Суковенко і яго намеснік, ведаючы, што Вірбал карыстаецца банкаўскай карткай, наўмысна бяздзейнічалі з мэтай стварэння бачнасці дабрабыту ў падраздзяленні перад вышэйстаячым камандаваннем. Афіцэры не жадалі прымаць меры па падтрыманні ўнутранага парадку з мэтай мінімізацыі сваёй службовай нагрузкі.

Павел Сукавенка (ў цэнтры) і Артур Вірбал (справа) на сумесным фота.

Акрамя таго, з 26 верасня Аляксандр Коржыч у адпаведнасці з загадам камандзіра вайсковай часці лічыўся прыбыўшым з медыцынскай роты. Аднак з таго часу да моманту, калі салдата знайшлі павешаным ў падвале медсанчасці, пра яго месцазнаходжанне нічога не было вядома. А Сукавенка, паводле інфармацыі СК, наогул не цікавіўся месцам знаходжання радавога.

Чаму Сукавенку і Вірбала судзяць разам?

Сукавенка і Вірбал адказвалі за забеспячэнне рэчамі ваеннаслужачых роты. Пацярпелымі па іх справе праходзяць сяржанты Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч. Усе трое паралельна абвінавачваюцца ў давядзенні Аляксандра Коржыча да самагубства. У сваю чаргу, Павел Сукпвенка і Артур Вірбал праходзяць па «справе Коржыча» сведкамі.

У сваіх паказаньнях сяржанты распавядалі, што рэгулярна перадавалі Сукавенку прадукты, якія за свае грошы куплялі радавыя. Раніцай на стале камандзіра роты павінен быў стаяць кубак кавы. За хібы і непаслухмянасць афіцэр караў іх не па статуце.

«Мы атрымлівалі больш, чым салдаты», — заявіў на судзе Яўген Бараноўскі.

Артур Вірбал. Фотаздымкі з сацсетак

Ягор Скуратовіч распавядаў, што ротны кожны месяц выдаваў на 1 рубель менш заробку, чым належыла. Таксама Сукавенка запатрабаваў у Скуратовіча набыць новую танкавую форму ў абмен на канфіскаваны ў яго нестатутны тэлефон.

Ад некалькіх сяржантаў мы чулі, што Артур Вірбал не выдаваў ім новыя берцы. Абутак даводзілася купляць — менавіта на гэта сыходзілі грошы, якія сяржанты атрымлівалі ад радавых за карыстанне смартфонамі. Бараноўскі расказаў, як з капцёркі, у якой размяшчалася працоўнае месца прапаршчыка Вірбала, у яго двойчы знікаў бушлат. Старшына, вядома, нічога пра гэта не ведаў.

https://euroradio.fm/zautra-novy-guchny-sud-pa-dzedaushchyne-kago-sudzyac-i-u-chym-vinavacyac

Последние новости